Нават у навагодняй мітусні яна знаходзіць час для любімых спраў — пляце з ратангу, працуе з эпаксіднай смалой і прадумвае арыгінальныя дэсерты да святочнага стала. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Палітра захапленняў

— Мой адпачынак — гэта не пра канапу з тэлефонам у руках ці каля тэлевізара. Калі саджуся плесці кашпо, нібы страчваю адчуванне часу. Гэта амаль медытацыя. Якім бы мітуслівым ні быў дзень, увечары паглыбляюся ў любімую справу, і ўсе клопаты адыходзяць на другі план. Сыны, як убачаць мяне з ратангам у руках, заўсёды жартуюць: “На некалькі гадзін маму мы страцілі”. І гэта сапраўды так. (Усміхаецца.) Пакуль не скончу працу над вырабам, за іншыя справы не бяруся, — расказвае Анастасія Раецкая.
Такога прынцыпу загадчыца прытрымліваецца і ў прафесіі. Прывыкла ўсе пачынанні даводзіць да лагічнага завяршэння і, нават дэлегуючы паўнамоцтвы, не можа заставацца ўбаку.
— У падрыхтоўцы дзіцячага сада да навагодніх свят не магу быць проста назіральнікам. Разам з калегамі прыдумалі цікавую ідэю афармлення ёлачкі ў рэкрэацыі, і для ажыццяўлення задуманага асобныя элементы дэкору майстравала некалькі вечароў сваімі рукамі, — адзначае суразмоўніца.
Кожны “паверх” такой ёлачкі аформлены як сцэна гарадскога жыцця, зразумела, у святочнай тэматыцы — з агеньчыкамі і казачнымі персанажамі. Многія элементы створаны рукамі членаў калектыву. Арыгінальны каток з эпаксіднай смалы і фігуркі дзяцей на ім — аўтарства кіраўніка дашкольнай установы.
З пачатку снежня радуе ўсіх і зроблены рукамі Анастасіі Валяр’янаўны дэкор каля ўвахода ў дзіцячы сад — снегавікі з ратангу.
— Сплесці шар з гнуткага матэрыялу аказалася куды складаней, чым кашпо, але дзякуючы гэтаму і зрабіла крок наперад у сваім майстэрстве, — з усмешкай дадае педагог.
Яна шчыра не разумее, як чалавек можа жыць без захапленняў, і на мноства сваіх творчых інтарэсаў знаходзіць час, нягледзячы на занятасць як кіраўніка.
— З дзяцінства прывыкла пастаянна быць пры справе. З малых гадоў дапамагала па гаспадарцы. Даводзілася спраўляцца з працай, якую сёння прынята лічыць зусім не дзіцячай. Калі жыццёвыя акалічнасці кажуць “трэба”, мусіш рабіць. Да таго ж рытм нон-стоп — звычка, якая мне па душы, падыходзіць майму тэмпераменту, — працягвае Анастасія Раецкая.
Прызнаецца, што стараецца не нагружаць сябе лішнім. Але і такое “не лішняе” ў яе жыцці пад сілу не кожнаму. Наша гераіня — яркі прыклад гаспадарніка ў шырокім сэнсе гэтага слова. Штодзень яна спяшаецца на работу з найбліжэйшай вёскі і ад усіх пераваг уласнай гаспадаркі адмаўляцца не імкнецца.
Раніца загадчыцы гарадскога дзіцячага сада пачынаецца з задачы накарміць курэй і свіней. Днём Анастасія Раецкая вырашае нямала пытанняў як кіраўнік і асабліва шануе тыя вечары, у якія здараецца заняцца творчасцю.
— Бывае, знаёмыя наракаюць, што мы жывём у няпросты час, калі нават за патокам інфармацыі не паспець. А я не прывыкла скардзіцца на час. Цудоўны ён! Ці маглі ўявіць нашы бацькі, што навучыцца амаль любому майстэрству і творчасці можна, прагледзеўшы некалькі ролікаў у інтэрнэце? Сёння гэта магчыма, і важна актыўна карыстацца такой перавагай, — заўважае суразмоўніца.
Не проста выраб

Па роліках у інтэрнэце яна вучылася і кандытарскаму майстэрству. У госці да сяброў і блізкіх часта прыходзіць са сваім тортам ці пірожнымі, дзе спалучэнне прыгажосці і смаку — на вышыні. Увогуле, торт для Анастасіі Валяр’янаўны — гэта не проста дэсерт. Гэта гісторыя ў прыдатным для харчавання выглядзе. Такое хобі навучыла педагога цярпенню (торт не зробіш за 5 мінут), уважлівасці да дэталей. А лепшай узнагародай заўсёды быў не столькі ідэальны зрэз, колькі ўсмешка і шчырае здзіўленне чалавека, які атрымлівае салодкі сюрпрыз.
— Падарункі родным і блізкім таксама часта ствараю сама. Для мамы ў мінулым годзе зрабіла насценны гадзіннік з эпаксіднай смалы. Пасля гэтага стамілася адказваць на пытанне, ці ўсё ў ім маіх рук справа. (Усміхаецца.) Цяпер на чарзе аналагічны карысны элемент дэкору і для рабочага кабінета, — гаворыць Анастасія Валяр’янаўна.
У рабоце з эпаксіднай смалой яна бачыць чараўніцтва, калі празрыстыя, нічым не прыкметныя вадкасці ператвараюцца ў бліскучую роўнядзь палатна.
Гадзінамі можа размешваць зыходны матэрыял і назіраць, як з мутнага ён ператвараецца ў ідэальна празрысты.
— З гэтага матэрыялу раблю сувеніры, блакноты… У кожным — мая цеплыня, — працягвае кіраўнік установы дашкольнай адукацыі.
Галоўную ёлку ў дзіцячым садзе № 3 Навагрудка, зразумела, упрыгожылі і зробленыя яе рукамі цацкі з эпаксіднай смалы. Высока ацанілі такую работу і дзеці, і калегі. Анастасія Валяр’янаўна нават плануе арганізаваць для іх тэматычны майстар-клас.
— Часта пытаюцца: “Чаму ты не прадаеш свае работы? Яны такія прыгожыя!” Але захапленні — гэта мой астравок свабоды. Тут няма месца для слова “трэба”, ёсць слова “хачу”. Я не ствараю проста выраб, я ствараю ўтульнасць, спакой і маленькія гісторыі, — тлумачыць суразмоўніца.
Натхняць іншых

Яе вопыт работы ў дашкольнай педагогіцы — больш за 15 гадоў. Як выхавальнік заўсёды старалася зацікавіць творчасцю дзяцей. Успамінае, як з малымі са старшай групы якраз у творчым напрамку займаліся праектнай дзейнасцю. Рабілі фігуркі з мыла, тым самым знаёміліся з незвычайнымі ўласцівасцямі звычнага матэрыялу. Гэтым цікавым вопытам Анастасія Раецкая нават дзялілася з калегамі на старонках “Настаўніцкай газеты”.
Шыць, вязаць і вышываць крыжыкам — таксама пра яе. Педагог упэўнена, што кропку ў пералічэнні сваіх захапленняў ніколі не паставіць.
— Вельмі спадабалася ідэя стварэння тапіярыяў — скульптур са штучнай травы ці жывых раслін, якія выкарыстоўваюцца для ўпрыгожвання паркаў, садоў.
Абдумваю, як зрабіць скульптуру, напрыклад, зялёнага аленя для добраўпарадкавання тэрыторыі дзіцячага сада. Для пачатку трэба з пенапласту стварыць аснову будучай скульптуры. Далей — справа за малым. Засталося знайсці памочніка ў вырабе каркаса, — дзеліцца творчымі планамі Анастасія Раецкая.
Узначальвае калектыў дзіцячага сада № 3 яна менш за паўгода, але ў кожным кутку ўстановы чытаецца творчы почырк кіраўніка. Гэта і элементы святочнага дэкору, і ратангавыя кашпо для кветак… Гісторыя Анастасіі Раецкай — не проста прыклад захопленага чалавека. Яна натхняе іншых і даказвае, што занятасць не перашкода для самаразвіцця і творчасці.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара








