75% супрацоўнікаў Кароўчынскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна — карэнныя жыхары аграгарадка. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дырэктарам установы Інай Пачко пра тое, як наладзіць работу так, каб выпускнікі заставаліся на малой радзіме.

— Іна Васільеўна, паслухаеш вас усяго 5 мінут — і хочацца пераехаць у Кароўчына, настолькі вы любіце родны край.
— Магу гаварыць пра яго доўга, бо тут нарадзілася, вырасла, хадзіла ў мясцовую школу. Наш Прэзідэнт сказаў аднойчы: “Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт”. Як добра гэтыя словы падыходзяць нам, настаўнікам, асабліва вясковым! Лічу, у плане патрыятычнага выхавання з сельскімі школьнікамі працаваць лягчэй, чым з гарадскімі.
— Чаму?
— Яны растуць, як кажуць, да зямлі блізка. Бачаць прыгажосць роднага краю, турботы сельскіх людзей, вучацца змалку цаніць працу. І праз гэта — любіць і паважаць родны кут. Наша мэта — зрабіць так, каб большасць выпускнікоў школы заставалася жыць на малой радзіме і прыносіла ёй карысць.
— А як гэта зрабіць?
— Выкарыстоўваць спадчыну малой радзімы па максімуме: хадзіць з дзецьмі ў паходы, супрацоўнічаць з мясцовым Домам культуры, праводзіць экскурсіі па салдацкіх сцежках, часцей наведваць брацкія магілы.
Нашы дзеці часта бываюць у Доме рамёстваў. Прычым яны туды ходзяць не проста ў госці, а займацца творчасцю — ткацтвам, выцінанкай, пляценнем з саломкі, рагозу, лазы. У тым ліку вырабляюць унікальныя дрыбінскія лапці з ліпавай лазы — з адкрытым носам і пяткай. Ганарымся тым, што мы родам з беларускай глыбінкі, якая мае асаблівы дух і традыцыі. Цудоўныя кароўчынскія майстрыхі з пакалення ў пакаленне перадаюць рамесніцкія сакрэты продкаў. Супрацоўнікі дамоў культуры і рамёстваў з радасцю прымаюць удзел у школьных мерапрыемствах. У нашым аграгарадку пануе па-сапраўднаму сямейная атмасфера. Я ніводнага разу не пачула ад вучняў дрэннага слова, не бачыла, каб яны непаважліва паставіліся да настаўніка, не адчынілі перад ім дзверы ці не павіталіся.
— Патрыятычнае выхаванне арганічна ўплятаецца ў штодзённае жыццё школы?
— Так было заўсёды. Памятаю, калі сама вучылася ў школе, мы хадзілі па хатах, збіралі розныя прадметы для экспазіцыі, запісвалі аповеды старых людзей, кароўчынскія легенды. І сёння раю настаўнікам гэта рабіць — не толькі даваць вучням гатовую інфармацыю на ўроках, але і адпраўляць моладзь “у поле”. Няхай вучні самі збіраюць свой гістарычны скарб. Бацькам, якія жывуць у горадзе, трэба часцей прывозіць дзяцей на малую радзіму — да вытокаў. Для дзяцей гэта лепшы ўрок патрыятычнага выхавання.
Ва ўстанове дзейнічае гісторыка-этнаграфічны музей “Бабіна хата”, дзе стаіць ткацкі станок, якому больш за 150 гадоў, ёсць экспазіцыя “Куток баявой славы”. Нашы вучні перамагаюць на раённых і абласных конкурсах юных экскурсаводаў, а два гады назад на рэспубліканскім этапе занялі 3-е месца. З навучэнцамі працуе мая намесніца настаўніца пачатковых класаў Алена Каралёва, якая з’яўляецца прафесіяналам музейнай справы.
Дзеці добра ведаюць гісторыю роднай школы, якой хутка споўніцца 150 гадоў, памятаюць імёны педагогаў, якія выкладалі шмат гадоў назад. Аднойчы мы сабралі настаўнікаў, якія працавалі тут амаль паўвека назад, — яны расказалі школьнікам шмат цікавых гісторый. Да таго ж разам з навучэнцамі даглядаем магілы тых, хто пахаваны ў Кароўчыне.
— Кажуць, сучасных дзяцей класічныя экскурсіі не прывабліваюць, ім хочацца больш інтэрактыву, гістарычных рэканструкцый.
— На мой погляд, павінны быць розныя фарматы работы. Інтэрактыў таксама ў нас ёсць. Праводзім у этнаграфічным музеі святы — Каляды, Масленіцу. У нас нават ёсць маслабойка, у якой дзеці вучацца збіваць масла! Але галоўнае — зацікаўленыя педагогі, тады і ў дзяцей вочы загарацца. Ужо некалькі гадоў наша ўстанова мае статус “Школа міру”, за перамогу ў адным з міратворчых праектаў нам выдзелілі сродкі, якія мы вырашылі выкарыстаць для стварэння кутка баявой славы. Гэта было сапраўды неабходна, бо мы назапасілі шмат унікальнага матэрыялу пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, настаўнікаў-франтавікоў. Калісьці тут жыло каля 40 ветэранаў — засталіся дзённікі ўспамінаў, куды школьнікі запісвалі іх аповеды. У стварэнні экспазіцыі прымалі ўдзел і бацькі вучняў, і ветэраны педагагічнай працы. Адкрылі мы яе два гады назад у дзень Хатынскай трагедыі.
— Раскажыце пра найбольш цікавыя экспанаты.
— Напэўна, гэта рукапісны ліст-падзяка ад Сталіна аднавяскоўцу — удзельніку вайны Міхалу Бялясаву. Ёсць і арыгінал газеты “Правда” ад 22 чэрвеня 1941 года. Дарэчы, наша работа не спыняецца. Калі знаходзім цікавую інфармацыю пра былога настаўніка школы, адразу адпраўляем запыты пра яго ў архівы, бібліятэкі.
— Плануеце прапаноўваць наведвальнікам музея новыя экспазіцыі?
— Так. Цяпер збіраем рэчы, якія адлюстроўваюць савецкую эпоху: дыскавыя тэлефоны, прадметы вучнёўскага побыту, старыя электрапрыборы, ёлачныя цацкі. Дзеці павінны ведаць, як жылі іх бацькі, бабулі і дзядулі… Вядома, работа па патрыятычным выхаванні канцэнтруецца не толькі ў музеі, ёй прасякнута ўсё жыццё школы, кожны вучэбны прадмет.
— Нават фізіка ці хімія?
— На ўроках фізікі, хіміі, матэматыкі ці інфарматыкі можна, скажам, прыгадваць знакамітых вучоных-землякоў. А наш настаўнік інфарматыкі Максім Аўраменка некалькі гадоў назад стварыў для конкурсу “Патрыёт.by” гульню, з якой мы перамаглі на рэспубліканскім этапе, — пра беларускага бусліка. Да таго ж педагог вядзе факультатыў “Робататэхніка”, і нават у гэтыя заняткі ён змог уключыць нацыянальны кампанент. Добры настаўнік — галоўны скарб школы. Пры гэтым, на мой погляд, не столькі важная яго кваліфікацыя, колькі стаўленне чалавека да сваёй справы. Менавіта такі чалавек здольны выхаваць сапраўдных герояў нашага часу — людзей, якія будуць зберагаць мір у нашай краіне.
***
Педагогі школы распрацавалі краязнаўчы квест “Гартаючы старонкі”, які спрыяе вывучэнню гісторыі малой радзімы. Азнаёміцца з ім прапануем на сеткавым рэсурсе ng-press.by.
Квест лёгка можна адаптаваць пад любы куток Беларусі. Пазнавальная гульня дзеліцца на некалькі этапаў. Каманды атрымліваюць маршрутныя лісты і адпраўляюцца па наступных станцыях:
- “Геаграфічная” (дзеці наносяць на карту свой раён, аграгарадок, малююць герб раёна).
- “Традыцыі і звычаі” (гуляюць у мясцовую народную гульню “Лапаточак”).
- “Сімвалы краю” (адказваюць на пытанні пра топ-8 раслін і жывёл раёна, сярод якіх, напрыклад, цыкорый, пчала, груша).
- “Паэтычная” (выконваюць заданні па вершах мясцовай паэтэсы Людмілы Сухаваравай).
- “Гістарычная” (адказваюць на пытанні, звязанныя з гісторыяй школы).
- “Памяць” (паказваюць, наколькі добра ведаюць гісторыю раёна).
- “Знаўцы Кароўчынскага краю” (разгадваюць крыжаванку, прысвечаную малой радзіме).
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара





