Якім бачаць горад будучыні юныя інжынеры, расказвае настаўнік­-метадыст Глыбоцкай раённай гімназіі Лідзія Раманчук

- 9:05Главная, Образование

Лідзія Раманчук з 1989 года нязменна ўзначальвае раённае і з моманту стварэння абласное метадычныя аб’яднанні настаўнікаў інфарматыкі. Творчая група глыбачан, што згуртавалася вакол гэтага педагога, цесна супрацоўнічае з ВАІРА, Акадэміяй адукацыі, НАН Беларусі, Паркам высокіх тэхналогій, Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам. Вучні настаўніцы на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў з зайздросным пастаянствам уваходзяць у лік пераможцаў абласных і рэспубліканскіх конкурсных мерапрыемстваў, звязаных з інфарматыкай і робататэхнікай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Лідзія Анатольеўна, наколькі змянілася выкладанне інфарматыкі з моманту, калі вы пачалі педагагічную дзейнасць?

— Вучэбны прадмет “Асновы інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі” ўвялі ў школах з 1 верасня 1985 года. Прыкладна ў гэты ж час я вярнулася на Глыбоччыну, сваю малую радзіму, пасля заканчэння інстытута ў Даўгаўпілсе. Запыт на настаўнікаў інфарматыкі быў вельмі высокі. Дастаткова нетыповае для майго інстытуцкага выпуску размеркаванне ў беларускую глыбінку тлумачыцца проста: выйшла замуж і паехала ўслед за мужам, па яго месцы работы. Тады ў сістэму адукацыі ўваходзіла сетка раённых вучэбна-вытворчых камбінатаў, дзе школьнікі без адрыву ад вучобы асвойвалі запатрабаваныя прафесіі. Вучыліся хто на трактарыста (папулярны напрамак, бо з перспектывай атрымаць вадзіцельскае пасведчанне), хто на швачку, хто на прадаўца — пералік па раёнах адрозніваўся ў адпаведнасці з мясцовай спецыфікай. У нашых школьнікаў была магчымасць авалодаць ЭВМ. Па праўдзе кажучы, пачыналі мы з калькулятараў, бо іншага абсталявання ў маім кабінеце інфарматыкі на базе камбіната тады не было. Пазней паставілі электронна-вылічальныя машыны — так у маю прафесійную практыку ўвайшлі камп’ютары. Складана паверыць, што некалі мы зусім без іх жылі, праўда? Пра сусветную інфармацыйную сетку ўвогуле маглі хіба ў фантастыцы пачытаць. Аднак прагрэс увесь час паскараецца. У 1990-х са з’яўленнем першых браўзераў, распрацоўкай вэб-тэхналогій інтэрнэт стаў рэальнасцю. Іншымі словамі, некалі ВАSІС нам здаваўся захапляльна складаным, цяпер жа ў гімназіі ўсе камп’ютарныя мышы — паліглоты, якім знаёмы па некалькі моў праграмавання.

З 2015 года вяду аўтарскі настаўніцкі блог. Педагог па азначэнні павінен весці дзяцей за сабой. Таму неабходна бесперапынна вучыцца, быць не толькі ў курсе навацый, але ў пэўнай меры іх стваральнікам. У гэтым рытме і жыву.

— А чым захапляюцца сённяшнія вучні? Вырашэнне якіх адукацыйных праблем вам бачыцца прыярытэтным?

— Чаму навучэнцам складана прымяняць міждысцыплінарныя веды на практыцы і ўстанаўліваць сувязь паміж тэарэтычным матэрыялам і рэальным жыццём? Як дапамагчы дзецям убачыць практычнае прымяненне тэксту параграфа? Для пошуку адказаў на гэтыя і іншыя пытанні наш калектыў уключыўся ў абласны праект “Стварэнне і развіццё школьнай STEM-лабараторыі”. У творчую групу педагогаў увайшлі настаўнікі біялогіі, фізікі, працоўнага навучання, чарчэння, інфарматыкі, мастацтва, беларускай і рускай моў і літаратур, англійскай мовы. Над праектамі мы працуем з навучэнцамі 5—11 класаў. Наша лабараторыя — гэта спецыяльна абсталяваная міжпрадметная прастора, дзе дакладныя навукі інтэгруюцца з гуманітарнымі, тэорыя — з практыкай, а ідэі — з іх увасабленнем. Раскажу коратка толькі пра некалькі праектаў.

“Знікаючая прыгажосць Глыбоцкага раёна” — сінтэз біялогіі, экалогіі, інфарматыкі і лінгвістыкі. Дзеці не проста вывучылі 21 чырванакніжную расліну, а распрацавалі для турыстаў інтэрактыўную карту Глыбоцкага раёна на роднай і англійскай мовах.

Праект “Міні-Беларусь” нацэлены на стварэнне макетаў архітэктурных славутасцей краіны, тут аб’яднаны элементы гісторыі, сучасных тэхналогій і мастацкага майстэрства. Нясвіжскі замак, напрыклад, вучням цікава ўбачыць у падручніку або на экскурсіі, аднак яшчэ цікавей сабраць яго ўласнаручна.

Наш кулінарны клуб “Смак” здзейсніў своеасаблівую тэхналагічную рэвалюцыю. Дзеці спраектавалі і надрукавалі на 3D-прынтары ўнікальныя формы для пернікаў з лагатыпам гімназіі. Атрымаўся фірменны прадукт — печыва, народжанае на стыку фізікі, інфарматыкі і працоўнага навучання.

Праект “Батлейка” прысвечаны адраджэнню традыцыйнай беларускай народнай лялечнай тэатралізаванай гульні, праект “Інжынеры будучыні, або Фізіка ў цацках” прываблівае школьнікаў да вывучэння прыродазнаўчых навук, даследавання навакольнага свету праз распрацоўку 3D-мадэлей і канструяванне цацак, якія дэманструюць фізічныя з’явы. Таксама мы ўдзельнічаем у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне ма­дэлі фарміравання крэатыўнага мыслення малодшых школьнікаў у кантэксце фарміравання функцыянальнай дасведча­насці”.

— Летась па ўсёй Беларусі выпусціліся першыя інжынерныя класы. Куды паступілі вашы выпускнікі?

— Усе 15 гімназістаў выбралі профільныя інжынерныя спецыяльнасці. Сталі студэнтамі пераважна БНТУ і БДУІР, у тым ліку з рэкамендацыяй наглядальнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Зараз у 10 і 11 класах інжынернай накіраванасці займаюцца 22 навучэнцы. На базе гімназіі дзейнічае раённы інжынерна-тэхнічны цэнтр. У нас назапашаны эфектыўны вопыт, актыўна прымяняем яго і распаўсюджваем, дзелімся напрацоўкамі з калегамі.

Што да новых міждысцыплінарных праектаў з будучымі інжынерамі, то варта вылучыць “Тэхнаград: архітэктары будучыні”, які аб’яднаў інфарматыку, фізіку, чарчэнне і працоўнае навучанне. Навучэнцы змадэлявалі ў спецыяльных праграмах разумны горад з энергаэфектыўнымі дамамі, шэрагам адметных аб’ектаў (ад эказаапарку да касмічнай лабараторыі і завода па вырошчванні крышталёў), аўтаматызаванай транспартнай сістэмай, экалагічнымі крыніцамі энергіі. Яны не толькі распрацавалі лічбавыя 3D-мадэлі і чарцяжы, але і стварылі фізічныя макеты, разлічылі аптымальныя інжынерныя рашэнні для асвятлення і энергазабеспячэння, запраграмавалі элементы разумнай інфраструктуры. Каб абараніць падобны праект, вучні павінны даследа­ваць велізарныя аб’ёмы інфармацыі, выб­раць патрэбнае, коратка і зразумела занатаваць для наступных прэзентацый. Здаецца, ёсць штучны інтэлект: запыт — раз, і ўсё гатова. Але ж не, дзеці звяртаюцца да педагогаў. Адзін настаўнік інфарматыкі тут мала што зробіць: кансультуюць фактычна ўсе прадметнікі.

— У снежні на XV Рэспубліканскім калядным фестывалі педагагічнага майстэрства вы прадставілі майстар-класы “Вучымся разам: інфарматыка, біямедыцына і школьная адукацыя”. Адкуль такая ўвага да медыцыны?

— Вельмі надзённая тэма і блізкая мне. Я валанцёр Беларускага Чырвонага Крыжа з салідным стажам. Дарэчы, прыемна сказаць: мяне прызнавалі валанцёрам года па выніках абласнога конкурсу, а мае вучні перамагалі на рэспубліканскіх конкурсах, ініцыіраваных Чырвоным Крыжам.

Але вернемся да прадметнай інтэграцыі з медыцынай на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі: дзецям гэта карысна і цікава.

У STEM-лабараторыі з падачы навучэнцаў мы запусцілі праект пад інтрыгуючай назвай “Урокі доктара Хауса, або Эндакрынныя захворванні ў люстэрку літаратуры і мастацтва”.

Гімназісты даследавалі, як эндакрынныя захворванні адлюстроўваліся ў мастац­тве, і паспрабавалі паставіць дыягназы вядомым фальклорным і літаратурным персанажам, вобразам з партрэтаў. Аказалася, што ў Бабы Ягі, магчыма, акрамегалія (хранічнае захворванне эндакрыннай сістэмы), у Карлсана — пераддыябет, а загадкавая ўсмешка Джаконды — гэта, з навуковага пункту гледжання, класічныя прыкметы гіпатэрыёзу (дэфіцыту тырэоідных гармонаў у арганізме). На маю думку, праект — выдатны прыклад спалучэння некалькіх прадметных напрамкаў у адну захапляльную інтэрактыўную гульню.

— Падзеліцеся сваімі планамі?

— Удзельнічаем у акцыі “Ад усёй душы”, дапамагаем людзям пажылога ўзросту, чысцім снег, падрыхтаваліся да сустрэчы з моцнымі маразамі, ад якіх паспелі крыху адвыкнуць. Прафесійныя планы, што ў нагрузку да маёй педагагічнай дзейнас­ці ў гімназіі, звязаны з графікам работы інжынерна-тэхнічнага цэнтра і метадычных аб’яднанняў. Плюс супрацоўніцтва з ВАІРА і Акадэміяй адукацыі. Чарговы раз з некалькімі праектамі прайшлі ў абласны фінал конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, рыхтуемся да ўдзелу. У планах — рэалізацыя маштабнага праекта “Ажыўшыя вядомыя асобы нашага рэгіёна”. Як вам такое: з дапамогай АI-тэхналогій і 3D-мадэлявання гістарычныя персоны раскажуць пра сябе на некалькіх мовах? Гісторыя, інфарматыка, біялогія, фізіка, працоўнае навучанне, мовы, мастацтва — зноў у адной камандзе.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота з архіва суразмоўніцы