Радзіма ў кветках і водарах

- 11:01Дадатковая адукацыя

Гэты чэмпіянат праводзіўся без красовак і касцюмаў, спартыўны азарт на ім змяніла атмасфера рэлаксу, дапоўненая кветкавым водарам, а час да фінішу адмяраўся не судзейскімі свісткамі, а колькасцю любімых трэкаў у навушніках… Так у Мінску завяршыўся II Рэспубліканскі чэмпіянат па фларыстыцы сярод юніёраў. Арганізатарам фларыстычнага спаборніцтва выступіла Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, і прысвечана яно было Году малой радзімы.

Каб выказаць сваю любоў да роднага куточка ў кветках, у сталіцу прыехалі пераможцы Рэспубліканскага конкурсу-выставы “Лёд. Кветкі. Фантазія” і Рэспубліканскага конкурсу па ландшафтным дызайне і фларыстыцы “Кветкі маёй Радзімы”. Усяго ў чэмпіянаце прынялі ўдзел 9 навучэнцаў ва ўзросце 12—16 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі і Мінска. Суддзямі выступілі вядомыя майстры-фларысты нашай краіны, прафесіяналы і майстры кветкавай справы Мікалай Даніловіч, Вольга Баніс, Людміла Гаварко і Лора Белабровік-Садоўская. Каб атрымаць права стаць чэмпіёнам, удзель­нікам трэба было выканаць тры конкурс­ныя заданні: аўтарскі букет “Лісце… на хвалі і ў трэндзе”, фларыстычны арт-аб’ект “Восень у горадзе” і сюрпрызнае конкурснае заданне — кампазіцыя “З Днём настаўніка”.

Кожны па-свойму перадаў ідэю і восені, і Радзімы, і настаўніцкага свята. Для некаторых удзел у чэмпіянаце стаў не толькі выпрабаваннем, але і магчымасцю павучыцца, бо самі яны дэбютавалі зусім нядаўна, як, напрыклад, Марыя Ждановіч са Светлагорска. Але пры гэтым яе работы выгадна вылучыліся сярод іншых сваёй вытанчанасцю. Варвара Мароз з Віцебска ў фларыстыцы ўжо не навічок: 4 са сваіх 13 гадоў яна прысвяціла кветкам. “Нягледзячы на тое, што кветкі — гэта самы недаўгавечны матэрыял, мне яны падабаюцца, бо толькі з жывых кветак можна стварыць жывую работу. Ніякія засушаныя матэрыялы не ідуць у параўнанне з імі”, — дзеліцца Варвара. У дзяўчынкі ёсць свой сакрэт: любую работу трэба рабіць з радасцю, з усмешкай, з добрым настроем. “Калі вы стаміліся, лепш і не брацца за кветкі, бо нічога добрага не атрымаецца”, — раіць дзяўчынка.

Адметна тое, што на гэты раз Варвара паспрабавала скласці вобраз Радзімы з экзатычных кветак: аранжавай пратэі, бардовага аліуму, чырвоных ягад гіперыкуму, гваздзіка грынцікс і эўкаліпту. Увогуле, дзяўчынка любіць смелыя эксперыменты. Напрыклад, штогод у Дзень настаўніка яна дорыць педагогам букеты, ствараючы асеннія матывы з самых розных кветак і матэрыялаў, спалучаючы іх, напрыклад, з… зефірам. А апошнім часам яна эксперыментуе, спалучаючы агародніну і фрукты. Напрыклад, рабіла фруктовы букет у гарбузе.

У выніку творчай барацьбы ў тройку лідараў трапілі Аляксандра Бортнік, навучэнка Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі “Арт” Мінска, і Марыя Тарасава, навучэнка Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, якія падзялілі паміж сабой 3-е месца. Дыпломы II ступені павезлі дадому Варвара Мароз з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і мола­дзі і Марыя Ждановіч са Светлагорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі (Гомельская вобласць). А безумоўная перамога дасталася Настассі Стэмплеўскай, навучэнцы Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і мола­дзі Мастоўскага раёна (Гродзенская вобласць), добра вядомай чытачам “Настаўніцкай газеты”. Настасся была пераможцай WorldSkills-2017 (у намінацыі “Фларыстыка”), а летам гэтага года стала і пераможцай чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па прафесійнай фларыстыцы, абышоўшы ўсіх дарослых прафесіяналаў-фларыстаў.

Настасся асабліва любіць тыя фларыстычныя спаборніцты, дзе не абмяжоўваецца справа толькі букетамі. “Мне асабліва спадабалася працаваць над арт-аб’ектам, бо я люблю маштабнасць. Прычым у рабоце быў новы для мяне матэрыял — пластык, які аказаўся вельмі зручным”, — дзеліцца ўражаннямі яна. Насця добра засвоіла правілы фларыстыкі і не адыходзіць ад іх: “У любой рабоце галоўнае — колер і кампазіцыя, бо часам бачыш прыгожую работу, але з-за няправільнага размяшчэння матэрыялу адразу ўзнікае адчуванне, што нешта не так. А колер заўсёды прыцягвае ўвагу: нават людзі, якія не разбіраюцца ў колеравых спалучэннях, разумеюць, прыгожа гэта ці не. Напрыклад, на гэтым чэмпіянаце для работы далі чырвоныя і жоўтыя кветкі. Само па сабе такое спалучэнне спрэчнае, але, калі да яго дадаць хаця б адзін колер, сітуацыя мяняецца. Таму я разбірала чырвоны на адценні — дадавала пунсовы, бардовы, цёмна-вінны — і ўключала сюды жоўты і кропкі сіняга. Гэта дало прыемны візуальны эфект і адчуванне цяпла, бо вобразам была Радзіма”.

Нават з тых кветак, якія засталіся пасля выканання конкурсных заданняў, Насця стварыла шэдэўр. Чэмпіянат праводзіўся акурат перад Днём настаўніка, і дзяўчына не магла вярнуцца дадому з пустымі рукамі. Сёлета ўпершыню Насця не знайшла часу падрыхтаваць букет сваім настаўнікам, бо была галоўным арганізатарам школьнага самакіравання і на ёй ляжала ўся работа па размеркаванні настаўніцкіх роляў сярод школьнікаў, кантроль за якасцю выкладання ўрокаў і інш., але сваю маму (яна таксама настаўніца і выкладае матэматыку ў яе школе) Насця яшчэ ні на адно свята не пакінула без букета.

Таццяна Ступіна, загадчыца аддзела раслінаводства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, падводзячы вынікі чэмпіянату, адзначае: “Тое, што ў Настассі Стэмплеўскай зноў перамога на рэспубліцы, — заканамерна, бо яна вельмі рана прыйшла ў фларыстыку, таму ўжо шмат чаму навучылася. Яна зноў была на вышыні, адчувалася, што гэта ўжо вопытны фларыст. Але і ўзровень яе сапернікаў таксама павышаецца: юныя фларысты прыслухоўваюцца да заўваг членаў журы, таму і іх работы з кожным годам удасканальваюцца. Тым не менш ёсць яшчэ неабход­насць нашым фларыстам вучыцца. І цяпер, падчас гэтага чэмпіянату, мы вырашылі наладзіць такое навучанне. У прыватнасці, плануем кожныя 3 месяцы запрашаць нашых педагогаў і іх навучэнцаў да нас у экалагічны цэнтр на майстар-класы ад вядучых фларыстаў Беларусі. Думаю, гэта стане яшчэ адным крокам для развіцця дзіцячай фларыстыкі ў краіне”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Ганны РУНЕЦ.