Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў выпрацаваць сістэму праверак прыватных кампаній з мэтай высветліць, па якіх прычынах звальнялі людзей апошнія месяцы. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе па актуальных грамадска-палітычных пытаннях.
“Апошнім часам, упэўнены, і вам таксама, як і мне, паступаюць скаргі ад людзей па ходзе так званай гэтай выбарчай кампаніі. Што мяне абурае асабліва: у Мінску, іншых гарадах (гэта характэрна для гарадоў) прыватныя кампаніі звальняюць людзей. Прытым баюся сказаць масава, але даволі шмат. Я наконт гэтага адпаведную заяву ўжо рабіў. Мала таго, звальняюць людзей — тых, хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў: ты там за Пятрова, Сідарава не распісаўся — ідзі”, — адзначыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергяенку, Старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву і кіраўніка спраў прэзідэнта Віктара Шэймана падключыцца да гэтага пытання і выпрацаваць сістэму праверак прыватных кампаній. “На дзяржпрадпрыемствах такога няма, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — І паглядзець, за што звольнілі людзей за апошнія тры месяцы. Публічна хачу сказаць: калі яны хочуць у Беларусі прыстойна працаваць і даваць карысць краіне, не крыўдзячы людзей, яны павінны вярнуць гэтых людзей ці аплаціць ім за тры, два або адзін месяц — за тое, што выкінулі беспадстаўна”.
“Я ж яшчэ ў пачатку года прасіў не звальняць людзей з-за гэтай пандэміі. Справа ж тут не ў выбарах. Не, пачалі выкідаць. І, галоўнае, нахабнымі ўжо сталі і не баяцца: “А, ты там за свайго Лукашэнку, ну дык ідзі на вуліцу!” Гэта што такое? — абурыўся прэзідэнт. — І я атрымаў скаргі ад некалькіх чалавек, папрасіў праверыць. Выкідваюць людзей безабаронных, у каго няма грошай, бацькі, маці, якія могуць абараніць”.
“Значыць, трэба гэтых буржуяў прывесці да прытомнасці. Мы нікому не павінны дазволіць пакрыўдзіць простага чалавека. І справа не ў тым, што яны некалі мяне прывялі да ўлады, а справа ў тым, што ў нашай краіне гэтага быць не павінна”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён даручыў сумесна з генеральным пракурорам, Камітэтам дзяржкантролю, іншымі структурамі і пры ўдзеле мясцовых органаў улады “праверыць гэтых пузатых буржуяў”, каб яны неслі адказнасць за людзей. “Гэта што за сістэма? На Гоа, Канары, яшчэ нейкія астравы ў іх ёсць грошы выехаць, а людзям нармальную зарплату заплаціць не могуць, ды яшчэ і з работы выганяюць”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт на нарадзе даручыў аказаць ЦВК неабходную падтрымку па ходзе выбарчай кампаніі.
“Я хацеў бы абмеркаваць пытанні, якія, магчыма, у Лідзіі Міхайлаўны (старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Заўвага БелТА.) ёсць перад пачаткам найбольш вострага перыяду рэгістрацыі і агітацыі будучых кандыдатаў у прэзідэнты”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтая нарада мае традыцыйны характар: “Мы заўсёды разглядалі праблемы, якія нам давядзецца вырашаць, і пытанні аказання дапамогі Цэнтральнай выбарчай камісіі”.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў ЦВК на пастаяннай аснове працуе ўсяго некалькі чалавек. “На пастаяннай аснове два чалавекі — я і сакратар. І сем чалавек апарату”, — удакладніла Лідзія Ярмошына.
“Зразумела, што два адказныя работнікі выбары ніяк не арганізуюць, асабліва з тэхнічнага пункту гледжання. Таму Адміністрацыя прэзідэнта і Кіраўніцтва справамі заўсёды аказвалі неабходную падтрымку, якую ЦВК запытае. Прытым рабіць гэта трэба акуратна, каб ні нас, ні Лідзію Міхайлаўну не папракалі, што яна выкарыстоўвае нейкі адміністрацыйны рэсурс і рэсурс прэзідэнта (таксама магчымага кандыдата ў прэзідэнты). Усё, што ЦВК папросіць, — мы павінны аказаць гэтую падтрымку”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, і Лідзія Ярмошына гэта пацвердзіла, што з пункту гледжання фінансавання пытанняў няма і быць не можа. “Як заўсёды, мы аказваем падтрымку па сродках сувязі, дастаўцы людзей, і на месцах ва ўчастковых камісіях працуюць, трэба, каб прадпрыемствы іх падтрымалі, і гэтак далей”, — звярнуў увагу беларускі лідар.