Падтрымка, давер і ўзаемная павага — на гэтым будуе сваю работу з навучэнцамі і бацькамі класны кіраўнік 8 “А” класа гімназіі № 3 Салігорска Вікторыя Зялінская. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Зразумець кожнае дзіця
Клас, якім кіруе педагог, — ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Вікторыя Уладзіміраўна не проста так узяла на сябе гэтую ролю: да таго як прыйсці працаваць у сістэму адукацыі, яна, настаўніца гісторыі, некалькі гадоў служыла ва Узброеных Сілах.
— Я добра разумею, што значыць быць абаронцам Айчыны, — дзеліцца педагог. — Сёння як кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гэты вопыт перадаю вучням, паказваючы на ўласным прыкладзе, наколькі важна быць не толькі адукаваным, але і моцным духам, адказным і адданым сваёй справе чалавекам.

Навучэнцы Вікторыі Зялінскай — гэта калектыў, у якім пануе атмасфера павагі і падтрымкі. Настаўніца імкнецца выхаваць у дзецях чуласць, спагадлівасць і любоў да Радзімы.
— Выхаванне будучага пакалення — вельмі адказная і значная праца, дзе галоўная мэта — выгадаваць шчырых грамадзян сваёй краіны, — дадае Вікторыя Уладзіміраўна.
Тое, што педагог — кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, дазваляе ёй інтэграваць у вучэбны працэс тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, неабходныя для фарміравання будучых абаронцаў.
— Кожны вучань — гэта асоба са сваімі перажываннямі, сваім характарам, — зазначае класны кіраўнік. — Мне важна не толькі навучыць, але і зразумець кожнае дзіця.
Пад кіраўніцтвам Вікторыі Зялінскай у гімназіі паспяхова функцыянуе ваенна-патрыятычны клуб “Арлы”, створаны пры падтрымцы Салігорскага РАУС. Педагог расказвае, што клуб аб’яднаў 15 гімназістаў, якія ў далейшым хочуць служыць Радзіме.
— Выхаванцы клуба неаднаразова даказвалі сваё першынство ў горадзе і раёне, дэманструючы фізічную падрыхтоўку, а таксама сілу духу, упартасць і камандную работу, — адзначае Вікторыя Уладзіміраўна.
Мудры ўрок…
Класнае кіраўніцтва — важная частка педагагічнай дзейнасці Вікторыі Зялінскай. Настаўніца ўпэўнена: яе задача — стварыць у класе атмасферу, якая дапаможа дзецям раскрыць таленты, здольнасці і будзе спрыяць сяброўству паміж імі.
— Заўсёды нагадваю вучням, што мы разам можам пераадолець любыя цяжкасці, — акцэнтуе ўвагу класны кіраўнік.
Неад’емная частка выхавання — узаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў. З імі педагог заўсёды на сувязі. Па словах Вікторыі Уладзіміраўны, падтрымка і дапамога сям’і — гэта каштоўны рэсурс, які дазваляе стварыць адзіную прастору для развіцця і станаўлення вучня.
Калі паміж васьмікласнікамі ўзнікаюць спрэчныя моманты, класны кіраўнік звяртаецца да адкрытага дыялогу.
— Падлеткавы ўзрост — гэта час бурных эмоцый і непазбежных рознагалоссяў, — разважае настаўніца. — Мой 8 “А” не выключэнне. Але ў нас спрэчныя і канфліктныя сітуацыі вырашаюцца не шляхам абвінавачванняў і пакаранняў, а ў фармаце адкрытага дыялогу.
Вікторыя Уладзіміраўна прытрымліваецца мудрай пазіцыі: у любым канфлікце вінаватыя два бакі. Такі падыход накіроўвае энергію гімназістаў на канструктыўнае вырашэнне праблемы. Так, не заўсёды лёгка прыйсці да агульнага меркавання, але, калі навучэнцы пачынаюць размаўляць, а класны кіраўнік у гэты момант побач, выхад знаходзіцца.
— Тыя, хто больш за ўсё сварыцца, часта становяцца самымі лепшымі сябрамі, — дзеліцца назіраннямі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. — Галоўнае — не даць ім закрыцца ў сабе, дзейнічаць аператыўна і накіроўваць іх энергію ў пазітыўнае рэчышча.
Работа з падлеткамі, якія парушаюць дысцыпліну, таксама будуецца на глыбокім разуменні прычын. Вікторыя Уладзіміраўна заўсёды імкнецца вырашыць праблему адразу і перш за ўсё высвятляе падставы для такіх паводзін. Педагог пераканана: непаслушэнства часта з’яўляецца толькі вяршыняй айсберга, своеасаблівым пратэстам, за якім хаваюцца больш глыбокія ўнутраныя канфлікты. Задача класнага кіраўніка — знайсці першапрычыну і дапамагчы вучню справіцца з ёй. Толькі пасля гэтага варта разбірацца з дысцыплінарнымі пытаннямі.
…і ўрок гісторыі
Зрабіць школьнае жыццё больш яркім, насычаным на эмоцыі 8 “А” класу дапамагаюць традыцыі. Вікторыя Зялінская расказала, што больш за ўсё вучні любяць 23 лютага і 8 Сакавіка.
— У гэтыя дні дзяўчынкі з энтузіязмам рыхтуюць падарункі для хлопчыкаў, а тыя, у сваю чаргу, імкнуцца парадаваць сваіх аднакласніц, — прыводзіць прыклад педагог. — Падарункі, зробленыя сваімі рукамі, створаныя з душой, не толькі збліжаюць, але і дапамагаюць дзецям пераадолець сарамлівасць.
Вікторыя Уладзіміраўна заўсёды падтрымлівае ініцыятывы навучэнцаў, падказвае, дапамагае і гэтым дае зразумець, што на яе як на класнага кіраўніка можна разлічваць у любы момант. Яшчэ адна важная традыцыя — паездкі па гістарычных мясцінах. Педагог імкнецца паказаць вучням прыгажосць і багацце роднай Беларусі, а кожнае новае падарожжа становіцца сапраўдным урокам гісторыі і краязнаўства, пашырае кругагляд дзяцей і прывівае любоў да сваёй краіны.
Што значыць для Вікторыі Уладзіміраўны быць класным кіраўніком?
— Гэта, безумоўна, нялёгкая праца, — прызнаецца настаўніца. — Такая роля патрабуе вялікага цярпення, мудрасці і любові. Я цалкам згодна са словамі выбітнага педагога і псіхолага Шалвы Аманашвілі, які гаварыў, што трэба бачыць сябе ў дзецях, каб дапамагчы ім стаць дарослымі, трэба прымаць іх як паўтарэнне свайго дзяцінства, каб удасканальвацца самому, трэба, нарэшце, жыць жыццём дзяцей, каб быць гуманным педагогам.
Мая суразмоўніца пераканана, што класнае кіраўніцтва — не абавязак, а стыль жыцця:
— Поспех у класным кіраўніцтве магчымы толькі пры шчырай любові да дзяцей. Праца робіць мяне сапраўдным настаўнікам і сябрам для навучэнцаў. Менавіта дзякуючы гэтаму мой клас становіцца не проста школьным калектывам, а сям’ёй, дзе кожны адчувае сябе прынятым і пачутым.
Тым, як педагог будуе работу з навучэнцамі, ганарыцца дырэктар гімназіі № 3 Салігорска Марына Козіч:
— Наша Вікторыя Уладзіміраўна — Настаўнік з вялікай літара. Яе праца — гэта бясцэнны ўклад у фарміраванне новага пакалення, якое любіць сваю краіну і гатова да любых выклікаў.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





