Зорныя маякі: вучні Ганны Лебедзевіч з ліцэя № 1 Гродна ўзялі 7 дыпломаў на абласным этапе алімпіяды па астраноміі

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Год беларускай жанчыны для Ганны Лебедзевіч з гродзенскага ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага пачаўся яскрава: яе вучні заваявалі 7 дыпломаў на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. Чацвёра з іх стануць удзельнікамі заключнага этапу. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ад навукі да зорак

З усёй вобласці ў трэцім этапе алімпіяды сёлета ўдзельнічалі 25 юных астраномаў, і 10 з іх — вучні Ганны Аляксанд­раўны. Яе разумнікі ўзялі два дыпломы І ступені, два — ІІ і тры дыпломы ІІІ ступені.

Цікавым і часам нечаканым быў і яе шлях да зорак. Пасля магістратуры фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Лебедзевіч планавала звязаць жыццё з навукай. Але ў 2012 годзе ёй прапанавалі выкладаць факультатыў па астраноміі для высокаматываваных старшакласнікаў у гімназіі № 3.

— Спачатку сумяшчала работу ва ўніверсітэце і заняткі з дзецьмі. Але выбар зрабіла хутка, — успамінае Ганна Аляксанд­раўна.

З 2017 года яна з’яўляецца членам педагагічнай каманды ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага. Тут разам з калегай Вольгай Жарновай (дацэнтам ГрДУ імя Янкі Купалы і ў мінулым алімпіядніцай) яны ператварылі астраномію ў займальную прыгоду. Вольга Аляксандраўна ў сваёй рабоце акцэнт робіць на тэарэтычнай падрыхтоўцы дзяцей, а Ганна Аляксандраўна адказвае за практыку.

— Дзялюся з дзецьмі не проста ведамі, а тым, што люблю. Магчыма, таму жадаючых рыхтавацца да алімпіяд заўсёды шмат, — тлумачыць сакрэт поспеху педагог.

Яна ўпэўнена, што цікавыя заняткі ў ліцэі — гэта паўкрока на шляху да шчырай захопленасці прадметам. З вучнямі яна пастаянна выходзіць за межы ўстановы для назіранняў. Яны дамаўляюцца аб часе і месцы сустрэчы, бяруць тэлескоп, і… пачынаецца магія:

— Такое пагружэнне ў рэальны космас — назіранне за аб’ектамі і з’явамі, пра якія не заўсёды цікава напісана ў кнігах, — часта становіцца зыходным пунктам вялікай сумеснай работы ўжо з алімпіядным прыцэлам.

Упершыню на “зорную экскурсію” педагог запрашае ліцэістаў яшчэ ў 10 класе.

— Падчас такіх экспедыцый важна заўважыць шчырую цікавасць вучня. Ра­зам з руплівай працай гэта важны фактар, які дапамагае ў алімпіядным руху набліжацца да зорак і ў прамым, і ў пераносным сэнсах, — дадае Ганна Аляксанд­раўна.

Віртуальны сусвет

Яе алімпіяднікі рашаюць заданні мінулых гадоў, у яснае надвор’е працуюць з тэлескопам, а калі неба зацягнута хмарамі, на дапамогу прыходзіць праграма Stellarium — віртуальны планетарый, які дазваляе вызначыць, дзе будзе знахо­дзіцца зорка ў пэўную дату. Рыхтуючыся да алімпіяды, вучні Ганны Аляксандраўны, напрыклад, дакладна ведалі, што ў ноч напярэдадні дня падвядзення яе вынікаў — 15 студзеня — у небе над Гроднам Венера будзе бачная адразу пасля заходу сонца, а Марс і Меркурый — перад світаннем.

— Stellarium дапамагае нам у канкрэтнай геалакацыі назіраць такую астранамічную з’яву, як зацьменне. У той жа праграме раздрукоўваю зорныя карты для заняткаў. З такім віртуальным планетарыем мы можам, нават не выходзячы з класа, “паляцець” у Паўднёвае паўшар’е, каб назіраць адтуль за зоркамі, ці нават у Антарктыду. Акрамя таго, Stellarium дазваляе зве­рыць разлікі вучняў: напрыклад, праве­рыць вышыню планеты над гарызонтам або яе зорную велічыню, — тлумачыць Ганна Лебедзевіч.

Для яе вучня Яна Церахава сённяшняя абсалютная перамога на абласным этапе алімпіяды (ён набраў 177 балаў з 200 магчымых) — далёка не першы поспех. У 2025 го­дзе юны астраном двойчы стаў прызёрам міжнародных алімпіяд. Ён узяў “серабро” на Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы (IOAA-2025) у Мумбаі (Індыя) і “золата” на 4-й Адкрытай міжнароднай астранамічнай алімпіядзе (OWAO-2025) у Сочы.

— З Ганнай Аляксандраўнай мы рыхтаваліся да практычнага тура: вывучалі карты неба, трэніравалі навыкі назіранняў. Вольга Аляксандраўна дапамагала з тэорыяй і разлікамі. Іх парады як маякі: заўсёды ведаеш, на што звярнуць увагу, — дзеліцца Ян.

Космас па-за ўрокамі

У ліцэі астраномія жыве не толькі на ўроках і факультатывах. Да Дня касманаўтыкі вучні выпускаюць тэматычную газету, а 12 красавіка тут праходзіць абласны астрафізічны турнір “Ключ на старт!”. ­Удзельнікі з усёй Гродзеншчыны спрабуюць свае сілы ў тэматычных віктарынах і рашэнні нестандартных задач. Адзін з самых запамінальных этапаў — рамонт МКС у акулярах віртуальнай рэальнасці.

— Галоўнае ў маёй рабоце — убачыць у вачах дзяцей захапленне. Не апісаць словамі эмоцыі вучняў, калі яны заглядваюць у тэлескоп і шэптам прамаўляюць: “Гэта ж кольцы Сатурна!” Адна справа — уба­чыць на малюнку кратары Месяца, і зусім іншая — на свае вочы. Гэтая цікавасць і ёсць мой галоўны якар у педагогіцы, — прызнаецца Ганна Аляксандраўна.

Пастаянна маючы справу з зоркамі, яна не верыць у астралагічныя прагнозы, бо ўпэўнена: поспех залежыць толькі ад чалавека.

— Каб рухацца да мэты, патрэбны дзве ўмовы: не страчваць матывацыю і пастаянна прыкладаць намаганні. Зоркі тут ні пры чым, — смяецца настаўніца.

Нельга не адзначыць, што плённую работу з алімпіяднікамі Ганна Лебедзевіч сумяшчае і з паспяховым мацярынствам, выхоўвае траіх дзяцей. Дарэчы, у інтарэсах сваіх вучняў ні ў адным з дэкрэтных водпускаў яна не была больш за год. На паўстаўкі выйшла на работу, калі сярэдняму дзіцяці было ўсяго тры месяцы.

— Усё паспяваць, хай і ў вельмі інтэнсіўным тэмпе, дапамагалі родныя, — дзеліцца суразмоўніца.

Зразумела, яе ўласныя “чамучкі” пра космас ведаюць значна больш за аднагодкаў і з задавальненнем назіраюць за небам разам з мамай.

Вучні Ганны Лебедзевіч даказваюць: калі настаўнік гарыць сваёй справай, зоркі становяцца бліжэйшымі — і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.

***

Юныя таленты Гродзеншчыны справіліся з трэцім этапам Рэспуб­ліканскай алімпіяды па астраноміі.

Старшыня журы алімпіяды, дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Казімір Зноска:

— Упершыню я стаў старшынёй журы рэспубліканскай алімпіяды яшчэ ў 1991 годзе. Калі параўноўваць узровень заданняў, то заключны этап таго года быў лягчэйшы за сённяшні раённы. Прычына простая: астраномія як навука актыўна развіваецца, а разам з ёй ускладняюцца і алімпіядныя задачы.

Сёлета ў абласным этапе прынялі ўдзел 25 навучэнцаў. Астраномія ў раскладзе школьнікаў з’яўляецца толькі ў 11 класе, таму да моманту трэцяга (абласнога) этапу большасць удзельнікаў паспявае прайсці толькі 10—12 урокаў школьнага курса. Аднак алімпіядная падрыхтоўка — гэта зусім іншы ўзровень. Яна пачынаецца значна раней і будуецца на шчырай цікавасці вучня і рабоце захопленага педагога.

Прыемна адзначыць, што абсалютнага пераможцу сёлетняй абласной алімпіяды падрыхтавала мая магістрантка Ганна Лебе­дзевіч. Наогул, ліцэй № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага ў Гродне сёння справядліва лічыцца галоўным цэнтрам падрыхтоўкі да алімпіяд па астраноміі ў рэгіёне.

Абласны этап уключаў два туры — тэарэтычны і практычны. У кожным было па пяць задач. Найбольшыя цяжкасці ва ўдзель­нікаў выклікалі заданні па касмалогіі, што тлумачыцца даволі проста: гэты раздзел у школьнай праграме вывучаецца адным з апошніх, і некаторыя алімпіяднікі, відаць, проста не паспелі яго грунтоўна засвоіць.

Лепш за ўсё школьнікі справіліся з задачамі, звязанымі з зорнымі картамі і зоркамі: максімальныя 20 балаў за іх атрымалі больш за палову ўдзельнікаў. Нядрэнна рашылі і задачу па сферычнай астраноміі.

Асабліва радуе, што сярод удзельнікаў абласнога этапу ў гэтым годзе былі два васьмікласнікі. Добра памятаю выпадак, як некалі ўдзельнікам заключнага (рэспубліканскага) этапу станавіўся васьмікласнік з Полацка. Тады ён не ўзяў нават дыплома, але ўжо праз два гады стаў пераможцам, прычым не толькі рэспубліканскай, але і міжнароднай алімпіяды.

Дырэктар ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага Юлія Арабчык:

Сёння ў ліцэі вучацца 215 дзесяці- і адзінаццацікласнікаў. У нас ёсць класы педагагічнай, медыцынскай накіраванасці, фізіка-матэматычныя класы інжынернага і касмічнага напрамкаў і не толькі.

Апошні з названых профіляў не проста адзіны ў вобласці. Ён унікальны дзякуючы нашаму супрацоўніцтву з арганізацыяй “Раскосмас”. У рамках дадатковых заняткаў вучні маюць магчымасць зай­мацца, напрыклад, 3D-мадэляваннем планетаходаў. На факультатыўных занятках у Ганны Аляксандраўны старшакласнікі паглыбляюць веды па астраноміі, а таксама знаёмяцца з асновамі астрафізікі.

Акрамя таго, у нашай установе ёсць і асаблівая зорная прастора — Smart-цэнтр астраноміі і астрафізікі “Сірыус”. Ён абсталяваны найноўшай тэхнікай, якая дазваляе працэс навучання рабіць займальным і сучасным: тут ёсць тэхналогіі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, тэлескоп і не толькі.

У ліцэі пануе атмасфера супрацоўніц­тва, дзе вучні развіваюць свае навыкі і таленты, а настаўнікі падтрымліва­юць і накіроўваюць іх. Удзел у алімпіядах і конкурсах дае магчымасць дзецям праяў­ляць ініцыятыву і крэатыўнасць. А педагогі дапамагаюць ім структура­ваць веды і дасягаць пастаўленай мэты.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА