Ад разумнага паліву да лагістыкі: распрацоўкі юных мазыран вырашаюць задачы аграсектара і сферы адукацыі

- 9:00Главная, Образование

Разумная сістэма паліву, робат-­пажарны і лагістычная платформа — у Мазыры школьнікі праектуюць аўтаномныя сістэмы будучыні. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра працуе раённы інжынерна-тэхнічны цэнтр для школьнікаў, у якім дзеці з ранняга ўзросту адкрываюць для сябе свет праграмавання, робататэхнікі і інавацый. Галіна Аляксаніна, кіраўнік цэнтра, настаўніца інфарматыкі, дзеліцца поспехамі сваіх выхаванцаў і методыкай, якая дапамагае раскрываць таленты нават самых сціплых вучняў.

— У нас займаюцца дзеці з 3 класа, — гаворыць Галіна Сяргееўна. — Пачынаем з асноў, напрыклад, асвойваем асяроддзе праграмавання Scratch. Але ўжо ў 6 класе хлопчыкі і дзяўчынкі ствараюць складаныя праекты, якія займаюць прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Выкарыстанне робататэхнічнага абсталявання ў вучэбным працэсе дазваляе нам фарміраваць у дзяцей інжынернае мысленне і прынцыпова іншы погляд на інфарматыку. Вынікі гавораць самі за сябе: нашы выхаванцы становяцца ­ пераможцамі конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, займаюць прызавыя месцы на рэс­публіканскіх даследчых канферэнцыях
і годна прадстаўляюць краіну на робатурнірах у Расіі. Высокі ўзровень падрыхтоўкі пацвярджаецца і прафесійным выбарам выпускнікоў: яны становяцца студэнтамі тэхнічных УВА.

Пад кіраўніцтвам педагога навучэнцы рэалізавалі мноства ўнікальных праектаў. Напрыклад, шасцікласнік Платон Карашчук распрацаваў сістэму аўтаматызаванага паліву раслін. Спачатку юны вынаходнік стварыў увільгатняльнік паветра, а пасля прыдумаў, як ажыццявіць яшчэ адну ідэю — зрабіць аўтаматызаваную прыладу для догляду раслін.

— Распрацоўка вызначае вільгот­насць глебы і паветра, тэмпературу і асветленасць, дазваляе задаваць параметры паліву, — апісвае сістэму работы прылады вучань. — Калі ўзровень вільготнасці апус­каецца ніжэй зададзенага парога, сістэма актывуе помпу і падае ваду да каранёў раслін. Усе значэнні ў рэжыме рэальнага часу адлюстроўваюцца на меню экрана. Праект атрымаў высокую ацэнку экспертаў і дыплом ІІ ступені на Гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі.

Як прызнаўся гімназіст, ён плануе ўдасканальваць сваю распрацоўку, а ў будучыні марыць стаць праграмістам.

Яшчэ адзін яркі прыклад таго, як дзіцячая цікаўнасць, памножаная на прафесіяналізм настаўніка, прыводзіць да рэальных інавацый, — робат для цяпліц. Ён ездзіць па зададзенай траекторыі, адсочвае кліматычныя параметры і выяўляе ачагі ўзгарання пры вырошчванні сельскагаспадарчых культур, падаючы гукавы сігнал.

Як падкрэслівае педагог, на этапе праектавання на першы план заўсёды выходзяць практычная значнасць і запатрабаванасць будучай прылады. Праект не ствараецца дзеля праекта — ён павінен вырашаць рэальныя задачы. І калі папярэднія ноу-хау арыентаваны на сферу сельскай гаспадаркі, то распрацоўка адукацыйнай платформы “Эўрыка” прызначана непасрэдна для адукацыйнага асяроддзя. Гэта інавацыйны інструмент для настаўнікаў і навучэнцаў, які дазваляе значна спрасціць працэс запамінання і засваення новай інфармацыі. Адукацыйная платформа “Эўрыка” — гэта, па сутнасці, мабільны дадатак, які выкарыстоўвае штучны інтэлект для генерацыі флэш-карт і тэстаў па параграфах падручнікаў. Сістэма цалкам адаптавана пад адукацыйныя стандарты Беларусі.

— Калі школьнік або настаўнік рыхтуецца да ўрока з дапамогай гэтай платформы, то яму дастаткова скапіраваць тэкст параграфа і ўставіць яго ў спецыяльнае поле, і сістэма сама згенерыруе флэш-карты (з аднаго боку — пытанне, з другога — адказ), — працягвае Галіна Аляксаніна. — Для вывучэння біялогіі мы дадаткова рэалізавалі магчымасць падключэння 3D-мадэлей. На 3D-прынтары раздрукавалі мадэль мозга, і праз Bluetooth можна інтэрактыўна вывучаць анатомію. Гэтая мадэль сінхранізавана з платформай: як толькі вучань прыступае да вывучэння пэўнага аддзела галаўнога мозга з дапамогай флэш-карт, на 3D-мадэлі падсвятляюцца адпаведныя структуры. Праект, распрацаваны выпускніцамі, адзначаны на рэспубліканскім узроўні.

Сярод праектаў вылучаецца робатызаваная сістэма транспартавання. Навучэнец сканструяваў мабільны робат, здольны перамяшчаць невялікія грузы па зададзеным маршруце. Кіраванне прыладай ажыццяўляецца праз Bluetooth, што дазваляе эфектыўна вырашаць задачы па дастаўцы прадметаў у межах класа або лабараторыі.

Выхаванцы цэнтра рэгулярна перамагаюць на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Многія выпускнікі паступаюць у ліцэі і УВА па льготных траекторыях. Напрыклад, у 2024 годзе дзевяцікласніца Ангеліна Бянько атрымала рэкамендацыю Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, якая дазваляла ёй быць залічанай ва ўніверсітэты і ліцэі краіны без уступных іспытаў, дзякуючы чаму дзяўчына стала навучэнкай Ліцэя БДУ. У 2025 годзе два выпускнікі гімназіі — Таццяна Кудан і Савелій Бярговін — таксама паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі па рэкамендацыях тэхнапарка. Дарэчы, усяго навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшлі 18 гімназістаў.

— Дзеці, якія праяўляюць уседлі­васць, цярпенне і шчырую цікавасць да праектнай дзейнасці, часта звязваюць будучыню з IT і інжынерыяй, — падкрэс­лівае Галіна Сяргееў­на. — Наша задача — стварыць такую атмасферу ў гімназіі і інжынерна-тэхнічным цэнтры, каб ім хацелася вяртацца сюды зноў і зноў. Мы адкрытыя для ўсіх: цэнтр мае раённы статус, таму ў нас займаюцца навучэнцы розных школ горада.

— Акрамя таго, на базе гімназіі дзейнічае міжшкольны факультатыў. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі мы атрымалі камплекты па робататэхніцы і 3D-абсталяванне, што дапамагло па-сапраўднаму зацікавіць дзяцей. Калі настаўнік гарыць сваёй справай і мае ў распараджэнні сучасныя інструменты, вынік гарантаваны. Мы штогод пацвяр­джаем свой узровень высокімі дасягненнямі, — робіць важную рэмарку дырэктар гімназіі Міхаіл Ранчынскі і акцэнтуе ўвагу на яшчэ адным моманце: — З пачатку навучальнага года ў нас адкрыта інжынерная група. Мы разу­меем, што сёння краіне патрэбны кваліфікаваныя кадры ў сферы высокіх тэхналогій і інжынернага праектавання. Пад­рыхтоўка такіх спецыялістаў пачынаецца за школьнай партай, калі дзіця ўпершыню бачыць, як яго ідэя ўвасабляецца ў рэальнасць з дапамогай праграмнага кода або 3D-друку.

 Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара