Нарматыўная база Беларусі дае магчымасць аператыўна рэагаваць на выклікі сучаснасці. Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Валянцін Міхневіч.
Беларускія праваахоўныя органы ўдасканальваюць метады работы з улікам новых выклікаў. “Мы павышаем узровень баявой падрыхтоўкі, мадэрнізуем усе свае тэхнічныя сродкі, што садзейнічае і павышэнню ўзроўню абараназдольнасці, і забеспячэнню грамадскай бяспекі”, — адзначыў дэпутат. Нарматыўная прававая база Беларусі таксама дае магчымасць аператыўна рэагаваць на ўсе выклікі і пагрозы сучаснасці. “Нашы праваахоўнікі працуюць над тым, каб удасканальваць заканадаўства, каб быў эфектыўны інструментарый для процідзеяння, папярэджання, прафілактыкі злачынстваў”, — дадаў Валянцін Міхневіч.
Як падкрэсліў у сваім навагоднім звароце Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у розных кутках планеты ўспыхваюць узброеныя канфлікты, учыняюцца тэракты, і захаваць Беларусь астраўком стабільнасці і спакою было няпроста. Але зрабіць гэта ўдалося, забяспечыўшы мір і бяспеку грамадзян. “Мы павінны ў рамках ужо ваенна-палітычных блокаў, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы рабіць астравок бяспекі шырэйшым на тэрыторыі ўсіх краін — удзельніц АДКБ”, — сказаў Валянцін Міхневіч. Для гэтага праваахоўнікам неабходна ў тым ліку і далей забяспечваць аператыўны абмен інфармацыяй.
Старшыня Пастаяннай камісіі звярнуў увагу, што прэзідэнт у сваім навагоднім звароце асобна закрануў тэму нацыянальнай бяспекі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб міралюбівай палітыцы Беларусі і адначасова аб неабходнасці трымаць порах сухім. “Беларусь заўсёды была міралюбівай дзяржавай, яна заўсёды вяла такую палітыку. Ад нас ніякай пагрозы не ідзе, але сваё мы будзем абараняць”, — рэзюмаваў дэпутат.