Чым прываблівае тэарэтычная фізіка і квантавая механіка элементарных часціц? Як запаліць даследчую іскру ў студэнтах? Што самае каштоўнае для мазыранкі доктара фізіка-матэматычных навук Алены Аўсіюк? Адказы — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Перамога над таямніцай
Алена Міхайлаўна з ранняга дзяцінства вельмі любіла матэматыку. Ёй падабалася рашаць складаныя задачы і шукаць адказы. Асаблівую ж радасць прыносіў момант, калі пасля доўгіх спроб нарэшце знаходзілася правільнае рашэнне. Для яе гэта станавілася маленькай перамогай над таямніцай. Любоў да матэматыкі і вызначыла выбар будучай прафесіі.

— Сумненняў не было і наконт таго, куды ісці вучыцца пасля школы. У Мазыры, адкуль я родам, ёсць педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна са слаўнымі традыцыямі і багатай гісторыяй, а таму іншыя варыянты нават не разглядала. Паступіла на фізіка-матэматычны факультэт. Навучанне на ім апраўдала мае чаканні: высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад, спецыялізаваныя лабараторыі, займальныя заняткі як па матэматыцы, так і па фізіцы, якой я захапілася ўжо ў МДПУ. І нават пачала праводзіць невялікія даследаванні на 3 курсе, прымаць удзел у студэнцкіх канферэнцыях, затым атрымала першы грант на выкананне навукова-даследчай работы, — прыгадала гераіня.
Яна, будучы студэнткай, стала стыпендыяткай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, што паслужыла стымулам і матывацыяй рухацца далей:
— Прызнанне заслуг на такім высокім узроўні пацвердзіла, што я на правільным шляху. Пасля заканчэння ўніверсітэта зразумела: навука — значная частка майго жыцця, і вырашыла прадоўжыць вучобу ў аспірантуры пры Інстытуце фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі. Інстытут стаў маёй другой альма-матар. У ёй я атрымала новыя веды і вопыт, дзякуючы якім адкрыліся прафесійныя перспектывы і гарызонты. Тут мне пашчасціла пазнаёміцца з выбітнымі айчыннымі фізікамі-тэарэтыкамі. Пад кіраўніцтвам загадчыка цэнтра “Фундаментальныя ўзаемадзеянні і астрафізіка” прафесара Юрыя Андрэевіча Курачкіна я абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэарэтычнай фізіцы “Інтэгрыруемыя задачы квантавай механікі і класічнай электрадынамікі ў рыманавых прасторах”.
Універсальныя законы
Сёння А.М.Аўсіюк — загадчыца кафедры тэарэтычнай фізікі і прыкладной інфарматыкі фізіка-інжынернага факультэта МДПУ імя І.П.Шамякіна. Алена Міхайлаўна — аўтар звыш 300 навуковых работ і дзясятка манаграфій, у якіх апісаны самыя розныя напрамкі тэарэтычнай фізікі: электрадынаміка, оптыка, квантавая тэорыя, гравітацыйнае ўзаемадзеянне.
— Тэарэтычная фізіка неверагодна цікавая і натхняльная, бо дазваляе зазірнуць у самыя глыбіні пабудовы свету. У адрозненне ад прыкладных напрамкаў, дзе ўвага засяроджана на канкрэтных тэхналогіях або прыборах, тэарэтычная фізіка шукае ўніверсальныя законы, якія тлумачаць з’явы прыроды. Кожнае ўраўненне — гэта не проста формула, а ключ да разумення таго, як уладкаваны Сусвет. Практычная значнасць тэарэтычных даследаванняў вялізная. Многія сучасныя тэхналогіі — ад лазераў і паўправаднікоў да касмічных палётаў і квантавых камп’ютараў — выраслі з ідэй, якія калісьці здаваліся чыста тэарэтычнымі. Тэорыя задае кірунак, а практыка ўвасабляе яго ў жыццё. Таму можна сказаць, што тэарэтычная фізіка — гэта падмурак, на якім ствараецца будучыня навукі і тэхнікі, — падкрэсліла суразмоўніца.
Алена Аўсіюк працуе ў камандзе як вопытных вучоных, так і маладых даследчыкаў. Гэта дае магчымасць не толькі вырашаць складаныя задачы, але і выхоўваць новае пакаленне навукоўцаў, якія ўносяць свежыя ідэі і энергію ў агульную справу.
Апошнім часам яна працавала над даследаваннямі ў галіне квантавай механікі элементарных часціц. Яе работа звязана са стварэннем новых матэматычных метадаў, якія дапамагаюць глыбей зразумець, як пабудаваны элементарныя часціцы.
— Я займаюся пабудовай і аналізам дакладных рашэнняў ураўненняў, якія апісваюць часціцы з дадатковымі характарыстыкамі — такімі як палярызаванасць, анамальны магнітны момант і інш. Гэта дазваляе не толькі растлумачыць прыроду такіх уласцівасцей, але і прапанаваць тэарэтычнае апісанне таго, як іх можна вымераць у рэальных эксперыментах, — сказала Алена Міхайлаўна.
Навуковая навізна яе работы заключаецца ў развіцці метадаў аналізу складаных сістэм дыферэнцыяльных ураўненняў, якія апісваюць паводзіны часціц. Размова ідзе аб стварэнні больш дасканалага матэматычнага інструментарыя, здольнага працаваць з задачамі, дзе стандартныя метады аказваюцца недастатковымі. Такія распрацоўкі адкрываюць новыя магчымасці для даследавання фізічных сістэм, пашыраюць сферу прымянення вынікаў і робяць крок наперад у разуменні фундаментальных законаў прыроды. Дарэчы, менавіта за гэтую распрацоўку Алене Аўсіюк прызначана стыпендыя Прэзідэнта Беларусі.
— Атрыманыя вынікі могуць служыць асновай для планавання эксперыментаў па вывучэнні ўнутранай структуры часціц. Яны дапамогуць навукоўцам дакладней мадэляваць працэсы, якія адбываюцца ў знешніх электрамагнітных і гравітацыйных палях, а таксама звязаць лакальныя эксперыменты з глабальнай карцінай будовы прасторы часу. У перспектыве такія метады могуць быць запатрабаваны не толькі ў фундаментальнай фізіцы, але і ў прыкладных галінах, напрыклад, пры распрацоўцы новых тэхналогій, заснаваных на квантавых эфектах, — патлумачыла гераіня.
А.М.Аўсіюк працягвае даследаванні, пачатыя ў рамках доктарскай дысертацыі “Квантавая механіка часціц з унутранай структурай у знешніх электрамагнітных і гравітацыйных палях”.
— Гэты напрамак застаецца актуальным, да таго ж з’явіліся новыя ідэі, якія адкрываюць перспектывы для далейшых распрацовак. Навука ў цэлым, і тэарэтычная фізіка ў прыватнасці, не мае меж — яна ўвесь час рухаецца наперад, адкрывае новыя гарызонты і ставіць перад даследчыкамі ўсё больш складаныя задачы, — адзначыла Алена Міхайлаўна.
Звычайна яна працуе ў камандзе як вопытных вучоных, так і маладых даследчыкаў, якія працягваюць традыцыі, закладзеныя заснавальнікам школы тэарэтычнай фізікі ў Беларусі — акадэмікам Фёдарам Іванавічам Фёдаравым. Увогуле, у навуковым калектыве ёсць і вядомыя спецыялісты, такія як Віктар Міхайлавіч Радзькоў і Васіль Васільевіч Кісель, і таленавітыя студэнты фізіка-інжынернага факультэта. Такое супрацоўніцтва дае магчымасць не толькі вырашаць складаныя навуковыя задачы, але і выхоўваць новае пакаленне даследчыкаў, якія ўносяць свежыя ідэі і энергію ў агульную справу.
Навуковы агонь
У Мазырскім педуніверсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў. Тут працуюць студэнцкія навуковыя гурткі і лабараторыі, дзе юнакі і дзяўчаты рэалізоўваюць свае ідэі і праекты, а пасля паспяхова выступаюць у розных конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях і семінарах.

— Важны напрамак — работа вучоных-пачаткоўцаў у складзе часовых навуковых калектываў пры выкананні дзяржаўных праграмных даследаванняў, грантаў Мінадукацыі, праектаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Гэта дае студэнтам унікальны вопыт удзелу ў сур’ёзных навуковых праектах, дзе яны вучацца працаваць у камандзе, аналізаваць вынікі і прапаноўваць уласныя рашэнні. Штогод нашы лепшыя студэнты становяцца прэзідэнцкімі і імяннымі стыпендыятамі, што з’яўляецца прызнаннем іх таленту і працавітасці. Мы вельмі ўдзячны кіраўніку краіны за пастаянную падтрымку даследаванняў маладых вучоных. Такая падтрымка матывуе моладзь да новых дасягненняў і ўмацоўвае веру ва ўласныя сілы, — дадала загадчыца кафедры тэарэтычнай фізікі і прыкладной інфарматыкі МДПУ.
Напярэдадні Дня навукі хочацца пажадаць калегам натхнёных вучняў, смелых ідэй і яскравых адкрыццяў. Няхай кожны дзень прыносіць радасць ад праведзенай работы, а вынікі даследаванняў становяцца значным укладам у развіццё навукі і адукацыі на карысць нашай Радзімы.
Пачаткоўцам-даследчыкам хачу сказаць: не бойцеся цяжкасцей! Навуковы шлях рэдка бывае лёгкім, але менавіта маленькія крокі вядуць да вялікіх вынікаў. Важна вучыцца бачыць прыгажосць у строгіх формулах, задаваць пытанні і шукаць адказы, нават калі яны падаюцца недасягальнымі. Памылкі — гэта не паражэнне, а частка шляху да праўды, галоўнае — захоўваць цікавасць і веру ў тое, што ваш уклад патрэбны і значны.
Алена Міхайлаўна не толькі паспяховы вучоны, але і добры выкладчык. Пытаюся, што дапамагае ёй запаліць у студэнтах даследчую іскру.
— Каб захапіць студэнтаў, важна не толькі тлумачыць формулы і тэорыю, але і раскрываць іх сэнс, паказваць, як яны звязаны з рэальнымі з’явамі і сучаснымі задачамі. Тэарэтычная фізіка — даволі складаная навука, і каб у навучэнцаў не апусціліся рукі на пачатку шляху, трэба ісці маленькімі крокамі ад простага да складанага. Спачатку рашаючы невялікія заданні і вылічэнні, а затым афармляючы вынікі ў артыкулы. Так паступова нараджаецца ўпэўненасць ва ўласных сілах і жаданне рухацца далей. Прычым асаблівае значэнне мае атмасфера даверу і сумеснага пошуку. Я стараюся паказаць студэнтам, што кожны іх крок — гэта частка вялікага шляху навукі і што нават маленькае даследаванне можа стаць укладам у агульныя веды. Калі яны бачаць, што іх работа мае каштоўнасць, узнікае сапраўдная матывацыя, — пераканана А.М.Аўсіюк.
Яна акцэнтавала ўвагу, што яе студэнты — старанныя, дысцыплінаваныя, імкнуцца да новых ведаў і адкрыццяў, што і дапамагае выбудоўваць з імі прадукцыйнае супрацоўніцтва:
— Я ганаруся, што мае вучаніцы Вольга Века, Яніна Войнава і Аліна Івашкевіч падрыхтавалі кандыдацкія дысертацыі. Іх поспехі — яскравае сведчанне таго, што даследчая іскра, запаленая ў аўдыторыі, можа перарасці ў сур’ёзны навуковы агонь.
Алена Міхайлаўна, маючы шэраг дасягненняў, прызнаецца, што найбольшы гонар у яе выклікаюць поспехі ўласных дзяцей:
— Мая дачка — студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ, сын вучыцца ў 6 класе. Іх дасягненні ў вучобе і спорце прыносяць мне асабістую радасць. З пачатковай школы я старалася далучаць іх да навукова-даследчай дзейнасці, і яны неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі конкурсаў даследчых работ. Пераканана: для кожнай жанчыны сям’я — гэта самая вялікая каштоўнасць.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва гераіні





