Сям’я, дзіцячы сад, родны горад

Калі ў назве арганізацыі ёсць лічба 1, то гэта гучыць вельмі сімвалічна. Школа № 1, каледж № 1 ці дзіцячы сад № 1 — сапраўды, ужо адна гэтая лічба быццам вызначае першынство. У самым канцы 2009 года ў Гродне з’явілася дзяржаўная ўстанова адукацыі “Яслі-сад № 101”. Не проста першая, а сто першая. “Верасок” — такую назву атрымаў сад у новым мікрараёне горада.

Загадчыца ясляў-сада Жанна Казловіч.

З таго часу кірунак на першын­ство, на дасягненне высокіх вынікаў у рабоце стаў агульнай справай усяго калектыву ясляў-сада. Бо лічбы лічбамі, а без плённай працы дасягнуць высокіх вынікаў немагчыма. Забягаючы наперад, скажам, што першую адзнаку — па­дзячны ліст адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна за плённую працу — калектыў ясляў-сада № 101 атрымаў праз дзевяць месяцаў работы.

— З самага пачатку сваёй дзейнасці імкнуліся да таго, каб наша ўстанова мела сваю адметнасць, была цікавай нашым выхаванцам і іх бацькам, каб для дзетак стваралася прастора развіцця, — гаворыць загадчыца ясляў-сада Жанна Мікалаеўна Казловіч. — Разумелі, што калі пазітыўнае стаўленне да ўстановы сфарміравана, то вынікам стане давер да яе. Наш “Верасок” наведвае другое, а то і трэцяе пакаленне дзетак з адных сем’яў. І такі давер нас вельмі натхняе і сведчыць аб а­ўтарытэце педагагічнага калектыву.

Для стварэння пазітыўнага іміджу ясляў-сада вызначылі і план дзеянняў, які ўключаў работу з педагагічнымі кадрамі і бацькамі выхаванцаў. Запланаваныя мерапрыемствы мелі як тэарэтычны, так і практычны характар і ажыццяўляліся ў некалькі этапаў. На першым этапе вывучылі запыты бацькоў. Для гэтага выкарыстоўвалі анкетаванне, інтэрв’юіраванне, аналіз водгукаў. Гэта дапамагло вызначыць стаўленне не толькі бацькоў, але і дзетак да ўстановы і да педагагічных работнікаў.

Для пазнавальнасці дашкольнай установы важным палічылі стварэнне ўласнага візуальнага вобраза. Элементам фірменнага стылю “Вераска” стаў лагатып, які выкарыстоўваецца на шыльдзе, віншавальных паштоўках, дыпломах, сувенірах, бэйджах супрацоўнікаў, форме ў­дзельнікаў танцавальнага гуртка.

Актыўна развіваецца сайт установы. У садку лічаць, што шырокае інфармаванне аб дасягненнях выхаванцаў і педагагічных работнікаў са­дзейнічае адкрытасці ўстановы, стварае ўмовы для ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, абмену інфармацыяй. Стварэнне максімальна адкрытай інфармацыйнай прасторы, у якой адсочваецца зваротная сувязь і рэфлексія, стала важным элементам станоўчага імі­джу дашкольнай установы. Дарэчы, яшчэ ў 2017 годзе “Верасок” быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені аддзела адукацыі, спорту і турызму Ленінскага раёна Гродна ў конкурсе “Сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы”. На сайце прадстаўляецца і лепшы вопыт сямейнага выхавання, якім дзеляцца бацькі.

— Таксама ў нас ёсць свае традыцыі, — працягвае Жанна Міка­лаеўна. — Сярод іх — актыўны ўдзел бацькоў, а таксама бабуль і дзядуляў ва ўсіх мерапрыемствах. Так, на спартыўным свяце “Малыя Алімпійскія гульні” сапернічаюць каманды выхавальнікаў і бацькоў, а гледачамі з’яўляюцца нашы выхаванцы. Перамагае сяброўства, што вельмі падабаецца дзеткам.

Да пяцігоддзя “Вераска” тут з’явілася “Дрэва развіцця”. На яго галінках сталі размяшчаць фота­здымкі тых супрацоўнікаў ясляў-сада, якія адзначыліся важкім укладам у яго работу. Гэта і выхавальнікі, і кухар, і іншыя спецыялісты. А на другой палове раскідзістай кроны — фотаздымкі выпускнікоў.

— Асаблівасць гэтай традыцыі ў тым, што з аднаго боку размешчаны выявы педагогаў, з другога — нашых выпускнікоў, за поспехамі якіх мы сочым пастаянна. Мы часта запрашаем творчых выпускнікоў на святы ў садок, і яны з задавальненнем выступаюць на нашых мерапрыемствах. Колькі радасці, калі падрослыя выпускнікі садка бачаць сябе на гэтым “Дрэве развіцця”, — расказвае загадчыца ясляў-сада № 101.

— Ёсць яшчэ адна традыцыя — пасадка дрэва выпускнікамі. Развітваючыся з “Вераском”, нашы “верасяты”, і іх бацькі дораць не толькі свае фотаздымкі, але і дрэвы. Так з’явілася алея выпускнікоў, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццяна Вацлаваўна Седа.

У 2019 годзе з’явілася новая традыцыя — музычны фестываль “І песні таксама ваявалі”, які праходзіць напярэдадні Дня Перамогі. У мінулым годзе ў яго ўключылі выкананне паэтычных твораў. Удзельнічаюць у фестывалі педагогі, бацькі, дзеці.

Яшчэ адзін напрамак фарміравання паспяховага іміджу ў “Вераску” бачаць у эстэтычным афармленні памяшканняў і тэрыторыі — групавых памяшканняў і гульнявых пляцовак, калідораў, холаў. Дарэчы, архітэктурныя асаблівасці садка — гэта вялікія холы на кожным з трох паверхаў. На першым паверсе аформілі выставачную прастору, дзе рэгулярна прадстаўляюцца выставы работ дзяцей і іх бацькоў. На другім паверсе размешчаны жывы куток — зона рэлаксацыі і пазнання прыроды — з рыбкамі, птушкамі, жывёламі, раслінамі. Трэці паверх аддадзены гісторыі і народным промыслам Беларусі.

— Мы будуем выхаваўчы працэс на трыядзе “сям’я — дзіцячы сад — родны горад”, — гаворыць Жанна Мікалаеўна. — Дзеткі бачаць членаў сваёй сям’і на мерапрыемствах, разам ствараюць творы для выстаў, у­дзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі, знаёмяцца з выявамі гістарычных помнікаў нашага роднага горада і вывучаюць яго гісторыю, могуць узяць у рукі вырабы народных майстроў. Гэтыя простыя рэчы ім зразумелыя, гэта павышае імідж сям’і, нашага садка, нашага горада, а значыць, гордасць за іх, закладвае асновы патрыятычнага выхавання маленькіх грамадзян нашай краіны.

У “Вераску” кажуць: “Мы прыхо­дзім на работу, каб пражываць жыццё разам са сваімі выхаванцамі”. Дарослыя не проста знаходзяцца разам з дзецьмі, яны сапраўды жывуць іх інтарэсамі і паказва­юць прыклад актыўнасці, пазітыўных дзеянняў. А доказ гэтага — шматлікія ўзнагароды за рознабаковую дзейнасць. 101-ы — пераможца конкурсу экалагічных праектаў “Вучымся берагчы электраэнергію”, дашкаліяды “100 крокаў да Алімпа”, конкурсу кабінетаў псіхолага, пераможца раённага этапу рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык” у намінацыі “Дзіця і прырода”, конкурсу на лепшае развіццёвае асяроддзе ў групе ўстановы дашкольнай адукацыі, раённага конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “ДоМиСоль-ка” ў намінацыі “Сучасная харэаграфія”, абласнога конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”, адзначаўся за лепшую арганізацыю харчавання, мае статус “Зялёная школа”. Рознабакова і пазітыўна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.