Праз душу, сэрца і розум: як у Глушкавіцкай школе ствараецца ўнікальнае адукацыйнае асяроддзе

- 10:10Образование

Глушкавіцкая сярэдняя школа — самая вялікая сельская ўстанова адукацыі ў Лельчыцкім раёне. Сёння тут займаюцца 253 навучэнцы. Якія напрамкі педагагічны калектыў вызначае для сябе прыярытэтнымі — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Супрацоўніцтва з царквой

Адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці школы — духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў. Установа супрацоўнічае з праваслаўным прыходам аграгарадка. Для дзяцей праводзяцца факультатыўныя заняткі «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму». Традыцыйнымі сталі класныя гадзіны, гутаркі, дыскусіі, бацькоўскія сходы з удзелам святара айца Лявонція, дзе абмяркоўваюцца хвалюючыя тэмы выхавання дзяцей. 

— Каб выхаваць спагадлівага, чулага, міласэрнага чалавека, патрыёта, неабходна пачынаць з яго душы, сэрца, прывіваць любоў да родных, сям’і, да тых, хто акружае, да зямлі, дзе нарадзіўся і вырас, — пераканана дырэктар школы Ганна Ляхавец. — У нас склалася добрая традыцыя: ні адно свята (1 верасня, апошняга званка, выпускны вечар) не адбываецца без удзелу духоўнага айца. Выпускны вечар пачынаецца наведваннем навучэнцамі мясцовага храма. Бацюшка праводзіць службу і благаслаўляе выпускнікоў.

У школе ёсць кабінет па праваслаўі, куды дзеці могуць звярнуцца па псіхалагічную дапамогу і духоўную падтрымку. У ім размешчаны абразы, фотаздымкі святароў, выхадцаў з Глушкавіч, якія пакінулі свой след у гісторыі. Навучэнцы маюць магчымасць азнаёміцца з іх жыццём, справамі, што садзейнічае духоўнай асвеце і фарміраванню павагі да мясцовых традыцый.

Вялікая ўвага, якая ўдзяляецца духоўна-маральнаму выхаванню, дае свой плён. Вучні з Глушкавіч становяцца пераможцамі алімпіяды па праваслаўнай культуры і конкурсу «Прыгажосць Божага свету», паспяхова выступаюць на праваслаўных чытаннях. Удзельнікі валанцёрскага атрада «Добрае сэрца» аказваюць дапамогу адзінокім, састарэлым людзям, даглядаюць мемарыялы.

Сябруюць са спортам

Актыўна развіваецца ў школе і спартыўны напрамак. Спорт дапамагае дзецям не толькі ўмацоўваць здароўе, але і вучыць працаваць у камандзе, паважаць адно аднаго, імкнуцца да перамогі.

На базе ўстановы працуюць філіял летняй спартыўнай школы, шматлікія спартыўныя секцыі. Дзеці вельмі любяць займацца як гульнявымі відамі спорту, так і лёгкай атлетыкай. Ды гэта і нядзіўна: у 2022 г. на тэрыторыі школы была абсталявана сучасная спартыўная пляцоўка са штучным пакрыццём. Ужо традыцыйнымі сталі тут спаборніцтвы па валейболе, у якіх прымаюць удзел каманды дзяўчат, іх мам і настаўніц. Многія вучні наведваюць школу алімпійскага рэзерву.

— У спорце таксама ёсць дасягненні, якімі мы ганарымся. Так, навучэнка 9-га класа Ганна Кавалевіч з’яўляецца прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. Яна, дарэчы, адна з наймацнейшых у сваёй узроставай катэгорыі ў рэспубліцы. У цэлым у раёне ў спартыўных спаборніцтвах мы не можам парасягнуць толькі гімназію: на спартакіядзе школьнікаў занялі 2 месца. Дарэчы, настаўніцкія кадры па фізічнай культуры мы рыхтуем сабе самі. У нас працуе некалькі педагогаў, якія зяўляюцца нашымі выпускнікамі, сярод іх Алёна Бурым, Яўген Швец, Валянціна Зенькавец, — адзначае Ганна Пятроўна.

Музейная прастора

Музейная педагогіка знаходзіць у школе новыя формы, прыцягваючы маладое пакаленне да вывучэння гісторыі і культуры. Амаль чатыры гады назад тут адбылося адкрыццё музейнага пакоя «Навечна ў памяці людской», дзе сабраны экспанаты па розных напрамках гісторыі малой радзімы, элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры розных гістарычных перыядаў. Прыцягвае ўвагу экспазіцыя, прысвечаная ахвярам генацыду беларускага народа.

— Экскурсіі па музейным пакоі праводзяць навучэнцы, якіх мы рыхтуем да гэтай дзейнасці. Вучні старшых класаў дзеляцца ведамі і вопытам з малодшымі, а тыя, у сваю чаргу, вучацца не толькі расказваць, але і адчуваць гісторыю. Такі падыход умацоўвае сувязі ўнутры вучнёўскага калектыву і спрыяе развіццю лідарскіх якасцей у моладзі, — адзначае дырэктар.

На базе музейнага пакоя праводзяцца ўрокі, факультатыўныя заняткі, пазакласныя мерапрыемствы. На пачатку навучальнага года была арганізавана выстава, прысвечаная летапісу Глушкавіч. Школьнікі даведаліся, якія знакамітыя людзі з’яўляюцца ўраджэнцамі роднай зямлі. Сярод іх, напрыклад, старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед. 

Знайсці свой шлях

Сістэма работы, што склалася ў школе, разам з актыўнай прафарыентацыяй дазваляе вучням вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.

— За апошнія гады ва ўстанове адбыліся значныя змены ў выбары адукацыйных напрамкаў. Калі раней многія выпускнікі імкнуліся атрымаць медыцынскую адукацыю, то цяпер назіраецца відавочная тэндэнцыя да перапрафілявання на юрыдычныя спецыяльнасці і правазнаўства. Адзін з вучняў выбраў прафесію ў галіне лагістыкі, што таксама адлюстроўвае новыя інтарэсы моладзі. А таму на старшай ступені ў нас працуюць профільныя групы, у якіх школьнікі вывучаюць на павышаным узроўні беларускую мову і гісторыю, — расказвае Г. Ляхавец.

На базе Лельчыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя старшакласнікі асвойваюць прафесіі тынкоўшчыка-маляра і кухара. Па суботах для іх арганізаваны падвоз у раённы цэнтр.

Прадстаўнікі УВА і ССНУ арганізоўваюць выязныя мерапрыемствы і майстар-класы, што дазваляе навучэнцам лепш усведамляць свае кар’ерныя перспектывы. Школа наладзіла сувязі з мясцовым шчэбеневым заводам, які супрацоўнічае з БНТУ. Педагогі і студэнты ўніверсітэта прыязджаюць ва ўстанову, дзеляцца ведамі, што садзейнічае павышэнню цікавасці да горнай справы і будаўніцтва. Ды і завод прапаноўвае камфортныя ўмовы работы і высокую заработную плату. Вучні з задавальненнем працуюць у студатрадах, а потым выбіраюць горныя і будаўнічыя спецыяльнасці ва ўніверсітэце і пасля навучання вяртаюцца працаваць на завод. 

Па словах Г. Ляхавец, ва ўстанове плануецца засяродзіць увагу на інжынерным напрамку, а таксама працягваць рыхтаваць педагагічную змену, бо ў хуткім часе будзе адчувацца патрэба ў настаўніках фізікі і матэматыкі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара