У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 18 сакавіка 82 абітурыенты атрымалі дыпломы І, ІІ, і ІІІ ступені па выніках правядзення ўніверсітэцкай алімпіяды, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Яны могуць стаць студэнтамі ўніверсітэта без уступных іспытаў і цэнтралізаванага тэсціравання.
Як адзначае адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова, першы вопыт правядзення ўніверсітэцкай алімпіяды станоўчы, удзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў. Пералік алімпіяд быў складзены з улікам патрабаванняў рэгіёна ў кадрах і ўлічваў спецыфіку навучальнай установы.
Шматпрофільная алімпіяда ў ГрДУ ўключала ў 2023 годзе профільныя алімпіяды па біялогіі, гісторыі Беларусі, рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, матэматыцы і фізіцы. У папярэднім этапе ўдзельнічалі амаль 600 навучэнцаў, якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны Беларусі: 185 чалавек былі з Гродзенскай вобласці, 138 — з Гродна, 50 чалавек з Брэсцкай вобласці, з Мінскай — 46, 16 — з Віцебскай, 7 — з Магілёўскай, 5 — з Гомельскай вобласці. На заключным этапе ўдзел у ёй прынялі 215 чалавек. Больш за ўсё удзельнікаў прадэманстравалі высокія вынікі па гісторыі Беларусі — 47 чалавек.
На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, рэктар ГрДУ Ірына Кітурка, першы прарэктар Аляксандр Карэўскі. Яны і ўручылі дыпломы за перамогу ва ўніверсітэцкай алімпіядзе. Дыпломы І ступені атрымалі 18 чалавек, ІІ ступені — 33, ІІІ ступені — 31 чалавек. Пяць абітурыентаў сталі пераможцамі заключнага этапу адразу ў дзвюх алімпіядах. Трэба адзначыць, што пераможцы прадстаўляюць усе рэгіёны Беларусі, а адным з яе пераможцаў па прадмеце “Гісторыя Беларусі” стаў жыхар Санкт-Пецярбурга.
Без уступных іспытаў дыпламанты змогуць паступіць на 17 спецыяльнасцей ГрДУ імя Янкі Купалы.
На пачатку сакавіка дыпломы пераможцам алімпіяды ўручылі і ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Тут алімпіяда праходзіла па біялогіі.
Тое, што такая форма паступлення ва ўніверсітэт зацікавіла моладзь, сведчаць і лічбы. Так, у папярэднім этапе алімпіяды ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце ўдзельнічалі больш за тысячу навучэнцаў з усіх абласцей краіны. У заключным этапе прынялі ўдзел 199 чалавек. Пераможцамі сталі 22 чалавекі. Яны змогуць паступіць на спецыяльнасці “Лячэбная справа”, “Педыятрыя”, “Медыка-псіхалагічная справа”, “Медыка-дыягнастычная справа”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ
Фота прадастаўлена ГрДУ імя Янкі Купалы