Лета ў вёсцы ў большасці з нас асацыіруецца з купаннем у рацэ ці ў возеры. Сапраўды, хіба ёсць большае задавальненне, чым паплаваць у спякоту? Жыхарам аграгарадка Вясея, што ў Слуцкім раёне, не пашанцавала. Сваёй ракі, дзе можна было б пакупацца, тут няма. Дакладней, яна ёсць, але пра яе прыдатнасць для купання ніхто нават не ведаў, пакуль за справу ні ўзяўся настаўнік працоўнага навучання Вясейскай сярэдняй школы Генадзь Сак. Цяпер “адкрытая” ім рака стала мясцовай славутасцю.
“Большасць жыхароў Вясеі ездзяць купацца за 4 кіламетры ў суседнюю Камору. У асноўным на машынах. Старэйшыя дзеці зрэдку дабіраюцца туды на веласіпедах. А для малых дзяцей ці тых, у каго няма веласіпедаў, альтэрнатыў няма. Але ў нас непадалёк школы ёсць урочышча Мутвіца. Там некалі была глыбокая рака, нават яшчэ я ў дзяцінстве там купаўся. Мая бабуля расказвала, што тут, на лузе, заўсёды пасвілі кароў і ў абед пускалі іх да ракі піць ваду. І была тут толькі адна мясцінка, дзе не было абрыву і дзе каровы маглі спусціцца папіць. І муцілі ваду. Купальшчыкі заўсёды выходзілі на бераг і чакалі, пакуль мутная пасля статка кароў вада супакоіцца і муць зноў асядзе на дно. Адсюль і назва. Апошнія ж дзесяцігоддзі Мутвіца зарасла так, што і вады амаль не відаць з-за чароту. Таму ніхто яе не браў ва ўлік і мала хто з моладзі ведаў пра яе. І я, прагульваючыся каля Мутвіцы гады 3 назад, задумаў яе добраўпарадкаваць”.
Генадзь Фёдаравіч абкасіў дарогу да ракі і каля берага. З дарослымі сябрамі-аднавяскоўцамі парваў чарот, ачысціў раку ад водарасцей. З вады яны выцягнулі два бервяны, пакінуць якія было б небяспечна. Глыбіня аказалася даволі ўнушальнай. Бераг быў крутым, таму мужчыны яго адкапалі, каб малым было зручна і небяспечна заходзіць.
Заўзятымі дызайнерамі сталі і школьнікі. Дастаткова было Генадзю Фёдаравічу агучыць сваю ідэю, утрымаць іх ужо было немагчыма. Хоць гэта рака за 15 мінут хадзьбы ад школы, там ніколі ніхто са школьнікаў не быў. Пахадзілі па беразе. Разам спланавалі, дзе кастрышча зробяць, дзе лавачкі, дзе сметнік. У калгасе ім далі дыск з трактара для кастрышча, прадаставілі і тэхніку, каб яго прывезці. Адзін з жыхароў закультываваў бераг, дзеці яго падраўнялі і пасеялі газонную траву. А восенню старшакласнікі з настаўнікам павысякалі хмызняк і сосны на балотцы непадалёк, акарылі іх, за зіму высушылі, і драўніна стала матэрыялам для творчасці — на ўроках працоўнага навучання яны выпальвалі на дошках і слупах, пакідаючы свае адмысловыя малюнкі і надпісы. Вясной з іх зрабілі альтанку, указальнікі, лежакі, навесы. Адзін з выпускнікоў, Сяргей Макарэня, які працуе разьбяром па дрэве, дапамог з лепшай драўнінай — на стол і лавачкі. Генадзь Фёдаравіч зрабіў іх сам. У вольны ад работы ў школе час ён прафесійна займаецца вырабам мэблі пад даўніну.
Цікава, што справа па добраўпарадкаванні працягваецца ўжо нават без ініцыятывы настаўніка. Дзеці зрабілі сюрпрыз яму і самі змайстравалі трамплін на самым глыбокім месцы. Хоць Генадзь Фёдаравіч ініцыятыву ацаніў, але надзейнасць вырабу яго не задаволіла — трамплін і дошкі на ім хісталіся. Таму ён дапамог зрабіць яго грунтоўным.
А нядаўна каля школы спілавалі таўсценную таполю і пакінулі тут нарэзаныя калоды. Іх не расколеш, ды і вывезці іх кудысьці складана. Але знайшоўся чалавек, які, пакуль Генадзь Фёдаравіч з’ездзіў на выпускны ў Мінск да свайго сына-студэнта, перавёз іх на пляж на сваёй тэхніцы і разам са старшакласнікамі раскідаў па пляжы. Цяпер можна на іх утульна размясціцца — пасядзець ці пакласці рэчы. З’явіўся тут і мангал.
Прыехалі пакупацца на раку і будаўнікі, якія некаму ў вёсцы будуюць дом. Папрасіліся дапамагчы хоць нечым і прывезлі дошкі яшчэ на адзін стол, але ўжо вялікі. Дзеці з Генадзем Фёдаравічам ужо запланавалі месца і пад яго, і пад большую альтанку. Малой альтанкі ўжо не хапае — цяпер на Мутвіцы людна. Школьнікі ходзяць сюды цэлымі класамі — нават калі не купацца, то проста пасмажыць сала з бульбай, пасядзець з сябрамі за адным сталом. Адзначаюць тут і сямейныя святы. На днях, напрыклад, святкавалі хрэсьбіны — было чалавек 40.
“Прыемна, што на рацэ ніхто не смеціць, ніхто нічога не ламае — зробленае сваімі рукамі не зруйнуеш. Калі падходзіш сюды і здалёк чуваць смех, плёскат вады, усведамляеш, наколькі прыемна рабіць нешта для людзей, для сваёй роднай вёскі. Разумееш, што гэта было нездарма”, — гаворыць
Генадзь Сак.
Дзмітрый Карцель, выпускнік 10 класа: “Пра Мутвіцу я ведаў, але не думаў, што тут некалі можна будзе пакупацца. Я тут толькі рыбу лавіў. Цяпер гэтая рэчка стала сапраўдным адкрыццём. Прыемна бачыць, як тут купаюцца людзі, як не пустуюць нашы лавачкі, лежакі, альтанка. Калі ўсё так добра атрымліваецца, не хочацца спыняцца. Цяпер, напрыклад, мы ўжо намецілі межы будучай валейбольнай пляцоўкі”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Генадзя САКА.










