Важна не баяцца памыліцца, працуючы на камп’ютары. Рыгор Станкевіч — пра падыходы да выкладання інфарматыкі

- 9:00Главная, Образование

Рыгора Станкевіча ведаюць у Талачыне як чалавека шматграннага. У яго прафесійным жыцці цесна перапляліся творчасць і выкладанне інфарматыкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Рыгор Францавіч асвоіў прафесію мастака-майстра і выкладчыка ў Магілёўскім вучылішчы культуры, скончыў факультэт народнай творчасці БДПУ. Выкладаў маляванне і працоўнае навучанне ў сельскай школе. Вось ужо 25 гадоў вя­дзе аб’яднанне “Чароўная гліна” ў Талачынскім цэнтры дзяцей і моладзі, уваходзіць у калектыў народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Талака” пры раённым Доме рамёстваў. У дамашняй калекцыі майстра тысячы керамічных вырабаў, сярод якіх шмат свістулек і акарын у выглядзе птушак і звяркоў. Аднак сённяшняя размова з Рыгорам Станкевічам — як з настаўнікам інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Талачына.

— Рыгор Францавіч, што падштурхнула вас сур’ёзна заняцца інфарматыкай?             

— Гэта быў адзін з маіх любімых прадметаў падчас вучобы ў школе. У далёкім 1993 годзе я нават здаваў экзамен па інфарматыцы ў 11 класе. З задавальненнем асвойваў работу ў розных камп’ютарных праграмах, вучыўся наладжваць камп’ютарную тэхніку. Калі працаваў у сельскай школе настаўнікам выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання, мне даводзілася дапамагаць у вырашэнні праб­лем са школьнымі камп’ютарамі, вучыць асновам камп’ютарнай адукаванасці калег і дзяцей. Інфарматыку ў той час у нашай школе вялі настаўнікі-сумяшчальнікі, якія прыязджалі з іншых школ 1—2 разы на тыдзень. Часцей за ўсё гэта былі няпрофільныя спецыялісты. Убачыўшы, што я разбіраюся ў камп’ютарах і камп’ютарных праграмах, дырэктар школы прапанавала прайсці перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Выкладанне інфарматыкі” ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ. Інфарматыка для мяне — гэта магчымасць атрымліваць новыя веды ў галіне камп’ютарных тэхналогій і дзяліцца імі з іншымі людзьмі. Мне падабаецца вучыць дзяцей, асабліва калі ў адказ я адчуваю іх жаданне атрымліваць веды і радасць ад поспеху. І, вядома ж, інфарматыка — гэта работа, якая патрабуе шмат намаганняў, часу і цярпення. Але калі ўсё атрымліваецца, я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам.

— Аднак жа ў гэтай сферы трэба заўсёды быць у курсе навінак?

— Вучыцца даводзіцца ўвесь час. Мяняюцца праграмнае забеспячэнне і запыты грамадства. Вялікую долю навучання складае самаадукацыя. Розныя бясплатныя анлайн-курсы, напрыклад, арганізаваны Паркам высокіх тэхналогій курс па праграмаванні на Scratch (“Scratch для пачаткоўцаў”). Кожныя тры гады праходжу павышэнне кваліфікацыі ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, а таксама вучуся на анлайн-курсах, арганізаваных інстытутам. Наведваю семінары і канферэнцыі для настаўнікаў Віцебскай вобласці.

— Якія падыходы ў выкладанні інфарматыкі, на ваш погляд, найбольш эфектыўныя?

— Раней у многіх дзяцей не было дома камп’ютара, таму яны з задавальненнем атрымлівалі новыя веды і навыкі на ўроках. З сучаснымі вучнямі ўсё складаней. Яны думаюць, што ўме­юць карыстацца камп’ютарам, а на справе гэта не зусім так. Я заўсёды лічыў, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму на ўроках стараюся прадэманстраваць прыклады, растлума­чыць, як што працуе, дабіцца ад вучняў разумення сутнасці, а не проста завучвання. Упор робіцца на практычную работу. Матывацыяй для вучняў з’яўляецца разуменне, як можна выкарыстоўваць атрыманыя веды ў жыцці, у вучобе. Імкнуся развіваць у дзецях крэатыўнасць і вынаходлівасць, самастойнасць і ўменне вучыцца. Важна не баяцца памыліцца, працуючы на камп’ютары, смела засвойваць новыя веды і навыкі. Не памыляецца той, хто нічога не робіць.

У аснове майго выкладання, вядома, класічны ўрок. Ён відазмяняецца з улікам спецыфікі прадмета і магчымасцей выкарыстання камп’ютарных тэхналогій. Напрыклад, франтальнае апытанне з мэтай праверкі вывучанага матэрыялу дапаўняецца камп’ютарным тэсціраваннем. Актыўна прымяняю метад праектаў. Так, пры вывучэнні тэм па стварэнні камп’ютарных прэзентацый і асноў вэб-канструявання ў вучня ёсць выбар — выкон­ваць заданні ўрока або прымяняць атрыманыя веды, працуючы над сваім праектам, напрыклад, па стварэнні прэзентацый і сайтаў па розных вучэбных прадметах. Або дзіця можа расказаць пра сваё хобі, будучую прафесію і інш. Часам выкарыстоўваю работу ў парах, калі больш моцны вучань дапамагае разабрацца ў тэме больш слабаму.

— Штучным інтэлектам карыстаецеся?

— Так, як памочнікам пры падрыхтоўцы да ўрока. ШІ дапамагае стварыць прэзентацыю, распрацаваць заданні. Але я не давяраю яму цалкам і заўсёды дадаткова правяраю атрыманую інфармацыю. Даволі часта сустракаюцца памылкі і недакладныя даныя. Як інструмент ШІ палягчае руцінную працу. У пазаўрочнай дзейнасці выкарыстоўваю яго для стварэння малюнкаў і гукавога суправаджэння розных праектаў.

— Якія тэмы лепш за ўсё ўспрымаюцца вучнямі? Што выклікае цяжкасці?

— Адно дзіця лёгка рашае задачы па праграмаванні, але яму цяжка стварыць малюнак, іншаму не даецца праграмаванне, але яно стварае класныя выявы ў графічным рэдактары ці дакумент у Word. Прапаноўваю рознаўзроўневыя заданні, і кожны вучань можа выка­наць даступнае яму. Лепш за ўсё дзецьмі ўспрымаюцца тэмы па рабоце ў графічных рэдактарах, стварэнні прэзентацый, відэамантажы. Цяжэй за ўсё ім вывучаць праграмаванне. Пры неабходнасці праводжу кансультацыі і дадатковыя заняткі па тэмах, якія выклікаюць цяжкасці. Прыцягваю дзяцей да ўдзелу ў грамадскім жыцці школы. Напрыклад, прашу вучня падабраць фанаграму, стварыць прэзентацыю або застаўку на экран для школьнага мерапрыемства і інш. З адоранымі навучэнцамі праводжу дадатковыя заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяд і конкурсаў.

Інтарэсы падлеткаў выяўляюцца пры выбары імі тэмы для праекта (сайта, прэзентацыі, відэафільма), і я стараюся падтрымліваць іх выбар. Праводжу размовы аб IT-прафесіях. Вучу бяспечна карыстацца інтэрнэтам і сац­сеткамі. Мае вучні стваралі сайты, прэзентацыі і відэаролікі падчас даследчай дзейнасці па розных вучэбных прадметах. Рабілі інтэрактыўную прэзентацыю “Будова камп’ютара” для рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

— Ці праводзіце факультатывы па інфарматыцы?

— Вядома. У 4 класе факультатыў называецца “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch”, у 5-м — “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch”, у 7-м — “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання ў візуальным асяроддзі праграмавання Scratch”. Мэта гэтых факультатываў — фарміраванне алгарытмічнага мыслення, інтэ­лектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў праз праектную работу ў асяроддзі праграмавання Scratch. Вывучэнне мовы праграмавання Scratch дазваляе зразумець, як ствараюцца і працуюць камп’ютарныя гульні, анімацыя і іншыя праграмы. Адна з галоўных пераваг названай мовы — яе прастата. Запамінаць складаныя формулы або сінтаксіс не патрабуецца. Дзеці працу­юць з яркімі блокамі, якія злучаюцца, як пазлы. Пры гэтым прымяняюцца базавыя алгарытмічныя канструкцыі — такія ж, як у “дарослых” мовах праграмавання: паслядоўнасць, цыкл, галінаванне. Прымяняюцца падпраграмы, пераменныя, спісы, сэнсары. Акрамя праграмавання, ствараючы праекты ў Scratch, дзеці вучацца працаваць з гукам, тэкставай і графічнай інфармацыяй, асвойваюць работу на камп’ютары. Важна, што вынік сваёй работы навучэнцы бачаць адразу, а гэта  матывуе іх да далейшай творчасці і вывучэння новага. Факультатывы наведваюць ад 6 да 12 чалавек.

— Якія дасягненні маюць вашы вучні?

— Яны штогод удзельнічаюць у алімпіядзе па інфарматыцы, але, на жаль, высокіх месцаў не займаюць. Спрабуюць свае сілы і ў абласных дыстанцыйнай алімпіядзе па праграмаванні ў Scratch і конкурсе Junior coder па крэатыўным праграмаванні ў асяроддзі Scratch. Там яны заваёўвалі дыпломы II і III ступені. У Junior coder — 2022 Вольга Ляховіч атрымала дыплом I ступені ў намінацыі “Літаратурная гасцёўня”. Таксама ў яе дыплом за 2-е месца ў намінацыі “Мая кніга” ў Беларускім нацыянальным адборачным этапе VI Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні — 2022 сярод удзельнікаў Віцебскай вобласці (12-е месца ў агульным нацыянальным заліку). А ў Junior coder — 2025 Вольга атрымала дыплом III ступені ў намінацыі “Пазнаём навуку разам”. Дзеці прымаюць актыўны ўдзел у міжнароднай акцыі “Гадзіна кода”, тыдні Scratch у Віцебскай вобласці і іншых мерапрыемствах.

— Што, на ваш погляд, трэба скарэкціраваць у выкладанні інфарматыкі?

— Думаю, самая вялікая праблема ў школьным выкладанні інфарматыкі — гэта малая колькасць гадзін, што выдзяляюцца на вывучэнне тэм. У нас, лічы, кожны ўрок новая тэма. Няма магчымасці замацаваць атрыманыя веды, адпрацаваць навыкі. У мінулым годзе памянялі мову праграмавання для навучання з Pascal на Python у 6 класе, а сёлета ўзнікла праблема з падручнікам інфарматыкі ў 7 класе. Ён застаўся старым, з Pascal, таму ўзніклі цяжкасці ў вывучэнні праграмавання.

 — Як будуеце зносіны з вучнямі?

— Галоўнае — часцей хваліць дзіця, нават за нязначныя поспехі. Цікаўлюся захапленнямі вучняў, пытаюся, для чаго яны прымяняюць камп’ютар дома, якую музыку слухаюць і інш. Расказваю пра свае інтарэсы і хобі, дэманструю работы з гліны. Абмяркоўваем рашэнне праблем, напрыклад, як пазбавіцца ад вірусаў на дамашнім камп’ютары. Прыводжу прыклады, як можна выкарыстоўваць атрыманыя на ўроках веды ў штодзённым жыцці, тыя ж табліцы MS Excel для ўліку і планавання сваіх фінансавых выдаткаў. Часам дазваляю сабе пажартаваць, расказаць смешную гісторыю з жыцця. Усе размовы па-за межамі ўрока даюць магчымасць вучням разняволіцца і стаць больш упэўненымі ў сабе.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара