Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Беларусь разглядае Зімбабвэ як важнага партнёра ў рэгіёне Паўднёвай Афрыкі”

- 10:47Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб плённым характары праведзеных перагавораў з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам.

“Вынікі сённяшняй сустрэчы я ацэньваю як плённыя — было шмат тэм для прадметнай размовы, дасягнуты пэўныя дамоўленасці. Галоўнае — мы дамовіліся з прэзідэнтам, што да майго візіту ў Зімбабвэ мы падрыхтуем шэраг канкрэтных кантрактаў, якія дзве краіны павінны будуць ажыццявіць ужо ў гэтым годзе. У хуткім часе мы чакаем значнага прагрэсу не толькі ў двухбаковым гандлі, але і ў супрацоўніцтве ў сферах прыватнага бізнесу, прамысловасці і сельскай гаспадаркі, здабычы прыродных рэсурсаў, адукацыі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў прэзідэнта, былі абмеркаваны асноўныя напрамкі развіцця беларуска-зімбабвійскіх адносін і перспектывы іх выхаду на новы, якасна больш высокі ўзровень. “Беларусь разглядае Зімбабвэ як важнага партнёра ў рэгіёне Паўднёвай Афрыкі. Адносіны паміж дзвюма краінамі можна ахарактарызаваць як дружалюбныя і ўзаемавыгадныя”, — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мінулым годзе бакі ўжо заключылі шматмільённыя кантракты на пастаўку беларускай тэхнікі МАЗ, МТЗ і “Гомсельмаш” у Зімбабвэ з выкарыстаннем механізмаў экспартнага крэдытавання, у хуткім часе чакаецца пачатак паставак. “Гэтая тэхніка вельмі патрэбна Зімбабвэ. Без яе немагчыма мадэрнізацыя эканомікі, якую намеціў прэзідэнт”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што Беларусь і Зімбабвэ імкнуцца рухацца далей і прыйсці да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін, чым проста гандлёвыя. З гэтай мэтай былі абмеркаваны перспектывы рэалізацыі з Зімбабвэ інвестыцыйных і сумесных праектаў у сферах сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспартнай інфраструктуры, энергетыкі, геолагаразведкі і здабычы карысных выкапняў.

“Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні сваіх паслуг, тэхнікі і абсталявання ў рамках розных праектаў. Асабліва ў сферы горназдабываючай прамысловасці. Мы гатовы да стварэння машынабудаўнічага прадпрыемства, мяса-малочнага комплексу, развіцця дарожнай інфраструктуры, распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў, мы гатовы супрацоўнічаць у галінах адукацыі, аховы здароўя, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Мы зыходзім з таго, што нарошчванне і дыверсіфікацыя беларускага экспарту ў Зімбабвэ павінны адпавядаць агульным інтарэсам, у тым ліку садзейнічаць эканамічнаму развіццю краіны. Перад нашымі партнёрамі востра стаяць задачы па індустрыялізацыі, развіцці сельскай гаспадаркі, падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў. Мы гатовы вам па ўсіх гэтых напрамках аказаць істотную падтрымку. Такі падыход лічым узаемавыгадным і бяспройгрышным для абодвух партнёраў”.

Кіраўнік дзяржавы таксама разлічвае на пашырэнне беларуска-зімбабвійскіх сувязей па лініі дзелавых колаў, выбудоўванне ўзаемавыгадных доўгатэрміновых кантактаў. Ён лічыць неабходным наладзіць і ў далейшым падтрымліваць устойлівыя бізнес-сувязі па лініі гандлёва-прамысловых палат і асацыяцый дзелавых колаў.

Аляксандр Лукашэнка назваў велізарным патэнцыял узаемадзеяння дзвюх краін. “Вядома, Зімбабвэ перажывае сёння няпросты перыяд. Праз гэта трэба прайсці. Таму я пажадаў прэзідэнту і дэлегацыі рашучых дзеянняў па пераадоленні праблем, а працавітаму зімбабвійскаму народу — цярпення і мужнасці. Праз цяжкасці і нягоды праходзілі ўсе краіны і народы”, — сказаў ён.

Прэзідэнт таксама выказаў надзею, што Зімбабвэ зможа на працягу кароткага прамежку часу правесці неабходныя пераўтварэнні. “Вы на правільным шляху. І на гэтым шляху, як сказаў прэзідэнт, вельмі важныя сябры. Можаце лічыць, што Беларусь з’яўляецца вашым надзейным сябрам і памочнікам”, — запэўніў ён.

У сваю чаргу Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва заявіў па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, што Зімбабвэ хоча скарыстацца паслугамі Беларусі для мадэрнізацыі сістэмы бяспекі ў краіне.

“У нас ёсць магчымасці для супрацоўніцтва ў галіне абароны і бяспекі, і яны выключна важныя для нас. Нам неабходна іх вывучыць. Мы павінны паглядзець, як можам мадэрнізаваць у нашай краіне сістэму бяспекі”, — сказаў Эмерсан Мнангагва.

“Мы гатовы да здзяйсненняў у многіх галінах узаемадзеяння, — заявіў Прэзідэнт Зімбабвэ. — Мы хочам пашырыць і паглыбіць наша эканамічнае супрацоўніцтва і вельмі рады таму, як развіваюцца нашы палітычныя адносіны, пабудаваныя на ўзаемнай павазе”.

Эмерсан Мнангагва запрасіў Аляксандра Лукашэнку зрабіць афіцыйны візіт у Зімбабвэ, каб кіраўнік беларускай дзяржавы змог асабіста пераканацца, як сёння развіваецца гэтая краіна.


Па выніках перагавораў у Мінску Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам падпісаны міжнародныя дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.

Падпісаны дагавор аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і эканамічных справах, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам замежных спраў Беларусі і Міністэрствам замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ аб правядзенні палітычных кансультацый.

Мемарандум аб узаемаразуменні падпісалі Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства вышэйшай адукацыі, навукі і тэхналогій Зімбабвэ. Дакумент тычыцца супрацоўніцтва ў сферы сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, навукі і тэхналогій. Прыняты таксама мемарандум аб узаемаразуменні паміж Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Міністэрствам вышэйшай адукацыі, навукі і тэхналогій Зімбабвэ аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхналагічнага развіцця і інавацыйных праграм. Аналагічныя мемарандумы па сваіх напрамках супрацоўніцтва заключаны з удзелам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Беларусі.

Акрамя таго, падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Міністэрствам вышэйшай адукацыі, навукі і тэхналогій Зімбабвэ аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый.

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва — сельская гаспадарка. Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам зямель, сельскай гаспадаркі, водных рэсурсаў, клімату і сельскіх паселішчаў Зімбабвэ.