У Хойніцкім санаторным садзе рэалізуецца праект па энергазберажэнні

- 14:18Образование

У Хойніцкім санаторным садзе дзеці вучацца асновам эканамічнай культуры праз гульню, а педагогі пастаянна шукаюць новыя формы работы, каб выхаванне адказнасці і самастойнасці стала арганічнай часткай адукацыйнага працэсу. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па словах загадчыцы Марыі Вяргейчык, педагогі імкнуцца ўдасканальваць свае прафесійныя навыкі і прапануюць новыя ідэі.

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Іна Шут рэалізуе праект па энергазберажэнні. У выніку адукацыйны працэс у дашкольнай установе накіраваны на фарміраванне ў выхаванцаў эканомных і беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў. Як гэта выглядае на практыцы? Спачатку педагогі сфакусіраваліся на арганізацыі адпаведнага прадметна-прасторавага асяроддзя. Нават правялі конкурс ва ўсіх узроставых групах. Каб перамагчы, выхавальнікам трэба было стварыць найлепшыя ўмовы для фарміравання эканамічнай культуры праз сюжэтна-ролевыя гульні.

У шафах і на паліцах з’явіліся атрыбуты, якія накіраваны на фарміраванне эканамічных паняццяў: альбомы з інфарма­цыяй пра прафесіі,  прадпрыемствы нашай краіны, прыродныя рэсурсы, правілы эканамічных і беражлівых адносін; дыдактычныя гульні па эканамічным выхаванні па самых розных напрамках (сям’я, сямейны бюджэт; пакупкі, продаж, паслугі; рэсурсы і іх выкарыстанне; праца, прафесія).

Як адзначыла Іна Шут, створаныя сюжэтна-ролевыя гульні даз­валяюць мадэляваць рэальныя жыццёвыя сітуацыі: працэс куп­лі-продажу, вытворчасці і збыту гатовай прадукцыі, банкаўскія аперацыі.

— Умела арганізаваная эканамічная гульня спрыяе развіццю пазнавальнай актыўнасці, фарміраванню дзелавых якасцей дзяцей, — заўважае Іна Віктараўна. — А калі яна яшчэ і цікавая, то захопіць нават самае не актыўнае дзіця. Для фарміравання ўяўленняў аб прыродных рэсурсах (ва­дзе, сонечнай энергіі, энергіі вет­ру) і ўстанаўлення ўзаемасувязі паміж аб’ектамі жывой і нежывой прыроды на тэрыторыі нашага сада створана экалагічная сцяжынка, дзе разам з яе гаспадыняй Савояй праходзяць пазнавальныя мерапрыемствы.

Акрамя таго, ва ўсіх групах штодзень арганізуецца элементарная працоўная дзейнасць, якая напрамую звязана з эканамічным выхаваннем і накіравана на фарміраванне карысных бытавых звычак. Напрыклад, дзецям увесь час нагадваюць выключаць ваду пры мыцці цацак. Педагогі пастаянна звяртаюць увагу выхаванцаў на зламаныя цацкі, ра­зарваныя кнігі, паказваюць, як іх можна адрамантаваць. Каля кожнага выключальніка, дзвярэй, ракавіны расклеены значкі аб неабходнасці эканоміі святла, вады, цяпла. Іх дызайн, дарэчы, распрацоўвалі дашкольнікі сумесна з педагогамі. У групах з’явіліся свае персанажы-сімвалы, напрыклад, Кропелька, Гном-эканом, якія знаёмяць дзяцей са спосабамі эканомнага расходавання энергарэсурсаў.

Безумоўна, усе веды ў дзіцячым садзе лепш за ўсё замацоўваюцца праз гульнявую, творчую дзейнасць. У санаторным садзе рэгулярна арганізуюцца тэматычныя выставы дзіцячых малюнкаў, выкарыстоўваюцца дыдактычныя гульні “Берагоша”, “Магазін”, “Карысна — шкодна”, “Прафесіі”.

— Праводзім для дзетак экскурсіі “Дзе жыве электрычнасць у дзіцячым садзе?” (электрашчытавая), “Адкуль цяпло ў сад прыйшло?” (цеплапункт), “Энергапрыборы ва ўстанове” (харчаблок, пральня), што пашырае кругагляд, узбагачае асабісты вопыт дзяцей. Як, дарэчы, і праектная дзейнасць, падчас якой выхаванцы вывучалі асаблівасці захоўвання і ўтылізацыі пластыку, уздзеянне смецця на экалогію, — адзначыла Іна Шут.

Педагогам для паспяховай рэалізацыі праекта таксама неабходна пашыраць свой прафесійны кругагляд. У сувязі з гэтым у дзіцячым садзе рэгулярна праводзяцца семінары-практыкумы, кансультацыі, тэматычныя тыдні.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА