Удзельнікі І Рэспубліканскага краязнаўчага форуму не толькі дзяліліся вопытам вывучэння малой радзімы, але і выказалі шмат цікавых і слушных прапаноў адносна папулярызацыі краязнаўчай справы. Некаторымі прапановамі, а таксама думкамі пра асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага краязнаўства з нашымі чытачамі дзеліцца настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча Мікалай Васільевіч ПІВАВАР.
Cённяшняму герою рубрыкі “Педагогі ў краязнаўстве” ёсць і чым падзяліцца, і што выказаць, і што прапанаваць. Па-першае, Мікалай Васільевіч больш за 30 гадоў займаецца краязнаўствам. Вопыт, пагадзіцеся, вялікі. Па-другое, ён першы ў краіне ў 2006 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па краязнаўстве. А гэта значыць, што ў аснове краязнаўчых даследаванняў педагога ляжыць навуковы падыход. Адсюль яшчэ адна выснова: усе прапановы, якія настаўнік выказваў падчас работы секцыі “Краязнаўства ў сістэме навукова-даследчай працы”, слушныя, грунтоўныя, практыка-арыентаваныя, недылетанцкія. Дарэчы, тэме дылетанцтва ў краязнаўстве і прысвяціў значную частку свайго выступлення Мікалай Васільевіч.
“Гэта мастак можа сказаць: “Я так малюю, бо я так бачу свет”. У краязнаўцаў такі падыход недапушчальны, усе высновы павінны грунтавацца на гістарычных крыніцах”.
На яго думку, дылетанцтва — гэта вечная праблема ў краязнаўстве, якая сёння асабліва актуальная. Напрыклад, у савецкія часы, калі ты збіраўся надрукаваць краязнаўчыя артыкул ці кнігу і прыходзіў у выдавецтва, то твой рукапіс абавязкова давалі на рэцэнзію навукоўцу. Калі ў яго былі заўвагі, то ты павінен быў іх улічыць і выправіць свой тэкст. Цяпер гэтага практычна няма. Сёння для таго, каб надрукаваць кнігу, вы прыходзіце ў выдавецтва і разам з рукапісам, так бы мовіць, прыносіце неабходную суму грошай. І калі ласка — у вас ёсць кніга. Таму, па словах Мікалая Васільевіча, пэўная цэнзура краязнаўчых тэкстаў павінна быць. У сур’ёзных выдавецтвах яна застаецца. А вось ў інтэрнэце яе амаль няма, і многія папулярныя краязнаўчыя сайты нярэдка выдаюць псеўданавуковыя меркаванні за праўду.
“І ўсё ж інтэрнэт дае краязнаўцам вялікія магчымасці. 1993 год. Я скончыў Мінскі педінстытут і прыехаў у Віцебск. У мяне быў культурны шок. У нашай абласной бібліятэцы я знашоў толькі каля 200 дарэвалюцыйных выданняў. Цяпер падобныя выданні тысячамі знаходзяцца ў свабодным доступе. Калі ласка, толькі працуйце, — дзеліцца Мікалай Васільевіч. — Гэта вялікі плюс інтэрнэту. У гэтым жа вялікі мінус, бо ён дазваляе працвітаць дылетанцтву. Гэта мастак можа сказаць: “Я так малюю, бо я так бачу свет”. У краязнаўцаў такі падыход недапушчальны, усе высновы павінны грунтавацца на гістарычных крыніцах. Мы не павінны быць дылетантамі. А то атрымаецца, як у аднаго краязнаўца, які напісаў у сваёй кніжцы, што гарадзішчы былі створаны нашымі продкамі не проста так: калі ўзняцца ў неба на паветраным шары, то можна ўбачыць, што размяшчэнне гарадзішчаў па форме нагадвае галаву ваўка. З навуковага пункту гледжання гэта абсалютнае глупства. Аднак чалавек мае грошы, таму і выдаў кнігу. А ў разуменні нашых людзей, што напісана ў кнізе, тое з’яўляецца праўдай. Мы верым і давяраем друкаванаму слову”.
Ці можна назваць Мікалая Васільевіча Півавара або яго калег (напрыклад, знакамітага мёрскага краязнаўца Вітаўта Антонавіча Ермалёнка ці Ігара Міхайлавіча Пракаповіча з Паставаў) дылетантамі? Канечне, не. Яны карыстаюцца навуковымі метадамі, навуковай тэрміналогіяй, яны дакладна вызначаюць задачы, іх праца мае практычныя вынікі. У сапраўдным, недылетанцкім, краязнаўстве вынік — гэта галоўнае. Ёсць, канечне, у краязнаўстве тыя, хто працуе дзеля таго, каб працаваць. Гэтыя людзі не абапіраюцца на гістарычныя крыніцы, іх меркаванне не праверана навукоўцамі, не пацверджана гістарычна. Прыклад пра гарадзішчы якраз і пацвярджае гэтую думку.
“Дылетанцтва — гэта вечная праблема ў краязнаўстве, якая сёння асабліва актуальная. Напрыклад, у савецкія часы, калі ты збіраўся надрукаваць краязнаўчыя артыкул ці кнігу і прыходзіў у выдавецтва, то твой рукапіс абавязкова давалі на рэцэнзію навукоўцу. Калі ў яго былі заўвагі, то ты павінен быў іх улічыць і выправіць свой тэкст”.
“Ці можа навуковец быць краязнаўцам? Даволі неадназначнае пытанне. Калі я, настаўнік гісторыі, напісаў кнігу “Даследчыкі полацка-віцебскай даўніны”, то гэтае выданне лічыцца краязнаўчым. А калі б гэтую кнігу напісаў, скажам, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, то тады праца ўжо лічылася б навуковай. Таму краязнаўства, на мой погляд, гэта ўсё ж грамадская з’ява. Краязнавец — гэта даследчык-аматар. Аднак у сваёй справе ён павінен карыстацца навуковымі метадамі і тэрміналогіяй. У мяне ёсць чатыры варыянты вызначэння краязнаўства. Па-першае, гэта міжгаліновая дысцыпліна, якая вывучае жыццё і сучасны стан супольнасці і тэрыторый. Па-другое, навукова-папулярызатарская і асветніцкая дзейнасці пэўнай тэматыцы (аб мінулым, сучасным якога-небудзь краю і яго помнікаў). Па-трэцяе, метад пазнання, які абапіраецца, як правіла, на міждысцыплінарныя навуковыя сувязі: ад простага да складанага, ад прыватнага да агульнага, які выяўляе агульнае і асаблівае ў мінулым і сучасным. Па-чацвёртае, форма грамадскай дзейнасці, накіраваная на ўсебаковае вывучэнне насельніцтвам гістарычных, палітычных, сацыяльна-эканамічных, геаграфічных, культурных, прыродных і шэраг іншых фактараў пэўнай тэрыторыі (сяла, горада, раёна, вобласці і г.д.). Можна дадаць яшчэ і пяты пункт. Калі гаварыць жартам, то гэта занятак для інтэлігента, якому не спіцца ў вёсцы”, — падзяліўся Мікалай Васільевіч.
Жарты жартамі, і ўсё ж краязнаўства — справа сур’ёзная. І падыходы да яе павінны быць сур’ёзныя, навуковыя. Невыпадкова сярод выступоўцаў на пленарным пасяджэнні І Рэспубліканскага краязнаўчага форуму былі дырэктары Інстытута гісторыі Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч, Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ігар Лявонавіч Капылоў. Што тычыцца школьнага краязнаўства, то гэта асобны напрамак, дзякуючы якому ў савецкі час (гэтаму перыяду развіцця краязнаўства і прысвечана дысертацыя Мікалая Васільевіча) захавалася і развівалася краязнаўства наогул.
“Я не магу гаварыць за ўсе рэгіёны, адзначу толькі Віцебшчыну. На мой погляд, новыя краязнаўчыя зоркі сярод педагогаў запальваюцца не так актыўна, як хацелася б. Канечне, праводзяцца краязнаўчыя конкурсы, акцыі, у якіх удзельнічае вялікая колькасць настаўнікаў. І ўсё ж… Калісьці Алег Куржалаў (на жаль, ён пайшоў з жыцця) стварыў у вобласці эфектыўную мадэль школьнага краязнаўства на аснове сістэмы пазітыўнай канкурэнцыі сярод педагогаў. Яна і цяпер у нашым рэгіёне ідзе па дарозе, пракладзенай Алегам Васільевічам. На Віцебшчыне працуе шмат вядомых педагогаў-краязнаўцаў куржалаўскага “кола”: Вітаўт Ермалёнак, Людміла Нікіціна, Ігар Пракаповіч, Віктар Грыбко, Валерый Тухта. І гэта цудоўна. Аднак зоркі падобнай велічыні апошнім часам, на жаль, не запальваюцца. Можа, я памыляюся. Можа, гэта пытанне часу і такія краязнаўцы ўжо ёсць, але ў іх пакуль што інкубацыйны перыяд (смяецца). Тады такіх краязнаўцаў трэба актыўней запрашаць на канферэнцыі, семінары, форумы”, — падзяліўся Мікалай Васільевіч.
“Кожнаму краязнаўцу варта прыняць актыўны ўдзел у складанні спіса помнікаў малой радзімы. На жаль, яшчэ не ўсе помнікі гісторыі і культуры знаходзяцца пад аховай дзяржавы”.
Да тэмы краязнаўчых выданняў звярталіся многія ўдзельнікі форуму. Для М.В.Півавара актуальным, у першую чаргу, з’яўляецца стварэнне краязнаўчага атласа: “Пройдзе гадоў 50. На жаль, мы не зможам захаваць усе гістарычныя будынкі, якія зараз ёсць. Гэта норма жыцця, бо нешта разваліцца, на захаванне нейкіх аб’ектаў не знойдуцца грошы. Аднак звесткі пра падобныя аб’екты можна захаваць. І гэтыя звесткі можна цудоўна выкарыстоўваць у турызме. Кажуць, у нас няма куды ісці, на што глядзець, толькі Мірскі і Нясвіжскі замкі. А як жа дзясяткі найцікавейшых месцаў, якія ёсць у кожным раёне, але якія яшчэ не вядомы шырокаму колу людзей?! Ужо больш за 30 гадоў займаюся краязнаўствам і падчас кожнай краязнаўчай вандроўкі адкрываю для сябе нешта новае. Краязнаўчы атлас можна спачатку стварыць на мікраўзроўні (вёска, сельсавет). Потым магчыма стварэнне і краязнаўчага атласа ўсёй Беларусі”.
Словы пра неабходнасць перавыдання кніг “Памяць” рэгулярна гучаць на краязнаўчых семінарах і канферэнцыях. Гучалі падобныя прапановы і падчас форуму. На думку Мікалая Васільевіча, кнігі “Памяць” створаны, безумоўна, на высокім узроўні. Аднак час ідзе, і гэтыя кнігі трэба дапрацоўваць, асабліва тыя, што пабачылі свет у 1980-я гады. Вартае перагляду і выданне спіса помнікаў гісторыі і культуры. Апошняе сур’ёзнае выданне, прысвечанае гэтай тэматыцы (“Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”), было выдадзена яшчэ ў 1980-я гады. Нягледзячы на яго грунтоўнасць і маштабнасць (у 1990 годзе выданне было ўдастоена Дзяржаўнай прэміі БССР), яго варта перавыдаць і абавязкова дапоўніць. Кожнаму краязнаўцу варта прыняць актыўны ўдзел у складанні спіса помнікаў малой радзімы. На жаль, яшчэ не ўсе помнікі гісторыі і культуры знаходзяцца пад аховай дзяржавы.
“У адной з работ мы з навучэнцамі падлічвалі самыя адметныя помнікі на Віцебшчыне. Атрымалася, што ў нашым рэгіёне ёсць 90 аб’ектаў, якія з’яўляюцца самымі-самымі ў Беларусі. Сярод іх — самы вялікі валун, самы высокі мост, самае вялікае верхавое балота і г.д. Мы накіравалі гэты спіс ва ўсе структуры аблвыканкама, упраўленні адукацыі, культуры. Тыя, хто зацікавіўся, на аснове спіса плануюць выдаць раздатачны матэрыял. Гавораць, што да “Славянскага базару ў Віцебску” хочуць зрабіць рэкламу гэтых аб’ектаў на прыпынках грамадскага транспарту”, — адзначыў настаўнік.
Форум даў магчымасць краязнаўцам розных прафесій, прадстаўнікам розных сфер сустрэцца, абмяняцца вопытам, думкамі. Выдатна, калі падобны фармат сустрэч будзе працягнуты. У любым выпадку краязнаўства было, ёсць і будзе. З кожным годам пашыраецца кола даследчыкаў, тэматыка іх даследаванняў. Усё гэта, безумоўна, ідзе на карысць нашай агульнай і вельмі важнай справы.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.







