Настаўнікі, лагапеды, перакладчыкі, маркетолагі… 67 выпускнікоў Марыі Боган звязалі жыццё з замежнай мовай

- 9:00Главная, Образование

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Іўя Марыя Боган 46-­ы год аддана ўкладвае веды і душу ў сваіх навучэнцаў. За гэты час многія выпускнікі пайшлі па слядах любімага педагога. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Марыя Браніславаўна нарадзілася на Стаўбцоўшчыне. Яна была старэйшай з пяцярых дзяцей, і бацькі хацелі, каб дачка атрымала прафесію швачкі. Аднак будучы педагог аказалася настойлівай і не збочыла з вызначанага шляху.

— На мой выбар паўплываў выкладчык нямецкай мовы Сцяпан Вікенцьевіч Цітовіч, — разважае Марыя Боган. — Менавіта ён стаў для мяне прыкладам прафесіянала і сапраўднага педагога. Нягле­дзячы на ўсе цяжкасці, я паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў на спецыяльнасць “Настаўнік нямецкай і англійскай моў”.

Маладога спецыяліста накіравалі ў не знаёмы ёй Іўеўскі раён. У Баранавіцкай вась­мігадовай школе Марыя Браніславаўна адпрацавала тры гады, там жа сустрэла будучага мужа — настаўніка беларускай мовы і літаратуры:

— Так і пусціла карані. У 1983 го­дзе перайшла ў Іўеўскую сярэднюю школу, якая размяшчалася ў цяперашнім будынку гімназіі. Памятаю часы, калі класы былі па 44—46 чалавек, не хапала нават радкоў у журнале, і не практыкавалася ніякага дзялення на падгрупы. Пасля 14 навучэнцаў у сельскай школе, вядома, быў шок. Але паступова я адаптавалася. Вялікую ролю ў маім станаўленні як настаўніка адыграла былы дырэктар Тамара Пятроўна Соя. Яе педагагічны талент і мудрае кіраўніцтва дапамаглі мне адбыцца ў прафесіі. Потым школа пераехала па новым адрасе, а пяць гадоў назад я вярнулася ў першапачатковы будынак, але ўжо ў новую навучальную ўстанову — гімназію Іўя.

Суразмоўніца адзначае, што імклівы тэхналагічны прагрэс уплывае ў тым ліку і на мову. Гэта стымулюе ісці ў нагу з часам, сачыць за абнаўленнямі на рынку літаратуры.

— Дапаможнікі, з якімі я працавала 30 гадоў назад, даўно састарэлі. Разумею, што калі адстану ад навучэнцаў, то цікавасць да прадмета яны страцяць. Таму даводзіцца ўвесь час трымаць сябе ў тонусе. Работа па неактуальных методыках не прыносіць задавальнення ні педагогу, ні навучэнцам. І пры гэтым можна за­быць пра высокія балы пры паступленні, — расказвае Марыя Боган. — Абменьваемся рэкамендацыямі з іншымі настаўнікамі краіны. У нас ёсць чат, дзе мы дзелімся сваім вопытам — нават праз столькі гадоў працы не перастаю чэрпаць для сябе цікавую інфармацыю.

Па словах настаўніцы, не трэба забы­ваць і пра захапленні сучасных дзяцей:

— Знаёмлюся з новымі мультыплікацыйнымі героямі. Уключаю іх у гульнявы фармат на занятках з малодшымі вучнямі — так ім лягчэй данесці інфармацыю і прывіць цікавасць да мовы. Для трэцякласнікаў праводжу мноства гульняў з літарамі ці лялькамі. Складаем казкі: дзеяслоў to be становіцца татам, а am, is, are — яго дзецьмі. У мінулым часе нашы героі мяняюцца і становяцца дзядулем з унукамі. Абапіраючыся на такі асацыятыўны ланцужок, навучэнцы лёгка ўсё запамінаюць. Неабходна толькі прапанаваць школьнікам прамую паралель з вядомымі словамі, правесці лагічную сувязь.

Чаму душа ў настаўніка заўсёды маладая? Таму што на ўроках ён быццам пераносіцца ў дзяцінства, ставіць сябе на месца вучняў.

За час работы Марыя Браніславаўна паспрабавала ўсё: ад чарнільных ручак і бабінных магнітафонаў да сучасных інтэрактыўных дошак. І ўсё ж лічыць, што найвышэйшы прафесіяналізм педагога — гэта ўменне абыходзіцца дошкай і крэйдай:

— З малодшымі школьнікамі выдатна працуе методыка супрацоўніцтва. Далучаю іх да сумеснай працы і творчага ўзаема­дзеяння. Уключаю ў работу ролевыя і інтэрактыўныя гульні. У старшых класах раблю ўпор на інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, квесты. Развіваю ў навучэнцаў лагічнае і крытычнае мысленне. Удзельнічаем з імі ў праектнай дзейнасці і алімпіядным руху.

Сістэма навучання Марыі Браніславаўны штогод дае плён. Так, сярэдні бал яе выпускнікоў, якія здавалі англійскую мову ў 2024/2025 навучальным годзе, склаў 77,5.

— Ганаруся, што 67 маіх выпускнікоў звязалі жыццё з замежнай мовай. Сярод іх ёсць і настаўнікі, і лагапеды, і перакладчыкі, і маркетолагі, і праграмісты. Доўгі час працавала поруч з маімі былымі навучэнкамі Ірынай Задарожынай і Палінай Міхалевіч — цяперашнімі настаўніцамі Іўеўскай сярэдняй школы. Некаторыя, ведаю, выкладаюць у Лідзе, Гродне. Прыемна бачыць сваіх выпускнікоў у ліку ўдзельнікаў конкурсу “Настаўнік года”, педагогаў, якія рыхтуюць навучэнцаў да алімпіяд і навуковых канферэнцый, — зазначае М.Боган.

Яна выхавала не адно пакаленне школьнікаў. Многія выпускнікі імкнуцца аддаць сваіх дзяцей і ўнукаў пад шэфства Марыі Браніславаўны. Суразмоўніца жартуе, што сёлета яна зноў стала бабуляй — адразу для 21 унука і ўнучкі:

— Так нарадзіўся класны кіраўнік 5 “А”. Штораз знаёмства з новым класам пачынаю з наладжвання кантакту з бацькамі. Супрацоўніцтва і давер з іх боку аказваюць станоўчы ўплыў на адукацыйны працэс. Заўсёды прыемна бачыць, як мамы і таты падтрымліваюць ініцыятывы дзяцей, дапамагаюць ім быць першымі і лепшымі.

Педагог падкрэслівае, што сучасныя дзеці гатовы ісці за настаўнікам і зацікаўлены ў набыцці новых ведаў.

— Вядома, яны іншыя, але нельга параўноўваць пакаленні па крытэрыі “горш/лепш”. Школьнікі заўсёды былі і будуць дапытлівымі. Яны з цікавасцю ставяцца да вучобы, калі знайсці да іх правільны падыход. Дзякуючы свайму вопыту, знаёмячыся з класам, адразу заўважаю, хто да чаго імкнецца, бачу здольнасці дзяцей. У мінулым навучальным годзе пяць навучэнцаў з цяперашняга класа занялі 1-я месцы ў рэспубліцы ў конкурсе “Лінгвісцяня”. А за такімі здольнымі дзеткамі падцягваюцца і менш матываваныя навучэнцы, — упэўнена Марыя Боган.

Важнае месца ў класным кіраўніцтве і адукацыйным працэсе настаўніца адво­дзіць патрыятычнаму і маральнаму выхаванню. Школьнікі наведваюць віртуальныя і вочныя экскурсіі, тэатральныя пастаноўкі, падарожнічаюць па гістарычных мясцінах. Дарэчы, вучаніцай Марыі Браніславаўны ў свой час была цяперашні дырэктар гімназіі Людміла Станіславаўна Бакун.

— Яна старанна вучылася, таму і сёння з лёгкасцю дасягае пастаўленых мэт. Я расла з ёй як настаўнік і класны кіраўнік і працягваю ўдасканальвацца пад яе чулым кіраўніцтвам, — адзначае суразмоўніца.

Важны кірунак дзейнасці Марыі Браніславаўны — настаўніцтва над маладымі спецыялістамі. Яна дапамагла асвоіцца ў прафесіі 23 педагогам.

— Сёлета таксама курырую маладога калегу. У мінулым дапамагала свайму выпускніку, у якога была класным кіраўніком, таму наша супрацоўніцтва атрымалася ўдвая плённым. Наведваю першыя ўрокі педагогаў, даю ім парады. Часам у вачах настаўніка не бачу зацікаўленасці, тады задаю яму пытанне: “Пастаў сябе на месца навучэнца — ці было б табе цікава на такім уроку?” Пераконваю маладых педагогаў у тым, што яны здольныя на большае, прымушаю паверыць у сябе. І наступным разам пануе ўжо зусім іншая атмасфера: бачу настаўніцкую цікавасць, а вочы дзяцей зноў гараць.

Сваім навучэнцам я дапамагла выбраць дарогу ў жыцці, а маладым спецыялістам — стаць сапраўднымі педагогамі. Рада, што многія з іх застаюцца вернымі свайму выбару.

Самае галоўнае — атрымліваць задавальненне ад працы. Калі б мне зноў давялося выбіраць прафесію, то я ніколі не здрадзіла б сваім марам. Гэтаму стараюся навучыць і маладых спецыялістаў, — падсумоўвае Марыя Боган.

***

Парады маладым педагогам

  1. Трымайце дыстанцыю з навучэнцамі, але не будуйце бар’ера паміж імі і вамі. Знайдзіце залатую сярэдзіну, каб убачыць у вачах дзяцей іскрынку і не пату­шыць яе.
  2. Будзьце справядлівымі ў адносінах да дзяцей. Патрабуйце, але не прымушайце, улічвайце магчымасці кожнага вучня. Трымайце высокую планку, але не рабіце яе непераадольнай.
  3. Любіце тое, што робіце. І тады вы рэалізуецеся як прафесіянал.

Ульяна КАСЦЮНІНА
Фота аўтара