Аб арганізацыі вясновых канікул і аб летнім аздараўленні расказвае Таццяна Асмалоўская

- 10:10Компетентно, Образование, Школа управления

З 24 па 31 сакавіка пройдуць вясновыя канікулы для школьнікаў. У іх арганізацыі змяненняў не чакаецца, але зместава яны папоўняцца новымі тэмамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Знакавая дата

Як расказала кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская, у гэты канікулярны перыяд адпач­нуць і пройдуць азда­раўленне 68 200 дзяцей. Азда­раўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем будуць навед­ваць больш за 62,5 тысячы дзяцей, а спецыя­лізаваныя лагеры спартыўнай накіраванасці — больш за 5 тысяч юных спартсменаў. Усяго ў дзённых лагерах на базе ўстаноў адукацыі і спорту пройдуць аздараўленне 62 229 дзяцей, а ў круг­ласутачных — 430. Міністэрства адукацыі, навучальныя ўстановы і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўжо спланавалі мерапрыемствы, якія мяркуецца правесці ў час канікул. Сярод іх лакальныя і рэспубліканскія.

Знакавым з’яўляецца святкаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падрыхтоўка да якога ўжо вядзецца. З сакавіка па верасень запланавана правядзенне Усебеларускага патрыятычнага праекта “Памяць пакаленняў у імя будучыні”. У яго межах пройдзе рэспубліканская акцыя “Гісторыя Перамогі ў асобах”, рэспубліканскі конкурс “Наша Перамога. Мая гісторыя”, рэспубліканская акцыя па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый “Кветкі дабра”, а таксама ўсебеларускі дыктант “Я раскажу пра Перамогу”.

Рэспубліканскі старт Усебеларускаму патрыятычнаму праекту быў дадзены 27 лютага 2024 года ў Магілёве ў рамках правядзення рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Дзейнасць маладзёжных аб’яднанняў як аснова фарміравання патрыятычнай свядомасці і захавання гістарычнай памяці”. У час вясновых канікул аздараўленчыя лагеры ўсіх тыпаў таксама падключацца да рэалізацыі гэтага праекта.

Займальнае падарожжа

Непасрэдным арганізатарам правядзення такога маштабнага праекта з’яўляецца Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Дарэчы, і сам цэнтр у час вясновых канікул прапануе розныя мерапрыемствы. Сярод іх экскурсійна-адукацыйная праграма “Падарожжа ў экамір”, удзельнікі якой змогуць наведаць унікальную аранжарэю, дзе зараз спее экзатычная садавіна; акварыумны клас, куток жывой прыроды. Пройдзе адукацыйны майстар-клас “Займальная хімія”, на якім дзеці даведаюцца і на ўласным вопыце правераць асноўныя законы і прынцыпы хіміі і фізікі, самастойна змогуць стварыць у прабірцы паліва для запуску міні-ракеты. Адукацыйны практыкум “Сонейка ў далонях” пазнаёміць дзяцей з аднаўляльнымі крыніцамі энергіі, а пры дапамозе спецыяльных макетаў і канструктараў яны змогуць атрымаць зарад сонечнай батарэі, якога хопіць, напрыклад, для работы маторчыка або праслухоўвання плэера. У рамках “Экалагічнай гульнятэкі” школьнікі стануць удзель­нікамі інтэлектуальных гульняў-віктарын, гульняў на лагічнае мысленне, настольных гульняў, набудуць веды правільнага абыходжання з бытавымі адходамі. У анлайн-фармаце (15 сакавіка — 3 красавіка) пройдзе Рэспуб­ліканскі конкурс юных геолагаў, у якім могуць прыняць
удзел усе жадаючыя.

Тэрыторыя творчасці

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пройдуць цікавыя і захапляльныя мерапрыемствы як для навучэнцаў устаноў адукацыі Мінска, так і для дзяцей з рэгіёнаў. У гэты перыяд у цэнтры будзе працаваць выстава “Тэрыторыя творчасці” ўзорных і народных студый выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў рамках фестывалю “Сузор’е”. З 25 па 30 сакавіка пройдзе фінальны тур IX адкрытага міжнароднага фестывалю-конкурсу “Творчасць без меж” у намінацыі “Тэатральная творчасць”. Прадугледжаны конкурсныя прагляды па розных тэматычных кірунках. 26 сакавіка з мэтай распаўсюджвання і прапаганды ведаў і інтэ­лектуальных форм вольнага часу сярод дзяцей і падлеткаў будзе праве­дзены рэспубліканскі турнір на кубак НЦМТДМ па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў “Вясна-2024” і Рэспуб­ліканскі чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў малых населеных пунктаў. У гэтых мера­прыемствах удзельніча­юць школьныя каманды ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усіх рэгіёнаў краіны.

Вясенняя сесія

— Школьныя канікулы гэтай вясной будуць даволі насычанымі і шматграннымі, — адзначыла Таццяна Асмалоўская. — Будуць праводзіцца розныя спаборніцтвы, спартыўныя святы, сустрэчы са спартсменамі. Акрамя таго, традыцыйнымі будуць экскурсійныя праграмы, паходы ў музеі, тэатры, на выставы, удзел у забаўляльных мерапрыемствах, наведванне шматлікіх культурных аб’ектаў. Міністэрства культуры прапаноўвае для школьнікаў серыю мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю беларускага кіно, куды ўвахо­дзіць прагляд фільмаў савецкай і беларускай класікі, на ваенную тэму, прысвечаных 80-годдзю вызва­лення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, патрыя­тычнай накіравасці.

У канікулярны перыяд бу­дуць праведзены абласныя этапы рэс­публіканскага конкурсу “Я патрыёт сваей краіны”. Па выніках 45 дзесяцікласнікаў прымуць удзе­л у культурна-адукацыйнай патрыятычнай акцыі “Цягнік Памяці”. Якраз у канікулярны перыяд будзе завершаны абласны адбор, а потым адбудзецца рэс­публіканскі. Як заўсёды, цікавую праграму на вясеннія канікулы падрыхтаваў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Будзе арганізавана змена “Весенних трелей голос звонок, а мы опять спешим в “Зубренок”, дзе адпачнуць беларускія і расійскія школьнікі. Бу­дзе праведзена змена для дзяцей, якія прымаюць удзел у конкурсе “Юныя таленты Беларусі” з ліку творчых калектываў, юных вакалістаў, харэографаў, паэтаў, артыстаў тэатраў мод, майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Пройдуць сустрэчы па абмене вопытам паміж педагогамі, якія суправаджаюць дзяцей, майстар-класы. Адк­рыецца вочна-завочная дыстанцыйная школа “Вясенняя сесія” для дзяцей з сельскіх школ. 

Фота Алега Ігнатовіча выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Кожная ўстанова, кожны клас можа мець свой план правядзення вясенніх канікул з улікам профільнасці навучальнай установы, узроставых і рэгіянальных асаб­лівасцей. Арганізатарамі і каардынатарамі мерапрымстваў канікулярнага перыяду застаюцца ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На іх базе працягнуць сваю дзейнасць аб’яднанні па інтарэсах. У час канікул рэжым іх работы будзе адкарэкціраваны згодна з пажаданнямі дзяцей і бацькоў. Будуць даступны басейны, спартыўныя залы. Для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці аздараўленчыя лагеры будуць адкрыты на базе ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, на базе цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання. У час канікул пры неабходнасці бацькі змогуць звяртацца па кансультацыі ў камісіі па справах непаўналетніх, гута­рыць з кіраўніцтвам установы адукацыі, настаўнікамі-прадметнікамі, класнымі кіраўнікамі. Важна, каб педагогі як у час вясенніх канікул, так і на працягу ўсяго навучальнага года, у вольны час школьнікаў забяспечылі выкананне норм і правіл бяспечнага знаходжання дзяцей на вуліцы, у школе, на прыродзе, у грамадскіх месцах.

Галоўнае — бяспека дзіцяці

Падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі традыцыйна вядзецца на працягу года. Сёння аб’ёмы фінансавання аздараўлення і адпачынку дзяцей у летні перыяд, памеры дзяржаўнай датацыі і бацькоўскай даплаты ўзгоднены з Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-­курортным лячэнні.

У цэлым гэтым летам будуць функцыянаваць 146 стацыянарных летнікаў. Агульная колькасць дзяцей, якія будуць ахоплены летнім аздараўленнем, складзе амаль 400 тысяч. У сакавіку адбудзецца пашыраная ўстановачная нарада з удзелам кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, адпаведных структурных падраз­дзяленняў, прадстаўнікоў Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. На ёй будуць вызначацца новыя напрамкі правядзення летняй аздараўленчай кампаніі і высвятляцца, наколькі выпраўлены тыя недахопы, якія былі выяўлены ў мінулым сезоне.

Нарада будзе праходзіць на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. У сустрэчы таксама прымуць удзел рэктары ўніверсітэтаў педагагічнага профілю, з якімі будуць вырашацца пытанні падрыхтоўкі і забяспечанасці педагагічнымі кадрамі летніх аздараўленчых лагераў, у тым ліку студэнтамі-практыкантамі. Ужо цяпер фарміруюцца спісы выхавальнікаў, якія будуць працаваць у лагерах у летні перыяд. Для іх, а таксама для работнікаў харчаблокаў, іншых работнікаў, якія будуць задзейнічаны ў летняй аздараўленчай кампаніі, бу­дуць праведзены вучэбныя семінары, іншыя арганізацыйныя мерапрыемствы. На рэс­публіканскай нарадзе абмярку­юць стан матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыя­нарных летніх лагераў, правядзенне капітальнага альбо касметычнага рамонту. Пад асобным кантролем будзе знаходзіцца абнаўленне спартыўнага інвентару, стан і якасць наяўнага, яго абавязковае папярэдняе выпрабаванне з мэтай прафілактыкі траўматызму і няшчасных выпадкаў. Дзяржаўная прыёмка аб’ектаў летняй аздараўленчай кампаніі пачнецца за 5 дзён да пачатку яе старту.

Асобная ўвага — прыватным аздараўленчым лагерам, якія сёння ро­бяць толькі першыя крокі, таму асноўная задача — упарадкаваць іх дзей­насць згодна з існуючым прававым полем. Прыватныя аздараўленчыя лагеры падпарадкоўваюцца адпаведным структурам — рэгіянальным выканкамам па месцы дыслакацыі. Кіраўнікі такіх лагераў афармляюць там патрэбныя дакументы, узгадняюць праграму аздараўлення дзяцей і потым атрымліваюць дазвол на дзейнасць.

Пры арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей галоўнай задачай з’яўляецца выкананне адпаведных санітарных норм і правіл пры арганізацыі харчавання, камфортнага пражывання. Важна стварыць бяспечныя ўмовы знаходжання дзяцей на спартыўных пляцоўках, на тэрыторыі лагера, на вадаёмах і ў лясных масівах. У полі зроку павінна знахо­дзіцца кожнае дзіця. 

Ала КЛЮЙКО