Тры дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак з Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна праводзяць дзевяць чэрвеньскіх дзён непадалёк вадасховішча Макаўза, навокал якога расце маляўнічы хваёвы лес. Менавіта ў гэтым месцы размясціўся турыстычнаспартыўны палатачны лагер “Чэмпіён”.
Кожная раніца для насельнікаў палатачнага гарадка, малодшаму з якіх 6 гадоў, а старэйшаму — 16, пачынаецца ў 8 гадзін з аздараўленчай зарадкі на свежым паветры і гартавальных працэдур. Так дзеці запасаюцца бадзёрасцю і энергіяй на ўвесь дзень. А дні, трэба адзначыць, праходзяць тут насычана. Сярод забаўляльна-выхаваўчых мерапрыемстваў спартыўныя гульні і спаборніцтвы, заняткі ў творчых майстэрнях, квесты, гульні, конкурсы, віктарыны, вясёлыя выпрабаванні, вячоркі ля вогнішча, у якіх разам з дзецьмі прымаюць удзел настаўнікі пачатковых класаў Ірына Фокіна і Віктар Цішкевіч, а таксама сацыяльны педагог Наталля Ермалковіч.
Акрамя таго, пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і педагога дадатковай адукацыі па пешаходным турызме Анатоля Васько дзеці вучацца перапраўляцца праз пераправу на самаробным трэнажоры, правільна вязаць вузлы, страхуючыся ад падзення, апранаць і насіць паходны рыштунак. На практычных занятках юныя турысты даведваюцца, як і чым лепш харчавацца ў паходзе, асвойваюць арыентаванне на мясцовасці, вучацца працаваць з картай: вызначаць бакі гарызонту, арыентавацца па азімуце. На хвілінках бяспекі вывучаюць ядомыя і атрутныя ягады, расліны, сапраўдныя і ўяўныя пагрозы ў паходзе, як засцерагчы сябе ад укусу кляшча ці як быць, калі выявіў укус небяспечнага насякомага.
Шмат увагі ў лагеры ўдзяляецца выхаванню экалагічнай культуры. Дзеці чысцяць бераг ад смецця, удзельнічаюць у хвілінцы бяспекі “Будзем берагчы і ахоўваць прыроду”, гуляюць у КВЗ на тэму “Смецце трэба раздзяляць”.
У цэнтры ўвагі педагогаў і патрыятычнае выхаванне. 22 чэрвеня ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа школьнікі ўспаміналі тых, хто цаной свайго жыцця абараняў Беларусь, усіх загінуўшых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод. Раніца пачалася з правядзення вуснага часопіса “Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, затым дзеці займаліся выпускам насценгазеты “Мы не хочам вайны!”, гулялі ў “Зарніцу”, правялі турнір знаўцаў “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, сталі ўдзельнікамі мерапрыемства “Маленькія героі Вялікай вайны”. А ўвечары ля вогнішча ўсе разам спявалі песні ваенных гадоў.
— Мы арганізуем палатачныя лагеры пяты год запар і назіраем выдатныя вынікі, — дзеліцца сваімі высновамі дырэктар лагера Вікторыя Рудская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы. — Турысцкі лад жыцця пры правільнай арганізацыі спрыяе пашырэнню кругагляду дзяцей, выдатна выхоўвае ў іх валявыя якасці, дзякуючы пераадоленню цяжкасцей, загартоўвае характар. Дзеці набываюць практычныя навыкі па тэхніцы турызму, арыентаванні на мясцовасці, выкарыстанні турыстычнага рыштунку, аказанні першай медыцынскай дапамогі, выжывання ў неспрыяльных прыродных умовах. А яшчэ вучацца дружбе і ўзаемавыручцы, калектыўнаму ўзаемадзеянню, свядомай дысцыпліне і самадысцыпліне, самастойнасці. Падлеткі пачынаюць суадносіць свае жаданні і ўчынкі з дабрабытам сваіх таварышаў. Падчас дзевяці дзён на прыродзе дзеці значна пашыраюць кругагляд, узбагачаюць духоўны свет, вучацца заўважаць прыгажосць, шанаваць і аберагаць багацце і разнастайнасць прыроды.
Свежае паветра, сонца і дождж, рэжым дня, спартыўныя трэніроўкі, сумесная праца, агульныя творчыя справы і забавы — усё гэта робіць жыццё ў палатках не толькі прыемным актыўным адпачынкам, але і выдатным сродкам выхавання.
Марына КУНЯЎСКАЯ.