У Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу-эсэ “Мы ў адказе за Перамогу”. Конкурс упершыню праводзіўся ў рамках праекта “Мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі” і быў прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

У Інстытут паступіла 1498 творчых работ. Журы прыемна здзівіла такая вялікая колькасць таленавітых навучэнцаў, якія адгукнуліся на запрашэнне прыняць удзел у конкурсе. Разам з тым журы было зусім не проста вызначыць лепшых з лепшых. Конкурс дазволіў выявіць вялікую колькасць адораных навучэнцаў, захопленых гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, гісторыяй сваіх сем’яў, маладых людзей, якія беражліва захоўваюць памяць пра ўклад прадзедаў у Вялікую Перамогу. Звяртаюць на сябе ўвагу разнастайнасць ідэй і высокі ўзровень літаратурнага майстэрства ўдзельнікаў. Арганізатары конкурсу выказваюць падзяку старшыні журы, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаілу Паўлавічу Пазнякову.

Па выніках конкурсу 3-е месца ў намінацыі “13—15 гадоў” заняла Анастасія Анацка, вучаніца 6 класа сярэдняй школы № 13 Баранавіч, 2-е месца ў гэтай намінацыі заняў Васіль Тамашоў, вучань 7 класа сярэдняй школы № 2 Хоцімска. Пераможцай конкурсу ў намінацыі “13—15 гадоў” стала Вольга Гурская, вучаніца 9 класа Сялецкага ясляў-сада — сярэдняй школы Бярозаўскага раёна. У намінацыі “16—17 гадоў” 3-е месца заняла Кацярына Цвяткова, выпускніца Чурылавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна, 2-е месца ў Аляксея Лойкі з Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі. Пераможцай у намінацыі “16—17 гадоў” стала Святлана Хамюк, навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.
Паводле інфармацыі
Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.





