Зрабіць урокі цікавымі і творчымі настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Смалявіч Валянціне Стаін дапамагаюць праектная дзейнасць і гульнявыя тэхналогіі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Узаемны дыялог
Кожны ўрок, кожную сустрэчу з вучнямі яна лічыць новай важнай старонкай у сваёй прафесіі:
— Пасля заканчэння Барысаўскага дзяржаўнага каледжа вярнулася ў родную школу і працягваю традыцыі сваіх настаўнікаў. У канцы мінулага навучальнага года ў мяне быў першы выпуск, а ў верасні да мяне зноў прыйшлі вучыцца малышы. Веру, што ў кожнага дзіцяці ёсць таленты, і мая задача — заўважыць іх, дапамагчы разгарэцца ў яркі агонь. Гэтага дазваляюць дабіцца праектная дзейнасць, праблемнае навучанне, інтэграваныя ўрокі. Стараюся кожны ўрок зрабіць цікавым і змястоўным, імкнуся даносіць сутнасць рэчаў, вучу дзяцей быць самастойнымі.

За той час, пакуль выкладае, стаўленне да прафесіі ў Валянціны Сяргееўны змянілася. Настаўніца прызналася, што спачатку адносілася да школы як да работы, але сёння разумее, што гэта яе прызванне.
— Самае каштоўнае для мяне — эмацыянальная аддача вучняў, — дадае педагог. — Дзіцячая непасрэднасць, бязмежны давер, калі яны бягуць падзяліцца і радасцю, і крыўдай, мне вельмі падабаюцца. Гэта зараджае неверагоднай энергіяй. Я люблю нашы маленькія, але такія важныя рытуалы: штораніцы мы абдымаемся з тымі, каму сумна, у каго няма настрою, абмяркоўваем усё, што адбылося з кожным за мінулы дзень.
Заняткі, якія арганізоўвае педагог, заўсёды з індывідуальным падыходам. Валянціна Стаін запэўнівае: урок стане паспяховым тады, калі настаўнік будзе ўлічваць асаблівасці і патрэбы кожнага маленькага навучэнца.
Як у дзіцяці фарміруецца жаданне вучыцца? Што мае першаснае значэнне? Валянціна Сяргееўна ўпэўнена, што вучань, асабліва ў малодшых класах, у школу павінен ісці з радасцю:
— Для школьнікаў вельмі важная падтрымка настаўніка. Жаданне вучыцца фарміруецца там, дзе ёсць разуменне, а таксама дыялог з педагогам. Калі настаўнік заўважае, што ў дзіцяці сумныя вочы, і можа адкласці свае планы, каб проста пагаварыць з ім, гэта вельмі акрыляе навучэнцаў. Дзецям важна бачыць, што імі захапляюцца, што іх падтрымліваюць. А для таго каб захапіць урокам, настаўнік павінен быць захоплены работай. Дзеці ўмеюць чытаць эмоцыі, настрой і імгненна зараджаюцца адпаведнай энергіяй. А яшчэ навучэнцам трэба адчуваць, што іх любяць не за дзясяткі, а проста таму, што яны ёсць. Адна з вучаніц неяк сказала: “Я вас люблю, таму што вы мне ўсміхаецеся, нават калі я памыляюся”. Вось гэта і ёсць галоўны сакрэт, які прымушае яшчэ больш працаваць, развівацца, імкнуцца да самаўдасканалення.
Правільная матывацыя
У пачатковай школе, па назіраннях педагога, самыя эфектыўныя формы работы — гэта не маштабныя праекты, а маленькія фарматы, якія можна дадаць да любога ўрока і якія абавязкова прыцягнуць увагу дзяцей:
— Пяць мінут у фармаце “Ты — настаўнік”, калі дзіця каля дошкі тлумачыць суседу толькі што рэшаную задачу, “Спрынт-эксперымент” на ўроку па прадмеце “Чалавек і свет”. Цікавымі атрымліваюцца і ўрокі за межамі кабінета. Так, мы праводзілі матэматыку на школьным стадыёне, вымяралі даўжыні, разлічвалі перыметр. У школьнай бібліятэцы арганізоўвалі заняткі па развіцці маўлення, вучыліся складаць апавяданне па карціне.
Не трэба забываць і аб правільнай матывацыі: для вучняў, якія баяцца памыліцца, Валянціна Сяргееўна прыдумала цікавы падыход.
— Мая галоўная задача — змясціць фокус з адзнакі на старанне, — дзеліцца сакрэтам педагог. — Мы заключаем дагавор, ставім мэту не пазбягаць памылак, а паспрабаваць розныя спосабы рашэння задачы або задання. Калі ўсё роўна не атрымаецца, то разбяром чаму, і гэта будзе наш агульны поспех, таму што ў выніку мы разам знайшлі правільны шлях. На ўроках актыўна выкарыстоўваю чарнавікі, пробныя лісты, дзе можна пісаць алоўкам і сціраць. Тут матывацыя нараджаецца дзякуючы адчуванню бяспекі.
Каб яшчэ больш аб’яднаць дзяцей вакол сябе, маладая настаўніца арганізоўвае разам з вучнямі цікавыя экскурсіі, паходы ў тэатр і музеі, конкурсы і віктарыны. Усё гэта дапамагае пашыраць кругагляд, даведвацца многа новага і цікавага, але галоўнае — такая дзейнасць дапамагае школьнікам адчуць сябе часткай дружнага і згуртаванага калектыву.
— У школе працую пяты год і магу з упэўненасцю сказаць, што гэта час пошукаў і адкрыццяў, якія спрыяюць майму развіццю як прафесійна, так і асобасна, — зазначае педагог. — У мяне заўсёды ёсць магчымасці развівацца ў інтэлектуальным, творчым і прафесійным плане. Гэта вельмі важна, бо мы бяром на сябе адказнасць за навучанне, выхаванне новых пакаленняў. Вялікі гонар і адказнасць — даваць веды, дзяліцца мудрасцю, вучыць думаць і разважаць, абуджаць у малышоў цікавасць да пазнання свету.
Валянціна Сяргееўна ўпэўнена: настаўнік павінен не толькі вучыць, але і выхоўваць, у тым ліку ўласным прыкладам:
— Кожнае наша слова, рэакцыя, учынак — гэта мадэль паводзін для дзіцяці. Мы павінны выхоўваць адказнасць, павагу, любоў да роднага краю.
Разам з тым педагог агучыла і некаторыя праблемы:
— Нізкая культура чытання — адна з вострых праблем, але не галоўная. Я дадала б у гэты спіс лічбавую гіперактыўнасць і кліпавае мысленне. Дзецям складана канцэнтравацца на доўгіх тэкстах, утрымліваць увагу, паглыбляцца ў працэс. Гэта ўплывае не толькі на чытанне, але і на здольнасць да глыбокага засваення любога матэрыялу.
На пытанне пра ролю першага настаўніка Валянціна Стаін адказала:
— Дзіця часта не ведае, што рабіць са сваім гневам, крыўдай, радасцю, многія пачуцці яму незразумелыя. Мая задача, акрамя навучання, растлумачыць тое, што невядома ці незразумела, простымі словамі, не хаваць эмоцыі, а знаходзіць для іх выхад.
Наталля САХНО
Фота аўтара





