Крэатыўная Бярозаўка

- 10:18Выхаванне, Дадатковая адукацыя

У Бярозаўцы Лідскага раёна хлопчыкі і дзяўчынкі, якія цягнуцца да прыгожага, любяць маляваць, ляпіць, мараць навучыцца іграць на музычных інструментах, гуляць у валейбол ці футбол, знойдуць сабе занятак па душы ў Цэнтры дзіцячай творчасці, дзе ім заўсёды рады.

Да нядаўняга часу ЦДТ базіраваўся ў асобным арандаваным будынку, а летась прапісаўся ў сярэдняй школе № 2 на вуліцы Дзяржынскага. Цэнтр — шматпрофільная ўстанова дадатковай адукацыі, якую атрымліваюць звыш 720 навучэнцаў: каля 500 у самой Бярозаўцы, астатнія на базе сельскіх школ. Прыярытэтным напрамкам з’яўляюцца аб’яднанні па інтарэсах мастацкага профілю (іх 42, ці 64% ад існуючых). Акрамя таго, працуюць аб’яднанні фізкультурна-спартыўнага, прыродазнаўча-матэматычнага, грамадска-гуманітарнага, турыстычна-края­знаўчага напрамкаў. Тут працуе каля 30 педагогаў, больш за палову з якіх маюць вышэйшую адукацыю, астатнія — сярэднюю спецыяльную. Што тычыцца аб’яднанняў, назвы многіх не маюць патрэбы ў расшыфроўцы: “Флорадызайн”, “Студыя творчасці” (работа з фетрам), “Экалагічная майстэрня”, “Гарадкі”, “Юныя фалькларысты”, “Лялечны тэатр” і іншыя. У 2019 годзе вакальна-інструментальны ансамбль “Сполцы” пад кіраўніцтвам Івана Шапуцько прадстаўляў моладзь Гродзеншчыны на “Славянскім базары ў Віцебску”.

Юныя музыканты рэпеціруюць у адным з кабінетаў на першым паверсе, і мы разам з дырэктарам Вольгай Кахновіч і метадыстам Антанінай Андруковіч наведваемся да іх у госці. Невялікае памяшканне нагадвае студыю гуказапісу ці міні-музей музычных інструментаў, гордасцю якога з’яўляецца добрае фартэпіяна “Беларусь” і прыкладна паўтара дзясятка гітар, якія ўпрыгожваюць сцены. Па нашай просьбе некалькі хлопцаў-гітарыстаў ра­зам з педагогам, ударнік і дзяўчына-салістка раду­юць нас экспрэсіўнай кампазіцыяй, пасля чаго Іван Браніслававіч расказвае:

Родам я з Бярозаўкі, па адукацыі баяніст. Скончыў музычнае вучылішча, потым год вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. А ў Цэнтры дзіцячай творчасці працую з 1991 года. Прыйшоў як акампаніятар, потым пачаў ствараць калектывы. Практычна ўсе інструменты, якія вы тут бачыце, за невялікім выключэннем (напрыклад, фартэпіяна), — мае ўласныя, некалькі гітар мне падарылі мае былыя вучні. Вучу дзяцей пачынаючы з дзесяці гадоў. У нас два вакальна-інструментальныя калектывы, з адным з іх выконваем аўтарскія песні ў кавер-версіі. Выступаем на розных мерапрыемствах і конкурсах, многія мае выпускнікі таксама працуюць у сферы культуры. Вакалістка Ульяна Войдак, хударлявая сімпатычная бландзінка, якая заканчвае сярэднюю школу № 3, збіраецца паступаць у БДУ, каб стаць праграмістам. Дзяўчына вучылася ў музычнай школе, спявае, іграе на фартэпіяна, укулеле і гітары, у ЦДТ займаецца ўжо два гады. І хаця музыка для яе, па яе ўласным прызнанні, хутчэй хобі, аднак расставацца з ёй яна не збіраецца. І вельмі рада, што ў яе такі крэатыўны выкладчык.

Чытайце матэрыял Уладзіміра Пісарава ў нумары ад 3 лютага 2023 года.