Якую дапамогу аказваюць дзецям з парушэннямі зроку ў спецыяльным дзіцячым садзе № 19 Мінска

- 11:15Образование

Кожны выхаванец спецыяльнага дзіцячага сада № 19 Мінска акружаны цеплынёй і клопатам. Асаблівая ўвага тут удзяляецца карэкцыйна-педагагічнай і лячэбна-­аднаўленчай рабоце, паколькі ўсе дзеці маюць парушэнні зроку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нясумная зарадка для вачэй

— У нашым садзе сёння выхоўваецца 85 дзяцей, — адзначае загадчыца Віялета Леанідаўна Какорына. — Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў зроку — касавокасць, амбліяпія і міяпія. У некаторых малых выяўлены адразу некалькі зрокавых праблем, часам сумешчаных з іншымі асаблівасцямі ў развіцці. Ёсць і вельмі складаныя выпадкі, аж да поўнай страты зроку. Невідушчых дзяцей педагогі вучаць бытавым навыкам, а таксама навыкам арыенціроўкі і самастойнага перамяшчэння ў памяшканні і на вуліцы. У гэтым дапамагаюць спецыяльныя пазнакі і рэльефныя абазначэнні, размешчаныя ўсюды на ўзроўні рук дзяцей. Трое нашых выхаванцаў маюць РАС. Для іх прадугледжана індывідуальнае суправаджэнне.

Усе аб’екты і элементы адукацыйнай прасторы ва ўстанове — ці то гэта вялікая насценная карта краіны з падсветкай, экспанаты міні-музея беларускага побыту і культуры або яркая кветкавая экспазіцыя ў холе — спрыяюць развіццю дзяцей, дапамагаюць ім пазнаваць свет, паколькі з’яўляюцца нагляднымі, даступнымі для ўспрымання і дотыку, а таксама выкарыстоўваюцца педагогамі падчас заняткаў.

Спецыяльны дзіцячы сад № 19 Мінска з’яўляецца філіялам кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Штогод тут праходзяць практыку студэнты — будучыя выхавальнікі і настаўнікі-дэфектолагі. Для іх гэта ўнікальная магчымасць атрымаць вопыт работы з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў асаблівай падтрымцы. Выпускнікі ўніверсітэта імкнуцца трапіць сюды на работу. Толькі за апошнія 8 гадоў уладкавалася 6 маладых спецыялістаў.

У кабінетах, дзе праходзяць заняткі, нават на дзвярах заўважаем маляўнічыя афтальматрэнажоры з выявай розных персанажаў. Пад кіраўніцтвам педагогаў дзеці выконваюць зусім не сумную зрокавую зарадку: не проста водзяць вачыма па намаляваных стрэлачках, а назіраюць за траекторыяй палёту матылька да кветкі або адпраўляюцца ў чароўнае падарожжа з героямі казкі.

Звычайны дэкор на сцяне таксама можна ператварыць у афтальматрэнажор. Так, у адной з груп сада аформлены куток прыроды ў выглядзе стылізаванага дрэва са зменнымі сезоннымі кампазіцыямі. Зімой яго ўпрыгожваюць сняжынкі, восенню — рознакаляровае лісце. Выхавальніца прапануе дзецям з дапамогай указкі, якая свеціцца, адшукаць на дрэве саву ці вавёрку, а над дрэвам — сонейка або хмарку. Такія гульнявыя заданні развіваюць увагу, зрокавае ўспрыманне і вокарухальныя функцыі.

У кожнай садаўскай групе працуюць выхавальнік, памочнік выхавальніка і настаўнік-дэфектолаг (тыфлапедагог), які праводзіць карэкцыйныя заняткі. Сярод іх — Вольга Уладзіміраўна Велігон.

— Мы абапіраемся на патрэбы і магчымасці кожнага дзіцяці і ўлічваем рэкамендацыі афтальмолага, — расказвае педагог. — Гатовыя дапаможнікі не заўсёды падыходзяць для выхаванцаў: графіка можа быць занадта дробнай або недастаткова кантраснай. Таму ўсе матэрыялы і заданні адаптую пад канкрэтнага малога, многія з іх ствараю сама на камп’ютары. Часам для заняткаў патрабуецца дадатковае абсталяванне, напрыклад, павелічальнае шкло. Так, бацькі адной маёй выхаванкі з цяжкай прыроджанай паталогіяй вачэй набылі спецыяльны павелічальнік, які дазваляе разглядаць выявы з васьміразовым павелічэннем. Спачатку дзіця вывучае заданне ў кнізе праз экран прылады, а затым выконвае яго ў сшытку. У будучыні, калі дзяўчынка працягне навучанне ў школе, гэты прыбор будзе для яе незаменным памочнікам пры рабоце з пад­ручнікамі.

Аўтарскі падыход

— У дзяцей з парушэннямі зроку часта назіраецца вербалізм — яны мо­гуць прамаў­ляць словы, але не звязва­юць іх з рэальнымі вобразамі, — адзначае настаўнік-дэфектолаг Святлана Міка­лаеўна Грыцкова. — Наша задача — сфарміраваць у выхаванцаў паўнавартаснае ўяўленне аб тым ці іншым прадмеце.

У гэты дзень малыя разам са Святланай Мікалаеўнай вывучалі тэму “Агародніна”. На стале ляжалі разнастайныя дамашнія нарыхтоўкі. Дзеці не проста называлі агародніну, а замацоўвалі яе прыкметы ў маўленні і мысленні. Знаёміліся больш дэталёва: вызначалі колер, форму і велічыню, разразалі і каштавалі на смак, разглядалі мякаць і насенне, параўноўвалі мяккасць і цвёрдасць, даведваліся пра розныя гатункі.

Для развіцця зрокавага ўспрымання ў выхаванцаў 2—3 гадоў Святлана Грыцкова распрацавала аўтарскі дыдактычны афтальматрэнажор “Бінакуляр” з комплексам гульнявых практыкаванняў. Гэтая тэхнічная прылада складаецца з круглага драўлянага кораба, у які ўбудавана святлодыёдная падсветка і адаптар. Зверху адзін над другім размешчаны два рухомыя дыскі з акрылавага шкла. Ніжні матавы дыск па­дзелены на 6 роўных сектараў жоўтага, зялёнага, чырвонага, сіняга, белага і чорнага колеру. Верхні дыск празрысты. Тэхнічныя магчымасці трэнажора дазваля­юць выкарыстоўваць падсветку гульнявой паверхні для аблягчэння зрокавага ўспрымання дыдактычнага матэрыялу дзецьмі з нізкай вастрынёй зроку. Ствараецца неабходны кантраст паміж фонам і аб’ектам, які дэманструецца. Размяшчаецца наглядны матэрыял на верхнім празрыстым і на ніжнім каляровым дысках, якія круцяцца ў розныя бакі, і адбываецца зліццё або сумяшчэнне прадметных малюнкаў.

Усе гульнявыя практыкаванні для афтальматрэнажора педагог аб’яднала ў 5 комплексаў у залежнасці ад кірункаў карэкцыйнай работы па развіцці зрокавага ўспрымання. Гэта традыцыйныя практыкаванні і арыгінальныя гульнявыя заданні, створаныя аўтарам на аснове праграмнага матэрыялу па тэмах (адзен­не, садавіна, жывёлы, геаметрычныя фігуры і г.д.).

— З дапамогай афтальматрэнажора ёсць магчымасць стварыць умовы найлепшай бачнасці для дзяцей, — тлумачыць Святлана Мікалаеўна. — Калі, напрыклад, можна разглядаць карцінкі на кантрасных фонах: зялёны агурок на чырвоным або белым фоне і г.д. Гэта дапамагае малышам лягчэй вылучаць малюнак з агульнага фону.

Калі дзіця прыходзіць у кабінет апаратнага лячэння і садзіцца за той ці іншы прыбор, часта не можа зразумець інструкцыю, якую дае яму медык. Заняткі на афтальматрэнажоры “Бінакуляр” сталі элементам пад­рыхтоўкі да лячэбна-аднаўленчай работы, дапамагаюць асвоіць навыкі, неабходныя для апаратнага лячэння, і замацаваць яго вынікі.

— Так, для работы з сінаптафорам — апаратам для карэкцыі касавокасці — малым трэба ўмець сумяшчаць выявы ў адзіны зрокавы вобраз, — працягвае Святлана Мікалаеўна. — На трэнажоры можна выконваць займальныя заданні па аб’яднанні малюнкаў у суцэльны вобраз. Напрыклад, трэба коціка без вушак, але з хвосцікам злучыць з коцікам, у якога ёсць вушкі, але няма хвосціка. Для самых маленькіх прадугледжаны больш простыя практыкаванні: яны вучацца складаць пірамідкі з асобных дэталей. Праз такія гульнявыя заданні фарміруецца навык аб’яднання малюнкаў у адзіны зрокавы вобраз на спецыялізаваных апаратах.

Лячэнне паэтапнае 

У кабінеце аховы зроку працуюць урач-спецыяліст Ірына Міхайлаўна Нахімава і медсястра па апаратным лячэнні Іна Пятроўна Маняк.

— Праз наш кабінет штодзень прахо­дзіць каля 80 дзяцей, сярод якіх 16 маюць інваліднасць, — расказвае Ірына Міхайлаўна. — Большую частку часу мы займаемся работай па аднаўленні бінакулярнага зроку і павышэнні яго вастрыні. Лячэнне праводзіцца паэтапна. Спачатку прымяняецца плеоптыка — комплекс метадаў, накіраваных на аднаўленне вастрыні зроку. Затым ідзе этап артоптыкі, калі праводзіцца карэкцыя касавокасці і аднаўляецца бінакулярны зрок. Завяршальным этапам становіцца дыплоптыка — трэніроўка па пераадоленні штучна створанай касавокасці.

Спецыялісты ў рабоце з дзецьмі выкарыстоўваюць шэраг прыбораў: сінаптафор, амбліястымулятар “Бусел”, трохкаляровы рэцінальны стымулятар, каляровы макуластымулятар, лазерны прыбор са спексістэмай, мускула-трэнер “Сакада”. Абсталяваны камп’ютарны клас з 8 лячэбна-дыягнастычнымі праграмамі. Так, праграма “Плеоптыка” для лячэння амбліяпіі прапануе дзецям заданні на спрыт і ўвагу: аб’екты міргаюць, памяншаюцца або павялічваюцца ў залежнасці ад зрокавай рэакцыі на іх з боку дзіцяці.

Што тычыцца вынікаў карэкцыйна-педагагічнай і лячэбна-аднаўленчай работы, якая праводзіцца ў дзіцячым садзе, то яны ёсць. Большасць выхаванцаў да моманту выпуску з установы вылечваецца. У астатніх, як правіла, назіраецца паляпшэнне зроку. Амаль усе выпускнікі працягваюць навучанне ў звычайных школах, і адзін­кі з тых, хто не бачыць ці слаба ба­чыць, накіроўваюцца ў спецыяльную школу № 188 Мінска.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА