Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Докшыц імя Героя Савецкага Саюза І.С.Палявога Валянціна Арцімёнак пераканана, што кожны навучэнец — унікальная асоба са сваімі здольнасцямі, інтарэсамі, патэнцыялам, якія неабходна развіваць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Разам з дзецьмі
Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як педагог працуе ў 1-й школе.
— Прафесія настаўніка — мая спраўджаная мара дзяцінства, — расказвае Валянціна Іванаўна. — Першая настаўніца Таісія Аляксандраўна Вішнеўская была для мяне эталонам жаноцкасці, інтэлігентнасці і пяшчоты. Яна дарыла нам цяпло, дапамагала пераадольваць цяжкасці. Калі мы нешта не разумелі, заўсёды тлумачыла цярпліва і добразычліва, падтрымлівала, натхняла на новыя адкрыцці. Для мяне яна была прыкладам, вечным рухавіком, чалавекам з пастаянна добрым настроем і гнуткім мысленнем. Як шчыра яна нас любіла! Таісія Аляксандраўна прывіла гэтую асаблівую любоў, якая стала асноўным вектарам выбару прафесіі.

Люблю глядзець, як вучні з першых школьных дзён набываюць вучнёўскі вопыт, як вучацца пазнаваць навакольны свет, раскрываць свае здольнасці, як фарміруецца і развіваецца калектыў, у якім яны растуць, як бацькі разам са сваімі дзецьмі асвойваюць вучэбную дзейнасць, але ўжо ў новай для сябе ролі.
Пад словамі “люблю глядзець” маецца на ўвазе актыўная, напоўненая пошукамі, задачамі, аналізам, перспектывамі дзейнасць педагога. Прафесія дазваляе мне не стаяць на месцы, а пастаянна развівацца і ўдасканальвацца. Разам з дзецьмі!
Па меркаванні В.І.Арцімёнак, самы правераны спосаб зацікавіць дзяцей — быць зацікаўленым самому. Пазнанне малодшых школьнікаў ідзе ад простага да складанага, ад вядомага да невядомага, ад блізкага да далёкага, ад апісання да тлумачэння, ад фактаў да абагульнення.
Трэба, каб дзіця ўдзельнічала ў самім працэсе. Яшчэ яно можа навучыць свайго таварыша, калі добра зразумела матэрыял. Важная таксама работа ў камандзе, бо неабходна захоўваць адказны падыход і весці свой маленькі калектыў да поспеху. А малодшы школьнік павінен абавязкова адчуць хоць невялікі поспех, паверыць у тое, што ў яго ўсё атрымаецца.
Педагог актывізуе пазнавальную дзейнасць навучэнцаў з дапамогай індывідуальнай, групавой і самастойнай работы, дыферэнцыраванага падыходу, гульняў, стварэння сітуацыі поспеху. Валянціна Іванаўна падбірае заданні такім чынам, каб яны адпавядалі ўзросту, мелі яркае афармленне, утрымлівалі элементы займальнасці і спаборнасці, а таксама інфармацыю, якая выходзіць за межы вучэбнай праграмы. Схемы-апоры, табліцы, сігнальныя карткі, раздатачны матэрыял, займальныя практыкаванні даўно сталі надзейнымі памочнікамі ў рабоце педагога. Яны выклікаюць пачуццё здзіўлення, навізны, нечаканасці, развіваюць розум, ініцыятыву. У выніку вучань з цікавасцю працуе на ўроку, і нават складаныя задачы становяцца для яго выканальнымі.
Развіць лідарскія якасці
Навучэнцы В.І.Арцімёнак спрабуюць свае сілы ў даследчай дзейнасці. Софія Гмырак вывучала, як вада насычае расліны, а Ягор Канопскі разглядаў падручныя сродкі пажаратушэння. У мінулым годзе работа Яраслава Корсака “Вежа шчыльнасці” адзначана дыпломам ІІ ступені на Віцебскім абласным конкурсе даследчага характару “Вернісаж”.
— Практыка паказвае, што малодшага школьніка бессэнсоўна нагружаць тэмай даследавання. Ён, вядома, даследчык ад прыроды, але яго спачатку неабходна вучыць усяму: як выяўляць праблемы, як фармуляваць гіпотэзы, як назіраць, праводзіць эксперымент і г.д., а даследаваць ён будзе толькі тое, што яму сапраўды цікава. Прыродны дар даследчыка мае патрэбу ў нястомным педагагічным клопаце, — пераканана педагог.
Валянціна Іванаўна ўключае сваіх выхаванцаў у даследчую дзейнасць паступова, пачынаючы з 1 класа. Яна вучыць дзяцей задаваць пытанні, вылучаць галоўнае, складаць апавяданні. Спачатку дзеці выконваюць даступныя творчыя заданні, якія прапаноўваюцца на ўроках працоўнага навучання, па прадмеце “Чалавек і свет” і ў пазаўрочны час. Настаўніца дае заданні, накіраваныя на авалоданне ўменнямі аналізу, сінтэзу, класіфікацыі, параўнання, абагульнення. Пад яе кіраўніцтвам дзеці праводзяць кароткачасовыя даследаванні-назіранні з апісаннем. Даследчая дзейнасць першакласнікаў звычайна арганізоўваецца ў групах і парах.
У 2 класе настаўніца праводзіць падрыхтоўчую работу. Задачамі ўзбагачэння даследчага вопыту школьнікаў становяцца набыццё новых уяўленняў пра асаблівасці дзейнасці даследчыка; развіццё ўменняў вызначаць тэму даследавання, аналізаваць, параўноўваць, фармуляваць высновы, афармляць вынікі; падтрыманне ініцыятывы, актыўнасці і самастойнасці школьнікаў. На ўроках Валянціна Іванаўна выкарыстоўвае праблемныя і пошукавыя метады, знаёміць навучэнцаў з тэрміналогіяй і некаторымі паняццямі аб метадах даследавання, вучыць працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Педагог арганізоўвае падрыхтоўку самастойнага даўгачаснага даследавання па тэмах, якія цікавяць навучэнцаў, з прыцягненнем бацькоў.
Трэцякласнікі В.І.Арцімёнак ужо часткова падрыхтаваны да самастойнага даследавання, іх актыўнасць узрастае. Яны працуюць з навуковай літаратурай (даведнікамі, энцыклапедыямі, зборнікамі), умеюць вусную інфармацыю пераўтвараць у пісьмовую, рабіць яе першапачатковы аналіз. На гэтым этапе настаўніца праводзіць анкетаванне навучэнцаў для высвятлення іх даследчай цікавасці. Праблематыку работ вызначаюць інтарэсы дзяцей. Калі выбар тэмы зроблены, школьнікі складаюць план даследавання, фармулююць адну-дзве задачы, знаходзяць матэрыял, прадстаўляюць даклад з выкарыстаннем прэзентацыі ў праграме PowerPoint.
Даследчая работа ў 4 класе выходзіць на новы ўзровень. Навучэнцы праводзяць аналіз, выбіраюць галоўнае з агульнага патоку інфармацыі (у музеях, са сродкаў масавай інфармацыі і з іншых крыніц) і афармляюць гатовы праект самастойна.
— Любую вучэбную работу дзіцяці, і вучэбна-даследчую ў тым ліку, трэба даводзіць да лагічнага выніку. Момантам выканання павінна стаць не толькі прызнанне яе завершанасці настаўнікам, але і абавязкова публічнае прадстаўленне і калектыўнае абмеркаванне, — лічыць педагог. — Таму ўсе вучнёўскія работы прадстаўляем на навукова-практычнай канферэнцыі школы. Удзел у даследчай дзейнасці павышае ўпэўненасць вучня ў сабе, дае магчымасць развіць лідарскія якасці.
Экалагічна і лагічна
У сістэме работы настаўніцы павышаная ўвага ўдзяляецца фарміраванню экалагічнай адукаванасці малодшых школьнікаў. В.І.Арцімёнак закладвае асновы экалагічнай культуры навучэнцаў, вучыць іх зносінам з прыродай, выхоўвае беражлівыя адносіны да ўсяго жывога.
— На ўроках працоўнага навучання дзеці знаёмяцца са значэннем прыродных матэрыялаў у жыцці чалавека, вучацца рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў. На занятках па фізічнай культуры яны замацоўваюць веды аб сваім арганізме і ахове здароўя з дапамогай прыродных фактараў, удасканальваюць гігіенічныя ўменні і навыкі. Пытанні ўзаемадзеяння чалавека з навакольным асяроддзем знаходзяць адлюстраванне ў задачах па матэматыцы. Пры іх рашэнні дзеці ўсведамляюць неабходнасць рацыянальнага прыродакарыстання, аднаўлення і прымнажэння прыродных багаццяў. Вялікія магчымасці для фарміравання экалагічнага мыслення адкрываюцца на ўроках мовы і чытання. Напрыклад, міні-сачыненні па матэрыялах экскурсій у прыроду, у музеі, вусныя апісанні жывёл і раслін, складанне сказаў на пэўную тэму, слоўнікавая работа. Аналіз твораў В.Біянкі, М.Прышвіна, Я.Чарушына дапамагае развіваць у пачаткоўцаў уменне параўноўваць стан прыроды ў розную пару года, эмацыянальна адгукацца на яе прыгажосць. На занятках па выяўленчым мастацтве і музыцы дзеці вучацца з дапамогай фарбаў і гукаў выказваць сваё стаўленне да прыроды, бачыць яе хараство, — тлумачыць Валянціна Іванаўна.
Педагог распрацавала дыдактычную сістэму заданняў для вучняў 2 класа, накіраваную на развіццё іх экалагічнага мыслення. Так, для развіцця аналітычнай разумовай аперацыі В.І.Арцімёнак прапануе дзецям вылучыць істотныя ўласцівасці прадметаў аднаго класа; супаставіць дадзены аб’ект з аб’ектамі, якія валодаюць іншымі ўласцівасцямі; адзначыць адрозненні ў розных аб’ектах або з’явах, вылучыўшы іх істотныя прыкметы. На гэта накіраваны прыёмы “Сілавы аналіз”, “Сінквейн”, “Сувязі”, “Асацыяцыі” і інш. Выказваць нестандартныя ідэі, своечасова пераключацца на новыя спосабы вырашэння пастаўленай задачы, калі ранейшыя спосабы не прыводзяць да поспеху, дапамагаюць прыёмы “Генератары-крытыкі”, “Ідэал” і інш. Скласці прагноз, заключэнне аб развіцці экалагічных заканамернасцей на аснове пэўных даных дазваляюць такія практыкаванні, як “Змадэлюйце сітуацыю, а затым зрабіце прагноз”, “Складзіце маленькі аповед на тэму “Што будзе, калі…” і інш. Выкарыстанне блок-схем, лагічных ланцужкоў, аналітычных табліц, выключэнне лішніх паняццяў, устанаўленне адпаведнасцей для развіцця змястоўнага кампанента экалагічнага мыслення дае магчымасць сістэматызаваць атрыманыя веды.
— Рэалізацыя сістэмы дыдактычных заданняў дазволіла паказаць навучэнцам, што свет прыроды — гэта невычэрпная крыніца ведаў, бо менавіта ў ёй закладзены факты, з’явы, заканамернасці, якія даюць магчымасць вучыцца аналізаваць, параўноўваць, класіфікаваць. Як вынік — перамогі навучэнцаў на спаборніцтвах экалагічнай накіраванасці. Так, Яраслаў Корсак на абласным узроўні заваяваў дыплом ІІ ступені рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” і дыплом ІІІ ступені рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа”, — адзначае педагог.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара




