STEAM-адукацыя — адзін з сучасных трэндаў, які актыўна ўкараняюць у школьную практыку, далучаючы дзяцей да навукова-тэхнічнай творчасці. Дзякуючы гэтай сістэме вучні ў гульнявой форме даследуюць навакольную рэчаіснасць, пашыраюць кругагляд, развіваюць інтэлектуальныя здольнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Абапіраючыся на прынцыпы STEAM-адукацыі, выхавальніца Наталія Сергіевіч падабрала новыя эфектыўныя метады работы з выхаванцамі з улікам іх цікавасці да LEGO-канструявання. У якасці мэтавай групы педагог выбрала дзяцей з парушэннем маўлення.
— Гэта было зроблена невыпадкова, паколькі праблемныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у канструктарскай дзейнасці, дапамагаюць развіваць маўленчую актыўнасць дашкольнікаў на аснове зрокавага, слыхавога і тактыльнага ўспрымання прадметаў, — гаворыць Наталія Яўгенаўна. — Акрамя таго, работа з LEGO стымулюе творчае ўяўленне, што станоўча ўплывае на фарміраванне інжынернага мыслення, няхай і спрошчанага. Разам з тым заняткі на аснове STEAM-падыходу павышаюць цікавасць дзяцей да розных відаў дзейнасці ў адукацыйным працэсе.
Развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе дашкольнай групы ўключае цэнтр канструявання, дзе прадстаўлены не толькі замежныя канструктары LEGO, але і іх айчынныя аналагі накшталт “Палесся”. “Гаспадаром” цэнтра з’яўляецца робат Кубік, выраблены якраз з айчыннага канструктара.

— Робат натхняе дзяцей, пабуджае іх да дзеяння, пошуку і даследаванняў, — расказвае педагог. — Кожны дзень Кубік ставіць перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі канкрэтныя задачы, задае захапляльныя пытанні і прапануе загадкі, якія падштурхоўваюць да актыўнай работы.
Наталія Сергіевіч выкарыстоўвае LEGO-канструктар у спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцаў, падчас практыкаванняў на замацаванне пройдзенага матэрыялу і індывідуальных заняткаў.
— Сістэматычнае прымяненне LEGO-тэхналогій у развіцці маўлення дзяцей робіць карэкцыйна-лагапедычны працэс больш выніковым,— заўважае педагог. — Дашкольнікі ўспрымаюць заняткі як гульню, вучацца ўважлівасці, уседлівасці і дакладнаму выкананню інструкцый. Гэта дапамагае лепш засвоіць неабходны матэрыял. Больш за тое, дзеці імкнуцца не проста пабудаваць задуманую мадэль, але і вырашыць, што далей яна будзе рабіць, як перамяшчацца і якую карысць прынясе. Такі падыход дазваляе выхаванцам мысліць як інжынеры-канструктары і адкрывае шырокія магчымасці для развіцця. Перадынжынерная падрыхтоўка, атрыманая ў дашкольнай установе, можа стаць стартавай пляцоўкай для будучых навукова-тэхнічных дасягненняў дзяцей.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ





