Беларусь прапануе Іркуцкай вобласці новыя перспектыўныя праекты
Беларусь гатова да далейшага развіцця ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных адносін з Іркуцкай вобласцю і рэалізацыі новых сумесных праектаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Сяргеем Леўчанкам.
“Мы гатовы значна павялічыць паказчыкі ва ўзаемным гандлі. І будзем рабіць усё, што ад нас залежыць. Паверце, за намі затрымкі не будзе. Усе дамоўленасці, дасягнутыя вамі ў ходзе гэтага візіту, будуць няўхільна выконвацца. Перакананы, што ваш цяперашні візіт будзе садзейнічаць далейшаму нарошчванню нашага супрацоўніцтва”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што амаль за два гады, якія прайшлі пасля папярэдняга візіту губернатара ў Беларусь, ранейшыя дамоўленасці атрымалі сваю практычную рэалізацыю, у выніку чаго расце і ўзаемны тавараабарот.
Аб пастаўках тэхнікі
Іркуцкая вобласць — прамыслова развіты рэгіён, у якім сканцэнтраваны прадпрыемствы здабыўной галіны. Традыцыйна там запатрабавана беларуская тэхніка БелАЗ, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу на беларускія аўтобусы, якія пастаўляліся ўжо і выкарыстоўваюцца ў Іркуцкай вобласці. Больш за тое, Беларусь можа прапанаваць і новую сучасную, а галоўнае, экалагічную прадукцыю. “Упэўнены, што пры наведванні нашых прадпрыемстваў “Белкамунмаш”, “Штадлер Мінск” вы азнаёміліся з іх экалагічна чыстай прадукцыяй. Расія — багатая на вуглевадароды краіна, але свет рухаецца ў напрамку чыстай прадукцыі. І Расія ў гэтым плане не на апошнім месцы”, — сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў яшчэ ад зін напрамак супрацоўніцтва — перапрацоўку дзелавой драўніны і рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў у гэтай сферы. “Беларускае прадпрыемства “Амкадор” гатова аснасціць лесапрамыслоўцаў сучаснымі лесанарыхтоўчымі комплексамі. Мы вельмі шырока іх выкарыстоўваем у Беларусі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яны прайшлі ўжо апрабацыю і ў Расіі, і ў Беларусі, на іншых сусветных рынках. Гэта нядрэнныя машыны”.
Беларусь таксама прапануе Іркуцкай вобласці новыя ўзоры сельгасмашын — трактароў, корма- і збожжаўборачных камбайнаў, якія па сваіх тэхнічных характарыстыках і якасці не ўступаюць замежным аналагам, а таксама маюць больш канкурэнтную цану. “Мы можам тут таксама супрацоўнічаць”, — прапанаваў прэзідэнт.
Аб кааперацыі ў прамысловасці
“Мы вельмі разлічваем на доўгатэрміновае развіццё кааперацыйных сувязей паміж беларускімі і Іркуцкімі прамысловымі прадпрыемствамі”, — заявіў беларускі лідар.
У якасці прыкладу такой паспяховай работы Аляксандр Лукашэнка прывёў стварэнне зборачнага завода “Магілёўліфтмаш-Усолле”.
“Флагман расійскага машынабудавання Іркуцкі авіяцыйны завод у 2019 годзе плануе пачаць вытворчасць МС-21. Мы вельмі ўважліва прыглядаемся да гэтага самалёта. Нашы авіятары прапанавалі закупляць такія самалёты”, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў Беларусі глядзяць шырэй на патэнцыяльныя магчымасці супрацоўніцтва. Ён, у прыватнасці, прапанаваў магчымасць кааперацыі з адпаведнымі беларускімі прадпрыемствамі і авіярамонтным заводам, новыя вытворчыя магутнасці якога размясціліся паблізу Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”. “Хацелася б, каб мы, маючы вопыт абслугоўвання тэхнікі савецкага перыяду, маглі перапрафіляваць нашы прадпрыемствы і наш завод (авіярамонтны. — Заўв.БелТА.). Можам яго і пашыраць, калі будзе работа для гэтага калектыву. Але мы былі б вельмі зацікаўлены працаваць у кааперацыі з вашым прадпрыемствам”, — заявіў беларускі лідар.
Аб узаемадзеянні ў сельскай гаспадарцы
Перспектыўным таксама ўяўляецца супрацоўніцтва з Іркуцкай вобласцю ў сферы сельскай гаспадаркі ў цэлым. “Што тычыцца сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўлі, раслінаводства, укаранення перадавых тэхналогій, у нас тут ёсць супрацоўніцтва. Вы павінны ведаць, што мы да вас ставімся, як да блізкіх і родных людзей. Мы заўсёды гатовы падзяліцца ўсім тым, што ў нас ёсць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што паспяховы прыклад супрацоўніцтва ў АПК у Беларусі ёсць нават з Сахалінам. “Калі мы ўжо там змаглі стварыць комплекс з вытворчасцю да 10 тысяч т малака і землі падабралі, якія трэба… Аказваецца, і Сахалін для гэтага падыходзіць. Дык у Іркуцкай вобласці і Бог загадаў”, — упэўнены прэзідэнт.
“Нашы аграрыі валодаюць усім неабходным, пачынаючы ад вучоных і заканчваючы работнікамі вытворчасці. Усім, чым можам, мы гатовы дапамагчы, калі вам гэта патрэбна”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Аб магчымасцях у будаўнічай сферы
Прэзідэнт адзначыў, што ў Іркуцкай вобласці, як і па ўсёй Расіі, рэалізуецца вялікая жыллёвая праграма. “Вы ў гэтым плане малайцы. Інфраструктуру ствараеце, аўтамабільныя дарогі рэканструюеце. Калі мы спатрэбімся вам у гэтым плане, мы з задавальненнем прымем удзел у рэалізацыі тых ці іншых праектаў — ад праектавання да будаўніцтва пад ключ”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, тое ж самае тычыцца і аб’ектаў фізічнай культуры і спорту. “Таксама пад ключ, калі ў гэтым будзе неабходнасць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У студзені — жніўні 2018 года тавараабарот Беларусі з Іркуцкай вобласцю склаў $67,1 млн і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года павялічыўся на 33,4 працэнта. Пры гэтым экспарт павялічыўся ў 2,2 разу, склаўшы $37,7 млн.
Як паведаміў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам губернатар расійскага рэгіёна Сяргей Леўчанка, бакі дамовіліся аб стварэнні і развіцці сумесных прадпрыемстваў у розных сферах.
Паводле слоў губернатара, усе ранейшыя дамоўленасці аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва паспяхова рэалізуюцца, адзначаецца рост тавараабароту, павялічваюцца пастаўкі беларускіх тавараў на рынак рэгіёна, у тым ліку прадуктаў харчавання.
“Цяпер мы падняліся ўжо на наступную ступень і дамовіліся прадоўжыць нашы ўзаемаадносіны з пункту гледжання ўзмацнення работы сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі Іркуцкай вобласці. Асабліва па тых напрамках, чым багата вобласць. Гэта лесаперапрацоўчы комплекс, машынабудаўнічы, самалётабудаванне”, — заявіў Сяргей Леўчанка.
Абмяркоўвалася таксама сумесная работа ў АПК, дзе Беларусь мае значны практычны вопыт. “Дамовіліся аб тым, што тычыцца сельгасмашынабудавання, аб’ектаў перапрацоўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі, якую будзем сумесна развіваць на тэрыторыі Іркуцкай вобласці”, — расказаў губернатар.
Паводле яго слоў, дасягнута дамоўленасць аб стварэнні сумеснага прадпрыемства ў галіне лесанарыхтоўчай тэхнікі. “Лясны комплекс самы моцны ў Іркуцкай вобласці. Нам патрабуецца тэхніка, якая займалася б і нарыхтоўкай, і перапрацоўкай лесу”, — растлумачыў кіраўнік расійскага рэгіёна.
Размова таксама ідзе аб перапрацоўцы драўніны ў канечную прадукцыю. Сяргей Леўчанка адзначыў, што проста пастаўляць сыравіну, улічваючы вялікую геаграфічную аддаленасць, з эканамічнага пункту гледжання не вельмі рацыянальна. Гэта ў значнай ступені робіць даражэйшай канечную прадукцыю і зніжае яе канкурэнтныя перавагі. “Пагаварылі аб тым, што будзем ствараць мэблевую вытворчасць на аснове тэхналогій беларускіх кампаній, каб не вазіць піламатэрыялы. І будзем перапрацоўваць на месцы, у тым ліку атрымліваючы азіяцкі рынак для такога віду прадукцыі”, — сказаў губернатар.
У якасці паспяховага прыкладу кааперацыі ён адзначыў і ўжо працуючы зборачны завод “Магілёўліфтмаш-Усолле”, прадукцыя якога запатрабавана ў рэгіёне. “Мы стварылі гэтае прадпрыемства ў пачатку бягучага года, і ўжо за такі кароткі перыяд часу сабрана больш за 350 ліфтаў. Да канца года яшчэ на трэць прыбавім. Дамовіліся, што будзем расшыраць (вытворчасць. — Заўв.БелТА.)”, — расказаў Сяр гей Леўчанка.