Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” пройдзе з выкананнем антыкаранавірусных мер, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка перад пасяджэннем аргкамітэта па правядзенні акцыі.
“Фармат акцыі “Нашы дзеці” сябе апраўдаў, мы будзем праводзіць яе і ў гэтым годзе, павышаючы эфектыўнасць і разнастайнасць мерапрыемстваў, каб хлопчыкам і дзяўчынкам было цікава. Пэўныя карэктывы ўнесла каранавірусная інфекцыя, таму будзем гэтую тэматыку закранаць разам з Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам адукацыі, іншымі зацікаўленымі структурамі. Вядома ж, будзем рэалізоўваць комплекс мерапрыемстваў, каб не дапусціць і мінімізаваць распаўсюджванне гэтага захворвання”, — сказаў Ігар Петрышэнка.
“Новы год для дзяцей незалежна ад любых інфекцый павінен быць і ўзнімаць настрой. Кожнае дзіця павінна адчуваць клопат дарослых”, — лічыць віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, сярод антыкаранавірусных мер можа быць масачны рэжым пры правядзенні акцыі, рашэнне аб гэтым будзе прымацца ў снежні ў залежнасці ад рэгіёна і ўстаноў, дзе плануюцца святочныя мерапрыемствы. Сярод мер таксама фізічнае дыстанцыяванне, выкарыстанне антысептыкаў.
“Канкрэтныя рашэнні будзем прымаць ужо на стадыі правядзення акцыі. Пакуль рыхтуем у штатным рэжыме. Мы традыцыйна разглядаем пытанні бяспекі руху, проціпажарныя мерапрыемствы, цяпер дадаюцца проціэпідэмічныя мерапрыемствы. Наша задача — ніякім чынам не змазаць добры настрой ад святочных мерапрыемстваў, але каб дзеці заставаліся здаровымі”, — сказаў Ігар Петрышэнка.
Традыцыйна ўдзельнікамі акцыі стануць дзяржаўныя органы, банкі, грамадскія аб’яднанні і іншыя структуры. “Гэтая акцыя выклікае ўнутраны ўздым не толькі ў дзяцей, але і ў тых службовых асоб, якія традыцыйна ўдзельнічаюць у ёй і наведваюць розныя аб’екты, бачаць, якія таленавітыя, цудоўныя нашы дзеці”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Для наведвання будзе прапанавана больш за 90 аб’ектаў: школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дзіцячыя бальніцы і сацыяльныя прытулкі, спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Усяго на рэспубліканскім узроўні плануецца ўдзел у акцыі больш як 15 тысяч дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў. Пералік устаноў і арганізацый, уключаных у акцыю, будзе зацверджаны да 7 снежня.
Адным з мерапрыемстваў акцыі “Нашы дзеці” запланавана навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі. На галоўную ёлку краіны будуць запрошаны 2370 дзяцей ва ўзросце 8—14 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод удзельнікаў — дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з сем’яў бежанцаў, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, навучэнцы, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце.
Запланаваны таксама рэспубліканскі навагодні баль для навучэнцаў і студэнтаў у Палацы Незалежнасці.
Акцыя “Нашы дзеці” пройдзе з 10 снежня 2020 года па 10 студзеня 2021 года.