Абаяльны заяц, смяшарыкі: настаўніца з Віцебска Ірына Пахамовіч дзеліцца сакрэтам, як зрабіць атмасферны падарунак

- 17:31Увлечения

У дзяцінстве настаўніца пачатковых класаў віцебскай сярэдняй школы № 28 імя Е.С.Зяньковай Ірына Пахамовіч радавалася знойдзеным пад ёлкай арыгінальным падарункам, зрабіць якія Дзеду Марозу дапамагала яе мама. Цяпер педагог і сама захапляецца вязаннем. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Наша гераіня — з настаўніцкай сям’і: яе маці Дзіана Мысіна ўзначальвае Бароўскую сярэднюю школу імя Г.К.Жу­кава, што на Лепельшчыне. Яна, а таксама бабуля перадалі дзяўчынцы азы вязання кручком і на прутках. У Бароўскай школе Ірына навучылася шыць цацкі з футра. Дарэчы, туды ж вярнулася як малады спецыяліст працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Пасля пераезду ў абласны цэнтр па месцы работы мужа Ірына Юр’еўна паспрабавала звязаць сваю першую ляльку-амігурумі:

— Гэта была зялёная малпачка. Нетрывіяльны колер тлумачыцца банальна: толькі такія ніткі знайшліся дома пасля пераезду ў Віцебск. А потым дачка ў лісце да Дзеда Мароза папрасіла смяшарыкаў: мульцік на той час быў на піку папулярнасці. Я ўспомніла, якім прыемным сюрпрызам у маленстве сталі для мяне знойдзеныя пад навагодняй ёлкай вязаныя кручком чыр­вона-зялёная шапачка з ружай і завітушкамі і ў камплекце да яе шалік. Прыгадала, як у дзесяцігадовым узросце разам з маці рыхтавала ў падарунак брату на дзень нараджэння трэндавага Пікачу: у продажы жаданай цацкі было не знайсці, затое ўдалося купіць гатовую выкрайку з футра. Я сама яе сшывала і вельмі гэтым ганарылася.

Вось і наважылася звязаць смяшарыкаў, бо сітуацыя паўтарылася: у продажы мы з мужам іх не адшукалі. Рабіла цацкі ўпотай ад дачкі, калі ўкладвала яе спаць. Муж далучыўся: пасля работы і па выхадных займаў дзіця, пакуль я закрывалася на кухні і дапамагала Дзеду Марозу спраў­дзіць мару дачкі. Узоры для цацак брала ў інтэрнэце і перарабляла іх пад уласныя ідэі метадам спроб і памылак. Так звязала сваю першую калекцыю. У выніку штораніцы з Новага года і да Каляд дачка знахо­дзіла пад ёлкай персанажаў любімага мульціка. Далей з’явіліся Малінка з тэлеканала “Карусель” і свінка Пэпа.

Варта дадаць, што захапленні Ірыны Пахамовіч знаходзяць адлюстраванне ў яе рабоце. Згаданых смяшарыкаў настаўніца прынесла ў школу, паказала дзецям. Вучні загарэліся — кожны захацеў мець падобную цацку. Дзеці пад яе кіраўніцтвам навучыліся іх рабіць. Зразумела, больш простых па тэхніцы выканання і меншых па памеры, але такіх жа цудоўных.

— З вучнямі мы многае ствараем сваімі рукамі і па праграме, і па-за яе межамі. Лічу гэта надзвычай важным для развіцця дзіцяці. Заўсёды ўдзельнічаем у школьных валанцёрскіх акцыях, робім прыгожыя паштоўкі да свят. Успамінаецца, як выдатна ў нас атрымаліся паштоўкі з незвычайнымі дрэвамі. Асноўным матэрыялам паслужылі… стружкі, што застаюцца пасля завострывання алоўкаў. Адрасоў дабрачыннасці багата: мы Школа міру, статус абавязвае. Я працягваю вязаць цацкі, часта перадаю іх нашым валанцёрам. Галоўны крытэрый выбару — каб цацкі былі сімпатычныя і іх прыемна было ўзяць у рукі. Дачка падрасла і ўслед за мной захапілася рукадзеллем. Часам ужо я ў яе вучуся новым тэхнікам, напрыклад, з яе падачы зацікавілася фааміранам. Яшчэ ўваходжу ў склад творчай групы педагогаў, адказнай за ўпрыгожванне нашай установы адукацыі да розных дат. У снежні школа адзначыла 60-гадовы юбілей. Потым надышлі навагоднія святы — шмат клопатаў, але для нас яны ў задавальненне, — расказвае настаўніца.

Удзел у рэспубліканскай акцыі “Ад усёй душы” для педагогаў віцебскай школы № 28 па традыцыі справа асабістая. Настаўнікі персанальна замацаваны ў якасці шэфаў за ветэранамі педагагічнай працы: віншуюць іх са святамі, дапамагаюць і проста завітваюць у госці.

— Мы сябруем з Інесай Каскевіч, — завочна знаёміць са “сваім” ветэранам Ірына Пахамовіч. — Яна прыйшла ў школу пасля інстытута настаўніцай пачатковых класаў і да пенсіі тут працавала. Яе вопыт вельмі каштоўны. Цудоўны, мудры і добры чалавек, цікавая асоба, выдатны кулінар. А як яна спявае! Выступае на школьных канцэртах. Любіць падарожнічаць і нават у іншых краінах спявае песні пра Беларусь — не раз паказвала мне відэа. Безумоўна, я пад­рыхтавала для Інесы Міхайлаўны падарунак, зроблены ўласнаручна, — абаяльнага зайца з плюшавых нітак. Звязана з любоўю!

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара