Тапанімікай роднага краю захапляецца загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці Крычаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Крэчут” Вікторыя Плуткова.
У цэнтры яна працуе ўжо 10 гадоў — спачатку педагогам, потым загадчыцай аддзела — і шмат ходзіць з дзецьмі ў турыстычныя паходы па родных мясцінах.
— Неаднойчы ў школьнікаў узнікалі пытанні, чаму гэтая рачулка, вёска ці вуліца мае такую назву, — расказвае Вікторыя Аляксандраўна. — Мяне таксама зацікавіла гэтая тэма, захацелася даведацца пра таямніцу назваў Крычаўскага краю. Я занялася вывучэннем тапанімікі і нават прадставіла сваю даследчую работу для праекта “Мая зямля Прыдняпроўе” ў намінацыі “Тапонімы побач”. Наш край славіцца сваім гераічным мінулым: падчас Вялікай Айчыннай вайны тут ішлі жорсткія баі. Сёння на Крычаўшчыне больш за 85 помнікаў гісторыі, шмат вуліц носяць імя герояў вайны. Напрыклад, вядомага абаронцы Беларусі Мікалая Сірацініна: пра такіх асоб расказваем дзецям, бо, на жаль, далёка не ўсе людзі ведаюць, у гонар каго названа вуліца, на якой яны жывуць. Назвы рэчак, вёсак маюць ужо больш даўнюю гісторыю, свае прыгожыя легенды: дзеці іх вельмі любяць.
Чытайце матэрыял Лізаветы Міцкевіч у нумары ад 28 кастрычніка 2022 года.