Мінскае абласное кадэцкае вучылішча вызначаецца адметнай сістэмай работы. Пра традыцыі, навучанне і выхаванне дзяцей, іх матывацыю расказвае дырэктар установы Сяргей Мяцельскі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Да новых вяршынь
— Сяргей Віктаравіч, вы ўжо больш як 20 гадоў займаеце кіраўніцкія пасады. Што змянілася за гэты час у вашых поглядах і падыходах?
— За апошнія 20 гадоў мой светапогляд як кіраўніка, вядома, змяніўся. Але я не стаў бы катэгарычна сцвярджаць, што сёння зусім па-іншаму гляджу на прафесію і сваю работу. Вядома, кіраўнік установы адукацыі — перш за ўсё педагог, і менавіта гэта з’яўляецца вызначальным у маёй рабоце. Для мяне заўсёды былі важнымі людзі — вучні, педагогі, бацькі. Разам з тым разумею, што немагчыма эфектыўна працаваць, калі няма кантролю з боку кіраўніка.

Школа — найважнейшая частка сучаснага грамадства, і яна не можа існаваць асобна ад свету, які хутка мяняецца. Жыццё ставіць перад кіраўніком задачы, якія даводзіцца вырашаць штодня, штогадзіны, таму трэба пастаянна знаходзіцца ў зоне развіцця. А яшчэ для кіраўніка важныя гнуткасць і ўменне весці дыялог — гэта дае значна большы эфект, чым фармальныя патрабаванні.
Задача кадэцкай адукацыі — падрыхтаваць канкурэнтаздольнага выпускніка, думаючага, патрыёта і грамадзяніна. А гэта значыць, што і педагогі, і кіраўнік павінны адпавядаць гэтым патрабаванням. Таму я як дырэктар кадэцкага вучылішча імкнуся быць не толькі адміністратарам, але і арганізатарам, які стварае ўмовы для развіцця іншых.
— Сёлета Мінскаму абласному кадэцкаму вучылішчу споўнілася 15 гадоў. У чым місія вашай установы?
— Усе гэтыя 15 гадоў мы рухаліся наперад, многае рабілі ўпершыню, знаходзілі правільныя рашэнні, якія пасля сталі нормамі кадэцкага жыцця і важнымі традыцыямі. Гэта 15 гадоў імкнення да новых вяршынь. А яшчэ гэта час нястомнай працы многіх людзей на карысць навучэнцаў, каб іх жыццё было яркім, насычаным і камфортным.
Усе, хто працуе ў кадэцкім вучылішчы, разумеюць, што іх місія заключаецца ў простых словах: мы выхоўваем будучыню нашай краіны. Вельмі хочацца, каб кожны выпускнік стаў курсантам, потым афіцэрам і служыў на карысць Радзімы. Кадэт — гэта чалавек, які ведае, што годнасць, гонар, вернасць сваім ідэалам, уменне трымаць слова, сябраваць і працягваць таварышу руку дапамогі ў цяжкую хвіліну — галоўныя рэчы ў жыцці.
Сёння вучылішча працуе ў напрамку павышэння якасці адукацыі. Мы імкнёмся да таго, каб кожны наш вучань мог у поўнай меры рэалізаваць сябе, знайсці прымяненне сваім талентам, раскрыць здольнасці. Хтосьці ўпершыню ў вучылішчы выходзіць на сцэну, нехта адкрывае ў сабе талент матэматыка, а кагосьці прываблівае спорт. Але, вядома, галоўнае ў адукацыйнай прасторы нашай установы — вучоба.
— Якія традыцыі падтрымліваеце і сёння?
— Галоўная традыцыя нашага вучылішча — пасвячэнне ў кадэты. Гэта заўсёды асаблівы дзень: маладое пакаленне кадэтаў прамаўляе словы ўрачыстай клятвы. Для васьмікласнікаў гэты дзень вельмі важны: перад бацькамі, педагогамі, старэйшымі таварышамі і перад Радзімай яны клянуцца горда несці званне кадэта, быць сумленнымі і вернымі, быць прыкладам мужнасці, маральнасці, розуму, гонару і годнасці.
Яшчэ адной традыцыяй стаў навагодні кадэцкі баль, які ўпершыню прайшоў у 2012 годзе. Рыхтуемся да яго з кастрычніка, і ў кожнага на ім свая роля. Танцоры, вядучыя, удзельнікі самадзейных нумароў — у гэты дзень важна ўсё.
Паступова ў наша жыццё прыходзяць новыя традыцыі. Напрыклад, сумесна з Брэсцкім абласным кадэцкім вучылішчам на Кургане вечнай Славы ў Ляхавіцкім раёне праводзім гісторыка-патрыятычную акцыю “Нашу память не сотрут года”. Яна праходзіць у чэрвені і прысвечана адной з самых трагічных дат у гісторыі Беларусі — пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя гэтага, у Дзень народнага адзінства ўсе кадэты выходзяць на лёгкаатлетычны прабег “За адзіную Беларусь!”. Сёлета да нас далучыліся ваенныя 30-й асобнай чыгуначнай брыгады. Думаю, у наступным годзе ўдзельнікаў стане яшчэ больш.
— Ва ўяўленні многіх кадэцкае вучылішча — гэта больш пра хлопчыкаў, але ў вас вучыцца і многа дзяўчынак. Чым, на ваш погляд, прываблівае іх кадэцтва?
— Ім, як і хлопчыкам, вельмі падабаецца кадэцкае братэрства, магчымасць атрымаць першапачатковыя навыкі для падрыхтоўкі да далейшай службы. Потым гэта дапамагае адаптавацца да курсанцкага жыцця. Дзяўчынкам складаней паступіць у кадэцкае вучылішча, у іх конкурс пры паступленні вышэйшы. У розныя гады на адно месца прэтэндавалі ад 3 да 5 дзяўчат, таму магу з упэўненасцю сказаць, што яны ў нас самыя лепшыя і ні ў чым не саступаюць хлопчыкам, часта нават пераўзыходзяць іх. Напрыклад, выпускніца, а сёння курсант Ваеннай акадэміі Ганна Яцэвіч на працягу некалькіх гадоў была пераможцай Кубка ДТСААФ па кулявой стральбе сярод спартсменаў, якія займаюцца ў секцыях аргструктур і арганізацый аб’яднання.
Натхняць калектыў
— Якімі якасцямі павінен валодаць дырэктар, каб утрымліваць установу адукацыі на высокіх пазіцыях?
— Мне здаецца, што сучасны кіраўнік — гэта чалавек-дырыжор, які ўмее арганізаваць і натхніць калектыў, вызначыць, як і па якой траекторыі рухацца наперад. Гэта з’яўляецца залогам развіцця і ўдасканалення ўстановы адукацыі. Тут вельмі важнымі складнікамі з’яўляюцца бесперапынная і мэтанакіраваная работа па стварэнні калектыву аднадумцаў, фарміраванне адзінай адукацыйнай прасторы, у маім выпадку — напоўненай духам кадэцтва, і, вядома, імкненне да самаразвіцця. Вялікае значэнне мае і асабісты прыклад кіраўніка. Трэба быць у курсе трэндаў у адукацыі, каб быць цікавым і педагогам, і вучням, а таксама не пераставаць вучыцца. Мне здаецца, гэта натхняе калектыў на работу: метадычныя навацыі павінны знаходзіць прымяненне ў дзейнасці кадэцкага вучылішча.
— Раскажыце пра работу з матываванымі кадэтамі. Ці ёсць у вас сістэма заахвочвання?
— Работа з матываванымі навучэнцамі пачынаецца яшчэ да моманту іх паступлення, калі вывучаем характарыстыкі кандыдатаў. Ужо тады бачым, хто з будучых кадэтаў стане спартыўнай зоркай, а хто раскрые патэнцыял у інтэлектуальных конкурсах. У вучылішчы сёлета адкрыты 114 груп для правядзення факультатыўных заняткаў. Вядома, у першую чаргу гэта прадметы, якія навучэнцы выбіраюць для паступлення ва УВА. Не меншую цікавасць выклікаюць факультатыўныя заняткі па геаграфіі і турызме, дастатковая колькасць гадзін адведзена спорту. Акрамя гэтага, з матываванымі кадэтамі настаўнікі працуюць індывідуальна. Гэта асабліва важна, калі ідзе падрыхтоўка да розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Такая работа прыносіць плён. У мінулым навучальным годзе два нашы кадэты сталі прызёрамі заключнага этапу алімпіяды па фізічнай культуры і па геаграфіі.
Вельмі актыўна навучэнцы ўдзельнічаюць у інтэлектуальных конкурсах і конкурсах даследчых работ. Летась у нас былі дыпломы на ХVI адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Нашчадкі Ламаносава”, XIV адкрытым фестывалі даследчых і творчых работ навучэнцаў “Кніга — пачатак пачаткаў кожнай навукі”, “Чытаем Пушкіна. Беларусь. 2025” і інш. У нас вучацца пераможцы чэмпіянату краіны па міні-гольфе сярод юніёраў і лепшы гулец Мінскай вобласці па валейболе па выніках Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў.
На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды, які не так даўно завяршыўся, у нас адзін дыплом першай, два другой і чатыры дыпломы трэцяй ступені.
Для лепшых кадэтаў існуе сістэма так званых бонусаў, сярод якіх заахвочвальнае звальненне, узнагароджанне нагрудным знакам вучылішча “За выдатныя поспехі”. Мы пішам бацькам кадэтаў падзячныя лісты, таму што яны з’яўляюцца падтрымкай і апорай для дзяцей.
— Што вы параілі б будучым кадэтам і бацькам?
— Будучым навучэнцам хочацца сказаць, што кадэцкае жыццё не такое лёгкае, як гэта можа здацца. Менавіта таму да паступлення трэба вялікую ўвагу ўдзяляць фізічнай падрыхтоўцы, якая напрамую звязана са станам здароўя: у нас могуць вучыцца толькі тыя дзеці, якія маюць асноўную групу па фізкультуры. Другі складнік — падрыхтоўка да ўступных іспытаў. Кандыдаты пішуць кантрольную работу па матэматыцы і дыктоўку па рускай або беларускай мове. Усе тэксты, якія прапаноўваліся падчас паступлення ў папярэднія гады, размешчаны на нашым сайце, а гэта значыць, што ўжо сёння можна пачынаць рыхтавацца.
Нягледзячы на тое, што кадэцкае жыццё нельга назваць простым і бесклапотным, яно вельмі цікавае і насычанае. Мы запрашаем сямікласнікаў прыехаць на дзень адкрытых дзвярэй, дзе мы ўсё падрабязна расказваем і паказваем.
— Сяргей Віктаравіч, якія ідэі хочаце рэалізаваць у бягучым навучальным годзе?
— Планаў многа. За 15 гадоў кадэцкага жыцця многае выбудавана ў сістэму, стала нормай жыцця. Падводзіць вынікі яшчэ рана, але ўжо ёсць што расказаць пра тое, як усё пачыналася, таму плануем стварыць музейны пакой, прысвечаны кадэцкаму вучылішчу. Акрамя гэтага, хочам адкрыць новы факультатыў “Асновы кіравання квадракоптарам”. У больш далёкіх планах, якія патрабуюць фінансавых укладанняў, — абсталяванне паўнавартаснай трэнажорнай залы і варкаўт-пляцоўкі.
І самае важнае — мы збіраемся працаваць так, каб нашы дзеці ганарыліся сваёй установай адукацыі і тым, што яны выпускнікі Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





