Адкрыцці праз экспанаты

- 15:27Адукацыйная прастора

Збор матэрыялаў для школьнага музея “Беларуская хата” сярэдняй школы № 57 Гомеля пачаўся гадоў дваццаць назад пры падтрымцы і дапамозе дырэктара школы Ларысы Капярцехавай.

Усе актыўна ўключыліся ў стварэнне экспазіцыі. Значную частку сваёй калекцыі перадаў бацька аднаго з нашых вучняў Леанід Салаўёў. Гэта і кросны, і жорны, і каромысел, і цэп, і многія іншыя прадметы, цяпер ужо ўнікальныя. Так атрымалася, што экспанаты часта трапляюць да нас не толькі з Гомельшчыны, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, ёсць трапло (прылада, пры дапамозе якой трэплюць лён), якое належала Герою Сацыялістычнай Працы, знакамітаму льнаводу з Гродзеншчыны Еве Раманаўне Карачан.

У музеі пакуль што адзін раздзел — “Беларуская хата”. У хуткім часе мы плануем адкрыць яшчэ адзін — “Ільнаводства і ткацтва”. Падрыхтаваныя экскурсаводы знаёмяць з прадметамі побыту, з уладкаваннем хаты, промысламі беларусаў. Самая прыемная ацэнка вучняў пры першым наведванні: “І ў нашай школе такое ёсць?!” Гэта і адкрыццё, і здзіўленне, і радасць новых ведаў, і гордасць за сваю школу, і, здараецца, успамін пра сваякоў у вёсцы. У звычайным музеі дзіця — толькі пасіўны сузіральнік, а тут суаўтар, творца. Прычым не толькі яно само, але і яго сваякі.

Часам рэчы, прынесеныя ў музей, становяцца крыніцай культурных адкрыццяў, наўпрост не звязаных з этнаграфіяй. Напрыклад, сям’я Водзіч перадала ў музей керамічны слоік сваёй бабулі Таццяны Кручковай са Сцюдзёнай Гуты. З размовы высветлілася, што Таццяна Сяргееўна — стрыечная сястра знакамітага расійскага артыста Мікалая Кручкова, выхадца з Гомельшчыны.

Музей дапамагае актывізаваць краязнаўчую дзейнасць вучняў, пошукавую работу па стварэнні і папаўненні экспазіцый, пашырае іх веды пра гістарычнае мінулае і культурную спадчыну беларусаў, дае магчымасць развіваць інтэлектуальныя ўменні і творчасць, становіцца пляцоўкай для напісання даследчых работ, арганізацыі фальклорна-этнаграфічных мерапрыемстваў.

Настаўнікі гісторыі, літаратуры, біялогіі, геаграфіі, працоўнага навучання, а найперш пачатковай школы маюць магчымасць карыстацца музеем пры вывучэнні сваіх прадметаў. На ўроках працоўнага навучання і на занятках гуртка настаўнік Валянцін Раманоўскі разам з вучнямі займаецца абсталяваннем музейнага памяшкання. Дзякуючы рабоце музея, наведвальнікі ўзбагачаюцца ведамі пра родны край, пра сваю малую радзіму, у іх абуджаецца пачуццё патрыятызму і веры ў свой народ.

Iна ЛАЗОЎСКАЯ,
настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры сярэдняй школы № 57 Гомеля.