Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў пасланне Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну з падзякай за падтрымку ў барацьбе з каранавірусам. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
“Сардэчна дзякую вам за своечасовую падтрымку Беларусі ў барацьбе з каранавірусам. Атрыманыя з дружалюбнага Кітая вельмі запатрабаваныя медыцынскія прэпараты і сродкі засцярогі дадуць магчымасць нам больш эфектыўна процістаяць распаўсюджванню пандэміі. Нашы сумесныя намаганні па пераадоленні часовых цяжкасцей чарговы раз пацвердзілі моцную дружбу і асаблівы характар беларуска-кітайскага партнёрства, напоўнілі адносіны паміж дзвюма краінамі асаблівым даверам і салідарнасцю”, — гаворыцца ў пасланні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на асабістую сустрэчу з Сі Цзіньпінам летам гэтага года на гасціннай зямлі Беларусі для абмеркавання актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва.
Прэзідэнт пажадаў Старшыні КНР моцнага здароўя, поспехаў у адказнай дзяржаўнай дзейнасці, а брацкаму народу Кітая — міру, згоды і дабрабыту.