Прэс-тур “Настаўніцкай газеты” па Гродзенскай вобласці стаў прыемнай і доўгачаканай падзеяй як для педагогаў рэгіёна, якія спяшаліся расказаць пра свае ўстановы, так і для журналістаў, заўсёды ахвочых да мясцовых навін і багатага вопыту, пра што не толькі хочацца даведацца самім, але і прапанаваць пазнаёміцца ўсім чытачам галіновага выдання. Было што паглядзець і пра што напісаць. Журналісты газеты на чале з дырэктарам Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” — галоўным рэдактарам “Настаўніцкай газеты” Вадзімам Кнышавым наведалі школы і дзіцячыя сады абласнога цэнтра, Мастоўскага, Ашмянскага і Астравецкага раёнаў, азнаёміліся з дзейнасцю эколага-біялагічнага цэнтра, міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі, Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Мастах, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў Астраўцы.
Арганізатараў прэс-туру РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” і галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама звязваюць даўнія творчыя сувязі, замацаваныя падпісаным Пагадненнем аб супрацоўніцтве. На гэтым акцэнтаваў увагу начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык падчас сустрэчы з журналістамі. Сёння, калі Гродна з гонарам выконвае абавязкі маладзёжнай сталіцы Рэспублікі Беларусь — 2021, тут праводзіцца як ніколі шмат цікавых мерапрыемстваў, дачыненне да якіх маюць і навучэнцы школ, студэнцкая і навучэнская моладзь. І хаця гэта, як адзначыў Руслан Абрамчык, больш адказнасць, чым прывілея, Гродзеншчына заўсёды адкрытая для новых узаемадзеянняў.
Прэс-тур пачаўся ў гімназіі № 10 Гродна невыпадкова: літаральна днямі ўстанова адукацыі была занесена на Рэспубліканскую Дошку гонару за дасягненне найлепшых паказчыкаў у галіне сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый адукацыі. Як падкрэсліў Руслан Абрамчык, такое ганаровае права гімназія атрымала дзякуючы шматгадовым намаганням у справе адукацыі і выхавання вучняў, гэта заслуга і кіраўніцтва ўстановы адукацыі, і кожнага педагога.
Руслан Абрамчык вельмі цікава расказаў, што ўяўляе сабой сфера адукацыі Гродзеншчыны. Гэта толькі на першы погляд можа здацца, што ўсе школы падобныя адна на адну, а адукацыйны працэс ва ўсіх рэгіёнах краіны нічым не адрозніваецца. На самай справе, кожная ўстанова са сваім тварам, іскрынкай і нават душой. Кожны калектыў педагогаў і супрацоўнікаў — аднадумцы, дружная каманда, якая хварэе за сваю справу. А ўдзячныя выхаванцы і іх бацькі ніколі не забудуць тых, хто не толькі вучыў, але і стаў важным звяном у выхаванні кожнага дашкольніка, школьніка або студэнта.
Забеспячэнне даступнай якаснай адукацыі, стварэнне неабходных умоў для навучання і развіцця падрастаючага пакалення — пытанні, якія хвалююць органы ўлады Гродзеншчыны. Штогод уводзяцца ў эксплуатацыю новыя школы, дзіцячыя сады, жылыя дамы для дзяцей-сірот. Толькі за апошнія 5 гадоў пабудавана 46 аб’ектаў, у тым ліку 7 школ, 20 дзіцячых садкоў,17 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, установа дадатковай адукацыі і спальны корпус дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лясная паляна”.
Органамі ўлады прымаюцца меры па падтрымцы таленавітых, адораных навучэнцаў і эфектыўна працуючых педагогаў. З 1997 года заснавана прэмія Гродзенскага аблвыканкама імя Героя Беларусі Аляксандра Дубко. Штогод яна прысуджаецца 39 навучэнцам і студэнтам, якія дасягнулі найбольш высокіх вынікаў у інтэлектуальным і творчым развіцці. За 20 гадоў абласной прэміяй узнагароджана больш за 600 навучэнцаў і студэнтаў.
Створаныя ўмовы дазваляюць вобласці на працягу шэрага гадоў захоўваць высокія пазіцыі па такіх паказчыках, як выніковая атэстацыя школьнікаў, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, удзел у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, інтэлектуальных турнірах і конкурсах. Штогод навучэнцы вобласці заваёўваюць медалі на міжнародных прадметных алімпіядах.
За высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці педагогі вобласці становяцца лаўрэатамі прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “Чалавек года Гродзеншчыны”. Штогод заахвочваюцца педагогі і трэнеры-выкладчыкі па спорце за падрыхтоўку пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, міжнародных алімпіяд, рэспубліканскіх і міжнародных аглядаў-конкурсаў дзіцячай творчасці, Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў.
Прайшоў той час, калі было актуальным рамантаваць будынкі школ, прыводзіць у парадак тэрыторыю. Утульныя класы, прыгожыя спартыўныя і актавыя залы, абсталяваныя ўсім неабходным харчаблокі і прывабныя сталовыя даўно сталі нормай. Сёння на парадку дня напаўненне ўстаноў адукацыі новым інфармацыйна-камунікацыйным абсталяваннем, сучаснай тэхнікай. Толькі за апошнія 5 гадоў у школах вобласці абсталявана каля 150 кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, пастаўлена больш за 300 інтэрактыўных сэнсарных панэлей, што дазваляе арганізоўваць вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні не толькі ў гімназіях і ліцэях, але і ў звычайных школах, рабіць адукацыйны працэс сучасным, цікавым, займальным.
Якасныя паказчыкі развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці — у ліку самых высокіх у рэспубліцы. Комплексныя меры па аптымізацыі сеткі ўстаноў забяспечваюць даступнасць устаноў дашкольнай адукацыі. Усе дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы, створаны роўныя стартавыя магчымасці для іх паспяховага пераходу на наступны ўзровень адукацыі. Сістэма з’яўляецца мабільнай у прадастаўленні адукацыйных і аздараўленчых паслуг, своечасовай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Акрамя будаўніцтва дзіцячых садоў, а толькі за апошнія 5 гадоў уведзена ў эксплуатацыю 10 садкоў, штогод ствараецца каля тысячы дадатковых месцаў. Сёння на парадку дня важная задача — забеспячэнне крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі.
У Гродзенскай вобласці, як і ва ўсёй краіне, створаны неабходныя ўмовы для атрымання спецыяльнай адукацыі і аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі асобам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Існуючая ў рэгіёне сетка ўстаноў варыятыўная, штогод яна пашыраецца, што дазваляе ахапіць карэкцыйна-адукацыйнымі паслугамі ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу. Ва ўсіх раёнах вобласці ёсць цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, спецыяльна абсталяваны транспарт для падвозу дзяцей-інвалідаў да месца вучобы. Універсальнае безбар’ернае асяроддзе створана ў 75 установах адукацыі вобласці.
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, у сістэме прафесійнай адукацыі апраўданым было стварэнне 6 рэсурсных цэнтраў, на базе якіх у вучэбны працэс укараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, прымяняюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне. Штогод на іх базе праходзяць навучанне каля 2 тысяч чалавек. Усяго ж у вобласці падрыхтоўка ажыццяўляецца па 147 спецыяльнасцях. І штогод 100 працэнтаў выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі забяспечваюцца першым працоўным месцам. Радуюць высокія вынікі ў алімпіядным руху ў сферы прафесійнага майстэрства, у фінале рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus.
Прыярытэтам стала і стварэнне камфортных умоў для пражывання навучэнцаў. Укладваюцца сродкі ў рамонт інтэрнатаў, у першую чаргу, устаноў прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыі. Гэта дазваляе прыцягваць навучэнцаў нават з іншых рэгіёнаў. Рамонт класных памяшканняў за пазабюджэтныя сродкі здольны зрабіць і самі ўстановы, а капітальны рамонт з заменай інжынерных сетак — клопат органаў улады.
Цікавы вопыт рэгіёна, асабліва Лідскага раёна, у прафарыентацыйнай рабоце. Яшчэ ў мінулым годзе тут правялі абласное пасяджэнне з удзелам кіраўнікоў аграрнай галіны, універсітэтаў і прафесійна-тэхнічных устаноў сельскагаспадарчага профілю, вызначылі алгарытм узаемадзеяння. У Лідзе па ініцыятыве старшыні Лідскага райвыканкама Сяргея Ложачніка вызначылі, як звесці разам вытворчасць і ўстановы адукацыі. Сабраўшы разам прадстаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія рахтуюць зваршчыкаў, механізатараў, тых, хто будзе ў далейшым працаваць на тэхніцы, што выпускаюць на Лідчыне, кіраўнік раёна паставіў задачу забяспечыць навучэнцаў матэрыяламі і вузламі механізмаў, з якімі яны будуць працаваць. Таксама склалі спіс, чаго не хапае прафесійным ліцэям і каледжам і дзе гэта можна знайсці. Падрыхтавалі пісьмы і разаслалі па ўсіх заводах. І ў хуткім часе ва ўстановы адукацыі былі дастаўлены часткі рухавікоў, каробкі перадач, вузлы. Сістэма запрацавала. А каб яшчэ больш сарыентаваць моладзь на рабочыя прафесіі, на Лідчыне арганізавалі экскурсіі на прадпрыемствы спачатку кіраўнікоў устаноў адукацыі, затым настаўнікаў, а пасля і школьнікаў, каб паказаць, што выпускаецца на прадпрыемствах, якія там умовы працы. Толькі ў такім выпадку ў маладых людзей можа ўзнікнуць жаданне працаваць у сваім горадзе, бо яны ўбачаць і зразумеюць, якія ў іх перспектывы.
Шмат увагі на Гродзеншчыне ўдзяляецца занятасці дзяцей і моладзі, даступнасці дадатковай адукацыі, спартыўных аб’ектаў. Толькі за апошнія 5 гадоў уведзена ў эксплуатацыю каля 200 спартыўных збудаванняў.
Атрымаў развіццё валанцёрскі рух. Школьнікі-валанцёры на сістэмнай аснове аказваюць дапамогу больш як 78 тысячам грамадзян пажылога ўзросту.
Як адзначыў Руслан Абрамчык, важнае значэнне мае фарміраванне ў навучэнцаў грамадзянскасці, патрыятызму, прававой культуры. Сёння выразна вызначылася патрэба фарміравання новага педагагічнага мыслення, сістэматызацыі дзейнасці педагогаў па ідэалагічным выхаванні навучэнцаў. Адной з асноўных задач у рабоце з кадрамі павінна стаць фарміраванне іміджу сучаснага педагога як носьбіта ідэалагічных, маральных каштоўнасцей грамадства, матываванне яго на самаразвіццё. І тут узнікае неабходнасць актывізацыі ў інфармацыйнай прасторы. Дарэчы, сайт галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама заваяваў дыплом I ступені на міжнароднай выставе “Адукацыя і кар’ера”. Школы і дзіцячыя сады не толькі маюць свае сайты, але і шырока прадстаўлены ў Instagram і Facebook. Цяпер стаіць задача прадставіць у сацыяльных сетках установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, асабліва тыя, дзе ёсць рэсурсныя цэнтры, каб паказаць іх патэнцыял, карысць для арганізацый і асобнага чалавека, які хоча прайсці перападрыхтоўку ці проста набыць пэўныя навыкі.
І гэта толькі асобныя кірункі ў развіцці сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці, некаторыя прыклады станоўчых змен, якія адбываюцца ў галіне. Як падкрэсліў Руслан Абрамчык, у сістэме адукацыі атрымалася не толькі захаваць лепшыя традыцыі, якія закладваліся педагогамі на працягу дзесяцігоддзяў, але і дасягнуць новых вяршынь у развіцці, для таго каб быць сучаснымі і запатрабаванымі. Дзейнасць усіх зацікаўленых накіравана на захаванне якаснай, даступнай для кожнага адукацыі.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Выказваем вялікую падзяку за арганізацыю прэс-туру начальніку аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлане Станіславаўне Кавалеўскай, начальніку ўпраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянціну Сцяпанавічу Ціхановічу, начальніку ўпраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святлане Мікалаеўне Баркоўскай і начальніку аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Аксане Анатольеўне Земляковай.