Змяіная гнуткасць, волатаўская моц

- 11:06Дадатковая адукацыя

Цыркавая акрабатыка — даволі спецыфічнае і не шырока распаўсюджанае мастацтва. Гэтым тлумачыцца невялікая колькасць гурткоў такога напрамку ва ўстановах дадатковай адукацыі. Але мне пашчасціла: у сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” я пазнаёмілася са студыяй цыркавой акрабатыкі “Піраміс”. Яе кіраўнік Наталля Кліменка расказала, што павінны ўмець дзеці розных гадоў навучання, якую музыку лепш выбіраць для выступленняў і як змагацца са сваімі страхамі.

Элементаў акрабатыкі стала мала

Студыя “Піраміс” з’явілася крыху больш за год назад. Да гэтага яна была гуртком па агульнай фізічнай падрыхтоўцы з элементамі акрабатыкі. І тады, і зараз галоўным звяном усяго гэтага выступае Наталля Іванаўна Кліменка.

— З дзіцячага сада я займалася спартыўнай гімнастыкай, — згадвае трэнер, — але потым бацькі не змаглі мяне вадзіць. Я ўсё роўна марыла пра гэта і ў 4 класе пайшла за сваімі сяброўкамі на акрабатыку. Пераход быў няцяжкім, бо гімнастыка дала мне базу. У акрабатыцы я і засталася, стала май­страм спорту. Пасля заканчэння ўніверсітэта фізічнай культуры працавала настаўніцай у дзіцячым садзе, а ў 2011 годзе трапіла ў “Светач”.

Ідэя стварыць студыю цыркавой акрабатыкі нарадзілася з вялікіх амбіцый і разумення каштоўнасці сваіх вучняў. Наталля Кліменка ўбачыла, што яе дзеці могуць больш  і надышоў час рухацца далей. Гэта паказаў і ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Прывітанне, свет!”. Спачатку быў страх. Па-першае, студыя маладая і нявопытная. Па-другое, якія будуць сапернікі і што яны могуць, было невядома. Але калі выступленне прайшло, знік і страх.

— Нам там спадабалася, мы зразумелі, што можам, і так знайшлі сваё месца. Гэта былі тыя ж дзеці, якія хадзілі раней. Атрымалася ўсё як трэба: спачатку была агульнафізічная падрыхтоўка, як у любым спорце (развіваліся гнуткасць, каардынацыя, расцяжка), і паступова мы дараслі да чагосьці больш сур’ёзнага. У снежні ездзілі ў Оршу на конкурс цыркавых калектываў “Арэна-2019”, паглядзелі там на іншых і загарэліся яшчэ больш. Нам ёсць чаму павучыцца. Усё ж акрабатыка — гэта акрабатыка, а цыркавое мастацтва — гэта цыркавое мастацтва. У ім ты працуеш на гледача, каб яму спадабалася, каб ён апладзіраваў, а артысты гэта чулі. Мне было крыху складана перабудавацца, таму што ў акрабатыцы ўсё ацэначна: вось тут трэба прастаяць, тут трэба зрабіць і г.д. Паназіраўшы за сваімі і іншымі выступоўцамі, я для сябе зразумела, што хацела б удасканаліць.

Самае складанае — расцяжка

Зараз аснову цыркавой студыі склада­юць 20 чалавек, хаця на заняткі ходзяць каля 50. Некаторыя займаюцца для сябе, некаторыя яшчэ набіраюць форму. Сёлета, каб стаць часткай студыі, трэба было прайсці адбор. Хлопчыкаў прынялі ўсіх (каля 10 чалавек), бо іх заўсёды не хапае, а дзяўчынкі павінны былі прадэманстраваць сваю гнуткасць, адвагу (не кожны рашыцца скокнуць ці зрабіць стойку). Усім дзецям, якія жа­даюць займацца цыркавой акрабатыкай, і іх бацькам варта памятаць, што ў гэтым ма­стацтве больш за ўсё ўвагі ўдзяляецца фізічным здольнасцям. Сіла, гнут­касць, расцяжка, каардынацыя — без гэтага не будзе добрага артыста-спартсмена. Але наяўнасць ці адсутнасць гэтых якасцей не азначае 100-працэнтнага пападання ў студыю. Наталля Іванаўна ўпэўнена, што жаданне дзіцяці не менш важна.

— У самых маленькіх заняткі ідуць па 35 мінут, у іх не надта строгія правілы і па­трабаванні, усё праходзіць у гульнявой форме. Крыху старэйшыя дзеці трэніруюцца па 45 мінут, маюць план заняткаў, усё ўжо не так расслаблена праходзіць. У тых, каму, напрыклад, 13 гадоў, упор робіцца на парна-групавыя практыкаванні. Гэта ўжо вопытныя дзеці, таму мы пераходзім са статыкі на дынаміку, яна дае “ваў”-эфект. Нават простае выкіданне ўверх здзіўляе гледачоў.

Найбольш цяжка вучням на трэніроўках даецца расцяжка, затое ўсё, што звязана з сілавымі практыкаваннямі, яны выконваюць з задавальненнем. Дзеці гатовы стаяць усюды на руках, на галаве, але калі даходзіць да таго, што ім трэба зрабіць шпагат і мост, то жаданне хутка знікае. Наталля Кліменка клапоціцца, каб вучні рабілі толькі тое, што могуць у сваім узросце і са сваімі фізічнымі паказчыкамі.

— Многія баяцца, асабліва мастка. Напрыклад, ім здаецца, што яны вывернуць рукі. Я ім тлумачу, што гэта іх цела, іх рукі і ногі, яны гэтым усім кіруюць. Баішся за рукі — значыць трэба правільна выгнуцца і прызямліцца. Усе элементы мы робім са страхоўкай. З адным дзіцем вельмі доўга вучылі пераварот. Дзяўчынцы трэба было стаць на рукі і потым выйсці ў мост. Яна баялася, яна і падала, і злавалася. Я па-рознаму спрабавала яе падвесці да выканання, але страх заставаўся. Пазней у дзяўчынкі ўсё ж атрымалася, але я зрабіла выгляд, быццам не заў­важыла, каб паглядзець на рэакцыю. Яна падышла да мяне і кажа: “Наталля Іванаўна, я зрабіла!” І паўтарыла практыкаванне, ня­гледзячы на страх. У такія моманты я разумею, што такое дзіця будзе да мяне хадзіць і далей. Была ў нас дзяўчынка, якая баялася скакаць праз вялікую скакалку, калі іншыя яе круцяць. Яна са слязамі на вачах стаяла. Я кажу: “Добра, ты пакуль проста паглядзі”. Потым ужо назірала карціну, як іншыя дзеці спрабуюць яе ўгаварыць: “Пойдзем зробім гэта разам. Гэта нам усім трэба”. Узаемадапамога ўключылася. У выніку яна пераскочыла, зачапіла трохі скакалку, але гэта быў першы крок.

Некаторыя дзеці, у якіх не атрымліваюцца элементы на занятках, спрабуюць засвоіць іх дома. Пра гэта сведчаць і вынікі, пра гэта гавораць бацькі. Наталля Іванаўна, канечне, такое жаданне падтрымлівае і дае параду: “Робіце ўрокі? Сядайце ў шпагат і рабіце”. Старэйшым вучням не цярпіцца выву­чыць нешта новае. Яны толькі выканалі стойку на галаве і ўжо хочуць ісці далей. Але важна замацаваць вынік, каб не здарылася чагосьці нечаканага.

— У канцы першага года навучання дзеці павінны ўмець рабіць масты, шпагаты і перакочванні — гэта нават не абмяркоўваецца, — кажа Наталля Кліменка. — Таксама павінны быць выкананы сілавыя нарматывы: адцісканні, падцягванні, вугалкі каля сцяны. Па­сля другога года мы ўмеем рабіць колы, кулькі, пераходзім на перавароты і розныя стойкі (на лапатках, на галаве). Здольных дзяцей я пачынаю ўводзіць у нумары. На трэці год яны размяркоўваюцца па невялікіх групах і працуюць у іх. У канцы павінны ўмець рабіць піраміды ў парах і тройках. Чацвёрты год — гэта больш ускладненыя элементы акрабатыкі ў пірамідах з выкідамі і лоўляй. Таксама падчас трэцяга і чацвёртага гадоў навучання дзеці ўдзельнічаюць у выступленнях і конкурсах. Мы маладыя, таму пакуль што наша праграма распрацавана на 4 гады. Калі ўсё будзе атрымлівацца, распішам далей. У будучыні хочацца задзейнічаць як мага больш дзяцей. Аснова, здаецца, немаленькая, але калі іх ставіш, то чагосьці не хапае, думаеш: “Яшчэ б нам, яшчэ б нам”.

Галоўным прыкладам для выхаванцаў студыі “Піраміс” з’яўляецца іх трэнер. Наталля Кліменка не педагог, які тлумачыць усё на словах. Калі трэба, яна і кулёк зробіць, і на рукі стане.

— Дзяцей здзіўляе, калі я таксама магу зрабіць, напрыклад, кола. Яны мне кажуць: “Ну, вы як сапраўдная гімнастка!” — смяецца Наталля Іванаўна. — А калі саджуся на шпагат, гавораць: “Дык вы ж балерына!”

Чакаючы святла сафітаў

За год студыя цыркавой акрабатыкі “Піраміс” стварыла 3 нумары. Па сутнасці, усё было на плячах Наталлі Іванаўны, хаця дзеці часам прапаноўваюць нешта сваё. Трэнеру стала б крыху лягчэй, калі б з’явіўся харэограф, тады Наталля Кліменка адказвала б за тэхнічную частку, а новы чалавек — за танцавальную. Пакуль прыходзіцца аб’ядноўваць гэта ўсё ў сабе.

— Трэба расці і развівацца, ствараць новыя нумары. Каб не толькі акрабатыка была, але і, напрыклад, жангліраванне, магчыма, паветраная гімнастыка. Але для гэтага па­трэбна большая зала.

Калі педагог стварала першыя нумары, то арыентавалася на вопыт замежных цыркавых студый. Відэа дапамаглі зразумець, чаго хоча глядач: яркасці і жвавасці. Першае дасягаецца з дапамогай касцюмаў, другое забяспечваюць музыка і рухі. Касцюмы для студыі “Піраміс” шыюць у Барысаве.

— Дзеці павінны вылучацца. Калі ёсць яркі колер ці стразы блішчаць, гэта спыняе позірк, прыцягвае ўвагу. Таму касцюмы займаюць важнае месца ў выступленні. Падчас конкурсаў мы зразумелі: хто ярка апрануты, за тым і сочаць на сцэне.

Музыка таксама важная частка ў складанні нумара. Спакойная можа быць прыгожай, але не падтрымае цікавасць да артыстаў, а вось рытмічная зачэпіць. Дарэчы, дзеці і дарослыя крыху па-рознаму ўспрымаюць нумары. У дзяцей адна эмоцыя — “ого!”, а дарослыя ўжо разумеюць, якая праца за гэтым стаіць і наколькі складана выканаць пэўны элемент.

— Пасля выступленняў мы збіраемся і ўсё абмяркоўваем. Шукаем памылкі, прычыны памылак. Аднойчы на сцэне нешта не атрымалася, і дзеці, не маючы практыкі, пачалі акурат там высвятляць, што здарылася, спрачацца. Затое мы цяпер ведаем, што ўсе пытанні вырашаюцца пасля. На сцэне мы заўсёды прыгожыя, заўсёды ўсміхаемся.

Заняткі ў студыі — гэта не толькі плюсы, якія тычацца фізічнага стану. Дзеці сацыялізуюцца, вучацца працаваць у калектыве і мець зносіны. Таксама яны разумеюць, як трымацца перад гледачамі, калі трэба выходзіць, калі ўсміхнуцца і г.д. Вучні Н.Кліменка выхоўваюць у сабе вытрымку, упартасць і жаданне дасягаць канчатковага выніку.

— Я заўсёды імі ганаруся.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і Наталлі Кліменка.