Канстанцін Юшкевіч працуе ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі 37-мы год. Па адукацыі канструктар аўтамабіляў знайшоў прымяненне сваім ведам у гуртку трасавага аўтамадэлявання. Чым адрозніваецца яго аб’яднанне ад іншых, як перамагчы на спаборніцтвах і што такое начныя гонкі, адказваем ніжэй.
Асаблівая канструкцыя
У Канстанціна Мечыслававіча займаецца каля 30 чалавек. Заўсёды было так, што да яго прыходзілі толькі хлопчыкі, але зараз у аб’яднанні ёсць тры дзяўчынкі. Самай маленькай выхаванцы 7 гадоў, старэйшым выхаванцам — 18. Падтрымліваюць сувязь з трэнерам і тыя, хто адносна нядаўна ці адносна даўно сталі паўналетнімі. Напрыклад, сын Канстанціна Мечыслававіча Генрых Юшкевіч, якому хутка споўніцца 24, і былы выхаванец Віталь Маркушэўскі, які ўжо адзначыў свой 32-гі дзень нараджэння.
— Цяпер тэхнічных гурткоў мала, а бацькі хочуць, каб дзеці вучыліся рабіць нешта сваімі рукамі, — гаворыць педагог. — Мы — рукадзельнікі. Дзіця спачатку малюе дэталі на пэўным матэрыяле, потым выразае, робіць адтуліны, збірае ўсё ў адно і г.д.
Гродзенскі гурток крыху адрозніваецца ад іншых у Беларусі. Па-першае, ён ці не адзіны, дзе кіраўніком з’яўляецца інжынер. Па-другое, дзеці робяць мадэлі асаблівай гродзенскай канструкцыі. Яе прыдумвае Канстанцін Юшкевіч, ён жа канструктар аўтамабіляў. Штогод педагог нешта мяняе ў мадэлі, бо заўважае, што дзеці ў адным месцы робяць памылкі. Значыць, тут ім штосьці незразумела ці цяжка, трэба аптымізаваць.
У пачатку заняткаў выхаванцы атрымліваюць чарцяжы. Напрыклад, сёння трэба зрабіць кузаў. На паперы размешчана развёртка, дзіця яе выразае, потым пачынае клеіць. Закончана? Новая дэталь — рама. Педагог расказвае, з якога матэрыялу яна робіцца, чым ён добры, чаму менавіта яго выкарыстоўваюць. Для розных дэталей падыходзяць латунь, бляха, сталь, шклотэксталіт і інш.
Дэбютная мадэль выхаванцаў называецца Laprima. З італьянскай мовы перакладаецца як “першая”. Яна не самая хуткая, але Канстанцін Мечыслававіч пры яе стварэнні ставіць задачу паказаць, што такое трасавая мадэль, як яна выглядае, што для чаго ў ёй робіцца. Таксама Laprima паказвае, каму гэты спорт не падыходзіць. У верасні на заняткі запісваюцца 20 чалавек, праз два месяцы застаецца палова. Другая мадэль — Laseconda (італ. “другая”). Гэта іншая хуткасць, іншы знешні выгляд і іншы падыход.
— Калі 12 чалавек адначасова прыходзяць на заняткі — гэта вельмі цяжка. Кожны займаецца сваёй справай, бо ўсе працуюць у розным тэмпе, і кожнаму мне трэба прысвяціць час. Лепш, каб група была меншая — 8—10 чалавек, бо інакш заняткі становяцца непрадукцыйнымі, — лічыць Канстанцін Юшкевіч.
Начныя гонкі
Калі мадэль гатова, хочацца хутчэй выпрабаваць яе на трасе. У Гродзенскім палацы творчасці яна мае 4 дарожкі і даўжыню каля 27 метраў. Траса не вельмі хуткасная, але для пачатку падыходзіць. Можна зрабіць новую, лепшую, сваімі рукамі, але праблема ў тым, што яе няма дзе паставіць. Неабходна вялікае памяшканне, каб і траса змясцілася, і месца для гледачоў засталося.
— Сёлета ў Оршы пабудуюць самую доўгую трасу ў Беларусі — 43,5 м. Даўжыня дазваляе зрабіць хаця б адну прамую. А на прамой можна разагнацца. На нашай трасе выхаванцам складана прадэманстраваць моц сваіх рухавікоў, паказаць высокую хуткасць.
Трасавае аўтамадэляванне ў Гродне — гэта камандныя заняткі. Калі хтосьці пачаў ездзіць хутчэй, ён дапамагае іншаму. Паказвае, як рэгуляваць пульт, дзе тармазіць перад паваротам і г.д. З першых заняткаў дзеці павінны зразумець, што яны — каманда, без гэтага нічога не будзе.
— У гэтым годзе мы плануем правесці першыя ў Беларусі начныя гонкі. У нас і траса падрыхтавана, і мадэлі. Лепш зрабіць гэта зімой, пакуль цямнее не надта позна. У спаборніцтвах прымуць удзел мае выхаванцы, якім ужо больш за 30 і 40 гадоў, іх дзеці і я. Спецыяльна для начных гонак я зрабіў мадэль, пра якую марыў яшчэ ў 10 класе, — Lanciastratos. Думаю, яна будзе самай прыгожай.
Найважнейшыя спаборніцтвы для выхаванцаў Канстанціна Юшкевіча — гэта рэспубліканская спартакіяда навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”, чэмпіянат Беларусі, чэмпіянат і Кубак Гродзенскай вобласці. На апошняй, ХVІІІ спартакіядзе “ТэхнаСпорт” гродзенцы занялі 1-е каманднае месца ў трасавым мадэлізме. І гэта вялікае дасягненне, бо часцей за ўсё перамогу забіраюць выхаванцы Аляксандра Скалабана з Салігорска.
— Перад спаборніцтвамі ў дзяцей ёсць мандраж, дрыжаць рукі. Спартсмены яшчэ больш хвалююцца, калі выступаюць за каманду, бо ад тых ачкоў, што яны прынясуць, залежыць агульны вынік. Але ўсе кажуць, што цяжка толькі да старту. Калі пачынаеш ехаць, то супакойваешся і выконваеш сваю работу.
Формула перамогі ў Канстанціна Юшкевіча мае тры складнікі. Першы — добра зрабіць мадэль. Каб усё падыходзіла і добра круцілася. Другое — навучыцца на ёй хутка ездзіць. Трэцяе — разумець, як мадэль працуе. Калі, напрыклад, яна выпала з трасы, спартсмен паставіў яе назад і хуткасць ужо не тая, трэба ведаць, што ў ёй праверыць.
Праз тыдзень пасля спаборніцтваў у гуртку заўсёды праводзяць разбор палётаў. Педагог з выхаванцамі аналізуюць, што атрымалася, што не атрымалася, над чым трэба папрацаваць у кожным класе. Таксама разам з бацькамі Канстанцін Мечыслававіч ладзіць невялікае свята. Ласункі, піца, чай, шарыкі, вясёлыя размовы — гэта трэба, каб дзеці разумелі, што яны — адна каманда, адна сям’я, адзін клуб.
Нараджэнне спартсмена
Генрыха Юшкевіча з трасавым мадэлізмам пазнаёміў бацька. Браў яго маленькім з сабой на гурток. Калі падрос, даручыў вырабіць першую мадэль. Потым каманда, выступленні, перамогі. Калі лічыць, што спорт пачынаецца тады, калі мадэлі выходзяць на прафесійны ўзровень, то Генрых займаецца ўжо каля 9 гадоў.
Яго любімы клас мадэлей — TR — пазамаштабная копія гоначнага сядзельнага цягача. У гэтым класе хлопец дасягнуў сваіх першых поспехаў. Яго прыемна канструяваць, бо памер мадэлі даволі вялікі і няма маленькіх дэталей, якія можна пашкодзіць ці зламаць. Ды і на трэку гэты клас выглядае эфектна. У асноўным па прычыне сваіх памераў і складанасці кіравання.
— Мне вельмі запомнілася спартакіяда “ТэхнаСпорт” у 2015 годзе. Тады я ўжо быў двухразовым чэмпіёнам у класе мадэлей ES-32 і на спаборніцтвах павінен быў абараніць тытул. Спачатку ўсё ішло добра, на трэніроўках я паказваў хуткі тэмп. Аднак непасрэдна ў дзень заездаў мадэль рэзка перастала даваць вынік. У асноўным па прычыне таго, што трэк астыў за ноч і быў не такім “зачэпістым”. Мадэль увесь час слізгала і паводзіла сябе дрэнна. Гэта ўплывала на гумовыя шыны, якія пры нізкіх тэмпературах дубеюць і дрэнна счэпліваюцца з пакрыццём трэка.
У заездзе я практычна адразу прайграў 5 кругоў майму канкурэнту з Салігорска. Тады я амаль засмуціўся і думаў, што прайграю ўсю гонку. Але нечакана для мяне сапернік выпаў і атрымаў пашкоджанні, якія неабходна было ліквідаваць. За гэты час я паспеў адыграць кругі чатыры, калі не пяць. У другой частцы заезду мая мадэль набрала свой тэмп, і я адыгрываў па дзясятай секундзе з аднаго круга.
Усе гледачы напружана назіралі за нашай барацьбой. І вось мы зраўняліся, едзем побач некалькі кругоў. Гэта было самым складаным у гэтай гонцы. Хочаш абагнаць, але баішся памыліцца і вылецець, страціўшы шансы на перамогу. Так працягвалася да таго часу, пакуль сапернік не памыліўся і не вылецеў са сваёй дарожкі.
Я адразу адарваўся на паўкруга і давёў гэтую перавагу да фінішу. Эмоцыі зашкальвалі, рукі трэсліся. Ледзь слёзы не пайшлі. Гэта была самая “смачная” перамога, хоць і не адзіная. Але яна займае для мяне ключавое месца. Тады я нарадзіўся як спартсмен.
Paintmaster
Віталь Маркушэўскі таксама займаўся ў гуртку Канстанціна Мечыслававіча. Прыйшоў у дзяцінстве, хадзіў каля 5 гадоў, потым прыйшлося пакінуць гурток. Калі яму было 23, убачыў у інтэрнэце, што заняткі працягваюцца. Вырашыў вярнуцца і пачаў трэніравацца на больш прафесійным узроўні.
— Заняткі ў дзяцінстве і ў дарослым узросце па адчуваннях адрозніваюцца. Раней мы рабілі мадэлі з усяго, што трапляла пад руку, зараз любы элемент можна купіць.
Віталь выступае не толькі ў Беларусі, але і на многіх міжнародных стартах. Некалькі гадоў запар ён ездзіў у Санкт-Пецярбург, дзе праходзіў Кубак Белых начэй. Там, акрамя ўзнагароджання ўдзельнікаў, прызёраў і пераможцаў, адзначаюць лепшую афарбоўку мадэлі ў кожным класе. Віталь некалькі разоў атрымліваў кубак Рaintmaster.
— Я ўбачыў у інтэрнэце, як удзельнік з Бразіліі вельмі прыгожа фарбуе мадэлі. Гэта дорага, але мне захацелася паўтарыць. Спачатку я расфарбоўваў свае мадэлі, потым іх заўважылі на адных спаборніцтвах, на другіх, пачалі пытацца. У выніку я атрымаў заказы на расфарбоўку і дагэтуль іх прымаю. Выкарыстоўваю спецыяльныя водарастваральныя фарбы і аэрограф.
У класе мадэлей копій Формулы-1 у маштабе 1:32 ёсць абавязковая ўмова: кузаў павінен быць пафарбаваны пад існуючую каманду за апошнія 20—30 гадоў. Гэта вельмі карпатлівы занятак, таму на адну мадэль траціцца дзень ці паўтара. Расфарбоўку ў Віталя Маркушэўскага заказваюць з усяго свету. Часта звяртаюцца з Англіі, Украіны, краін Прыбалтыкі.
Трасавае аўтамадэляванне ў кожнага задавальняе розныя жаданні. Камусьці падабаецца ствараць мадэлі сваімі рукамі, хтосьці захапляецца працэсам гонкі, нехта радуецца незвычайнаму хобі. Канстанцін Мечыслававіч вылучае яшчэ тых, хто праз заняткі выбірае сваю будучую прафесію. Калі яго выхаванец становіцца інжынерам — гэта сапраўдная перамога.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў матэрыялу.