Адчуйце “смак” будучай спецыяльнасці

- 13:19Выбар прафесіі
На факультэце маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта пачынаюць работу адразу пяць школ для абітурыентаў. Іх асноўнае прызначэнне — дапамагчы моладзі разабрацца ў шырокім спектры сучасных эканамічных спецыяльнасцей.

Школы будуць працаваць па суботах да красавіка, кожная — адзін раз у два тыдні, таму абітурыенты могуць выбраць нават дзве школы і прыходзіць ва ўніверсітэт штотыдзень. Тым больш што навучанне бясплатнае.
Абітурыентам прадастаўляецца ўнікальная магчымасць сустрэцца з выкладчыкамі ўніверсітэта і спецыялістамі-практыкамі і паслухаць змястоўныя лекцыі пра сучасныя тэндэнцыі ў эканоміцы, а таксама паўдзельнічаць у абмеркаванні прапанаваных тэм. Тут жа можна атрымаць адказы на ўсе пытанні, што тычацца спецыяльнасцей факультэта, асаблівасцей падрыхтоўкі, перспектыў працаўладкавання і кар’ернага росту.
Трэба сказаць, што на факультэце падышлі да арганізацыі школ вельмі творча і грунтоўна. Тэматыка заняткаў разнастайная, а да чытання лекцый запрошаны сапраўдныя прафесіяналы.
Напрыклад, у мінулую суботу адбыліся першыя заняткі ў школе бізнесу, школе дызайну, а таксама школе эканомікі і інавацый.
У школе бізнесу з абітурыентамі сустракаўся загадчык кафедры “Асновы бізнесу” Аляксандр Леанідавіч Івашуцін. Ён расказаў, навошта патрэбен бізнес-план, якія віды затрат неабходны пры арганізацыі бізнесу, ці варта пачынаць бізнес-праект і як доўга трэба працаваць для вяртання першапачатковых фінансавых укладанняў. Варта адзначыць, што трэнінгі на гэтую тэматыку для пачынаючых бізнесменаў каштуюць немалых грошай.
На наступных занятках, 1 лютага, абітурыентам згаданай школы будзе прапанавана тэма “Асновы маркетынгу і менеджменту ў бізнесе”. Яны даведаюцца, навошта патрэбен маркетынгавы бюджэт, ці варта выдаткоўваць грошы на рэкламу, як “прымусіць” кліентаў купіць прадукт ці паслугу і г.д.
У школе дызайну з абітурыентамі працавалі тры выкладчыкі. Тэма заняткаў “Дызайн-праект: ад ідэі да ўвасаблення”. Прысутным расказалі пра асновы дызайну праектавання і паказалі праект мабільнага жылля для ўмоў пясчанай пустыні, а таксама транспартныя сродкі для нахільнай лядовай паверхні, для перамяшчэння па кронах дрэў, столі і сценах. Быў нават праект планетахода на аснове біянічных формаў.

А ў школе эканомікі і інавацый лекцыю прачытаў дэкан факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ Андрэй Міхайлавіч Цемічаў.
“Ідэя адкрыць школы для абітурыентаў у нас з’явілася даўно, — расказвае дэкан факультэта. — У мінулым годзе мы адкрылі дзве новыя спецыяльнасці, звязаныя з кіраваннем інавацыйнымі праектамі. Але, як высветлілася падчас прыёмнай кампаніі, многія абітурыенты не надта разумеюць, што гэта за спецыяльнасці і наколькі яны перспектыўныя. І калі з маркетынгам, бізнес-адміністраваннем і менеджментам моладзь больш-менш разабралася, то спецыяльнасці, звязаныя з кіраваннем праектамі, — на сённяшні дзень самыя сучасныя і актуальныя — пакуль не карыстаюцца належнай папулярнасцю. Таму мы і арганізавалі спецыяльныя школы, каб абітурыенты навучыліся разбірацца ў тонкасцях эканамічных спецыяльнасцей і ў выніку зрабілі свядомы прафесійны выбар”.
Трэба сказаць, што ўжо ў першы дзень работы школ на факультэт маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва прыйшлі каля 50 абітурыентаў. Яны змаглі не толькі паслухаць прапанаваныя лекцыі, але і азнаёміліся з факультэтам, пагутарылі з выкладчыкамі і студэнтамі. А на развітанне зрабілі агульны фотаздымак і дамовіліся аб наступнай сустрэчы.
Адметна, што на заняткі прыехалі не толькі мінчане, але і жыхары аддаленых населеных пунктаў Мінскай вобласці. А ў наступную суботу, напрыклад, сюды збіраюцца прыехаць абітурыенты з Магілёва. Дарэчы, набор у школы працягваецца, і жадаючыя могуць уключыцца ў працэс у любы час.
“У нас старшакласнікі атрымаюць веды, якія немагчыма здабыць у школе, — гаворыць Андрэй Міхайлавіч Цемічаў. — Яны пабываюць у сапраўдных універсітэцкіх аўдыторыях, паслухаюць лекцыі, пазнаёмяцца з выкладчыкамі. Мы мяркуем, што такое сур’ёзнае папярэдняе знаёмства дапаможа ім лёгка ажыццявіць пераход ад школьнай парты да студэнцкай лаўкі. А самае важнае, што абітурыенты атрымаюць дакладнае ўяўленне пра нашы спецыяльнасці і змогуць зрабіць правільны прафесійны выбар. У будучыні гэта пазбавіць іх расчаравання. Бывае, напрыклад, чалавек выбірае эканоміку, а ў працэсе вучобы разумее, што яму больш даспадобы маркетынг ці дызайн. Вядома, пры вялікім жаданні яны могуць перайсці на іншую спецыяльнасць, але ўсё ж лепш вызначыцца загадзя. Гэта робіць вучобу ва ўніверсітэце больш усвядомленай і радаснай”.
Трэба сказаць, што факультэт маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ ў многім унікальны. Тут ёсць спецыяльнасці, якіх няма ні ў якай іншай навучальнай установе краіны. А тыя класічныя спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць у іншых установах, маюць тут сваю спецыфіку.
“Варта падкрэсліць, што наш факультэт — не гуманітарны, — заўважыў намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Сяргей Анатольевіч Квасюк. — БНТУ — тэхнічны ўніверсітэт, а таму нашы студэнты вывучаюць і тэхнічныя дысцыпліны — хай і не ў такіх вялікіх аб’ёмах (да 15%), але гэтага дастаткова, каб яны добра арыентаваліся ў сучаснай вытворчасці. І ў дыпломным праекце выпускнікоў абавязкова ёсць і тэхнічная, і эканамічная, і кіраўніцкая частка”.
Абітурыенты разумеюць гэтую спецыфіку факультэта і разглядаюць яе як канкурэнтную перавагу. Мажліва, па гэтай прычыне сюды заўсёды прыходзяць вельмі добрыя першакурснікі. І нават у платнікаў традыцыйна высокія прахадныя балы.
“Мы прад’яўляем высокія патрабаванні, а таму студэнты вельмі адказна ставяцца да вучобы, — заўважыў дэкан. — Я заўсёды кажу сваім выкладчыкам, што трэба быць гуманістамі. Гэта значыць, праяўляць сур’ёзныя патрабаванні да студэнтаў на працягу семестра і гуманна ставіцца да іх падчас сесіі. Гэта матывуе студэнтаў да карпатлівай штодзённай працы і дазваляе ім спакойна і ўпэўнена здаваць экзамены”.

Як вынік, з факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ адлічваецца найменшая колькасць студэнтаў. І ў той жа час больш за ўсё студэнтаў пераводзяцца з платнай на бюджэтную форму навучання (а ўмовай для гэтага, як вядома, з’яўляецца высокая паспяховасць). Акрамя таго, студэнты названага факультэта часта атрымліваюць імянныя і персанальныя стыпендыі.
“Усё гэта сведчыць пра даволі высокую матывацыю, і казаць пра тое, што студэнты-платнікі горш падрыхтаваныя, прынцыпова няправільна, — гаворыць Сяргей Квасюк. — Многія нашы платнікі маглі б лёгка паступіць на бюджэтнае навучанне нават у эканамічны ўніверсітэт, але яны паступаюць да нас, бо іх цікавіць вытворчая галіна”.
Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе студэнты факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ ўдзельнічалі ў атэстацыі спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. У адзін дзень праводзіўся зрэз ведаў студэнтаў універсітэтаў, якія рыхтуюць адпаведных спецыялістаў. Дык вось студэнты БНТУ ўвайшлі ў пяцёрку лепшых.
“Я сам заканчваў гэты факультэт і магу сказаць, што тут даюцца комплексныя веды: эканамічныя, інжынерныя і кіраўніцкія, а таксама вядзецца вельмі моцная моўная падрыхтоўка, — адзначыў Сяргей Квасюк. — У адрозненне ад большасці ўніверсітэтаў, нашы студэнты вывучаюць англійскую мову на працягу ўсяго тэрміну навучання і нават здаюць дзяржаўны экзамен. А якасць падрыхтоўкі пацвярджае той факт, што ўжо з верасня многія буйныя кампаніі пачынаюць цікавіцца будучымі выпускнікамі. Сярод іх, напрыклад, ААТ “Белзнешэканамбанк”, кампанія Атлант-М, МТБанк, кампанія “Зубр Капітал”, якая кіруе фондамі прамых інвестыцый. Нядаўна мы пачалі супрацоўнічаць з кампаніяй “Эрнст энд Янг”, якая ўваходзіць у чацвёрку буйных сусветных аўдытараў. І калі мы размаўлялі з вядучым менеджарам, той здзіўляўся, што нашы выпускнікі аднолькава добра могуць разбірацца ў бухгалтарскім уліку, эканоміцы, інжынернай справе і, акрамя ўсяго, умеюць весці прафесійныя перамовы на англійскай мове”.
Трэба адзначыць, што выпускнікі ўсіх спецыяльнасцей факультэта маюць магчымасць прадоўжыць сваю адукацыю ў магістратуры. Прычым, акрамя навукова-педагагічнай магістратуры, летась адбыўся першы набор у практыка-арыентаваную магістратуру па спецыяльнасці “Кіраванне інавацыйнымі праектамі”. І там шэраг дысцыплін ужо чытаецца на англійскай мове.
“Нашы студэнты абавязкова праходзяць практыку на прадпрыемствах, дзе знаёмяцца з усім вытворчым цыклам: ад працэсу атрымання загатоўкі да выпуску і размеркавання гатовай прадукцыі, ацэнкі фінансавых паказчыкаў работы прадпрыемства, арганізацыйнай структуры і г.д., — расказвае намеснік дэкана. — І каля 80% студэнтаў знаходзяць месца будучай работы яшчэ да заканчэння ўніверсітэта”.
Нядзіўна, што вялікая колькасць абітурыентаў прыходзіць на факультэт маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ менавіта па рэкамендацыі сваіх старэйшых сяброў і знаёмых. Універсальная адукацыя дае вялікія магчымасці для працаўладкавання і кар’ернага росту.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.