Як павысіць матывацыю малодшых школьнікаў да чытання з дапамогай візуалізацыі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала настаўніца пачатковых класаў Таццяна Лінкевіч з пінскай гімназіі № 2 імя архіепіскапа Стэфана.

— Візуальныя формы вучэбнага матэрыялу істотна ўзмацняюць развіццёвы патэнцыял урокаў: паскараюць успрыманне, асэнсаванне і абагульненне, фарміруюць уменні аналізаваць паняцці, згортваць і разгортваць інфармацыю, — лічыць педагог.
У сваёй рабоце педагог актыўна звяртаецца да розных прыёмаў візуалізацыі. Адзін з найбольш дзейсных — “Воблака слоў”. Гэта візуальнае прадстаўленне групы слоў, аб’яднаных адной тэмай.
— На этапе абагульнення новага матэрыялу паказваю “воблака”, складзенае са слоў, узятых з незнаёмага тэксту, і прашу здагадацца пра яго змест, — гаворыць Таццяна Анатольеўна. — Прапаную дапоўніць тэкст адсутнымі словамі з “воблака”, скласці па апорных словах з яго апавяданне, верш ці прымаўку. Пры абагульненні матэрыялу па пэўным раздзеле збіраю ў “воблаку” імёны герояў і прозвішчы аўтараў, а дзеці ўстанаўліваюць паміж імі ўзаемасувязь і называюць творы.
Акрамя слоў, настаўніца візуалізуе інфармацыю і з дапамогай графічных знакаў — скрайбінгу. У 1 класе на ўроках навучання пісьму школьнікі па меры чытання апавяданняў выкладваюць і наклейваюць на аркуш гатовыя карцінкі, якія адпавядаюць тэксту. Гатовыя выявы можна таксама мацаваць на дошцы магнітамі. Асабліва дапамагаюць скрайбы пры завучванні вершаў.
— Пры выкананні практыкавання “Магнітны эцюд” выкарыстоўваю індывідуальныя магнітныя планшэцікі, дзе адлюстроўваюцца экспрэс-малюнкі: настрой галоўнага героя твора, уласны настрой, неіснуючыя чароўныя прадметы, — працягвае Таццяна Лінкевіч. — А вось практыкаванне “Палітра” дапамагае ацаніць эмацыянальнае ўспрыманне мастацкага тэксту і скласці цэласны вобраз персанажа. Прапаную трэцякласнікам і чацвёртакласнікам абазначыць колерам іх пачуцці да галоўнага героя ў пачатку і ў канцы апавядання, а таксама абгрунтаваць выбар колеру.
Выконваючы практыкаванне “Дрэва пытанняў”, педагог малюе дрэва без лісця. Вучні складаюць і на маленькіх стыкерах запісваюць пытанні да прапанаванага тэксту. Стыкеры мацуюцца да галінак. У 3 класе заданне ўскладняецца: вучні запісваюць да пытання 3 варыянты адказаў, адзін з якіх правільны. У выніку атрымліваецца своеасаблівы кірмаш пытанняў.
Не абыходзіць увагай педагог і асацыятыўныя галаваломкі накшталт кросенса. З яго дапамогай школьнікі расказваюць вучэбны матэрыял мінулага ўрока. Акрамя таго, кросенсы добра падыходзяць для вызначэння тэмы заняткаў, твора, аўтара і галоўнага героя. Для гэтага дзецям неабходна ўстанавіць сувязь паміж выявамі на дошцы. Практыкуе настаўніца і групавую работу з кросенсамі на пэўную тэму з прапанаваных карцінак з далейшым іх параўнаннем.
— З першых урокаў імкнуся захапіць выхаванцаў драматызацыяй, — заўважае Таццяна Анатольеўна. — У 1 класе звяртаюся да тэатра-экспромта: выбіраю дзеючых персанажаў, чытаю твор, а дзеці-акцёры выконваюць рухі. Вельмі падабаюцца вучням і інсцэніроўкі. Клас дзеліцца на групы, выбіраюцца героі, падбіраюцца касцюмы і адпаведныя атрыбуты, школьнікі завучваюць рэплікі. Прапаную дзецям QR-код з узорным чытаннем прафесійнага акцёра.
Калі вучні асвойваюць пісьмо, то шукаюць асацыяцыі да пэўных літар. Шмат станоўчых эмоцый выклікае практыкаванне-эцюд “Жывая літара”: школьнікі рухамі цела паказваюць тую ці іншую літару ў парах або самастойна.
— Развіваць маўленчыя ўменні і навыкі дазваляе лічбавы сторытэлінг, калі аповед гісторыі суправаджаецца візуальнымі кампанентамі: карцінкамі ці відэасюжэтамі. А вось у традыцыйным сторытэлінгу вызначыць сюжэтную лінію твора дапамагаюць кубікі, па якіх дзеці складаюць уласныя гісторыі. Так, рассыпаю кубікі з гатовымі выявамі, а вучні размяшчаюць іх у паслядоўнасці падзей сваіх гісторый, — падагульняе Таццяна Лінкевіч.
Трэба адзначыць, што педагог удзельнічала ў стварэнні вучэбных модуляў па літаратурным чытанні для другакласнікаў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, а таксама з’яўляецца пераможцай міжнароднага конкурсу “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў” у адной з намінацый.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





