Распрацоўка камп’ютарных гульняў і замежная мова з пачатковых класаў: якія факультатывы прапануюць у школе № 2 Слаўгарада

- 15:20Образование

“З дапамогай факультатыўных заняткаў павышаем пазнавальную актыўнасць вучняў, стымулюем іх да асобаснага развіцця. Кожнаму дзіцяці стараемся даць магчымасць праявіць сябе. У выніку паляпшаецца  матывацыя дзяцей да вучобы і павышаецца якасць адукацыі”, — падкрэсліў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар сярэдняй школы № 2 Слаўгарада Леанід Качанаў.

— Сёння факультатыўнымі заняткамі ахоплены практычна сто працэнтаў вучняў. Пастаянна праводзім маніторынгі і анкетаванні, вывучаем запыты дзяцей і бацькоў. Зыходзячы з патрэб, штогод абнаўляем спіс факультатываў. Сёлета ў нас рэалізуюцца агульнаразвіццёвыя, прадметныя, прафесійныя напрамкі. У ліку новых — факультатыў “У свеце інфармацыі” па фарміраванні медыяадукаванасці навучэнцаў, — паведаміў Леанід Качанаў.

Асаблівая ўвага — ранняму развіццю дзяцей. З 1 класа дзеці наведваюць факультатывы па вывучэнні замежнай мовы. У гульнявой форме хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца іншамоўнай камунікацыі.

— Гэты факультатыў функцыянуе ўжо больш за дзесяцігоддзе. Ініцыятарам правя­дзення заняткаў выступіла я. Тады была маладым педагогам, толькі пачынала свой прафесійны шлях. Але разумела, што да з’яўлення замежнай мовы ў раскладзе ўрокаў у вучняў павінна быць пэўная база ведаў. Кіраўніцтва школы падтрымала маю ініцыятыву. Цяпер гэтыя заняткі — адметная рыса нашай установы. У іншых школах раёна такіх факультатываў няма, — адзначыла настаўніца англійскай мовы Алеся Салдаценка.

На факультатыўныя заняткі па замежнай мове рэгулярна прыходзяць звыш 50 вучняў 1—2-х класаў. Для лепшага засваення матэрыялу дзеці падзелены на падгрупы.

— Адаптую інфармацыю пад узрост дзяцей. Урокі заўсёды напоўнены рухавымі і рытмічнымі гульнямі, песнямі, вершамі. Упор раблю на візуалізацыю. Распрацоўваю для вучняў раздатачныя карткі, інтэрактыўныя заданні. За два гады паспяваем прайсці мноства тэм. Хлопчыкі і дзяўчынкі паспяхова асвойваюць ключавыя віды маўленчай дзейнасці, — растлумачыла Алеся Мікалаеўна.

З 2 класа вучні 2-й школы могуць асвойваць праграмаванне. На адпаведным факультатыве дзеці самастойна ствараюць камп’ютарныя гульні, анімацыю, музыку.

— Навучэнцы займаюцца творчасцю ў асяроддзі праграмавання Scratch. Вяду гэтыя заняткі пяты год, і жадаючых вучыцца менш не становіцца. У цяперашні час у мяне каля 80 вучняў. Інфармацыйныя тэхналогіі прывабліваюць сучасных школьнікаў. І Scratch — выдатны інструмент для падтрымання цікавасці да гэтай сферы. Дзеці знаёмяцца з асновамі інфарматыкі, развіваюць лагічнае і алгарытмічнае мысленне, інтэлектуальны патэнцыял. Навучанне адбываецца праз стварэнне аўтарскіх праектаў. Гэты падыход вельмі эфектыўны, бо пройдзены тэарэтычны матэрыял вучні адразу замацоўваюць на практыцы, — расказаў настаўнік інфарматыкі Максім Кітовіч.

Да таго ж дзеці вынікова ўдзель­нічаюць у анлайн-конкурсах і алімпіядах.

— Вядома, праграмістамі ў будучыні стануць адзінкі. Але заняткі дазваляюць вучням усвядоміць, што камп’ютар і гаджэты можна выкарыстоўваць з карысцю. Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца больш падрыхтаванымі да жыцця ў інфармацыйным грамадстве і падыходзяць да вывучэння інфарматыкі з трывалым фундаментам ведаў, — заўважыў Максім Леа­нідавіч.

Відавочныя плюсы факультатываў для вучэбнай паспяховасці пералічыла і Алеся Салдаценка.

— Да 3 класа ў дзяцей фарміруецца значны лексічны запас, яны ведаюць алфавіт, мо­гуць чытаць і пісаць. Гэта дазваляе ім лёгка ўвайсці ў вывучэнне англійскай мовы. Адзна­кі ў навучэнцаў стабільна высокія, — запэўніла настаў­ніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара