Адраджэннем берасцянога рамяства займаюцца ў Крычаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі «Крэчут»

- 9:00Главная, Образование

Сапраўдныя мастацкія шэдэўры з бяросты ствараюць навучэнцы Крычаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Крэчут”. Да старадаўняга рамяства вучняў з энтузіязмам далучае Наталля Кавалёва. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У час тэхналагічнага прагрэ­су далучэнне дзяцей да традыцыйнай нацыянальнай спадчыны становіцца асабліва важным. Нельга забываць пра культурныя каштоўнасці продкаў. Трэба не проста захоўваць, але і перадаваць народныя звычаі падрастаючаму пакаленню, — упэўнена Наталля Аляксандраўна.

Зыходзячы з гэтых меркаванняў, педагог некалі і сама захапілася бяростай. Паспрабавала рабіць сувеніры, абярэгі і не змагла спыніцца.

— Бяроста — часцінка жывой прыроды. Выдатны, экалагічна чысты матэрыял, — гаворыць суразмоўніца. — У мінулым берасцяны промысел быў шырока развіты на тэрыторыі Беларусі. Успомніце вядомыя берасцяныя граматы. З бярозавай кары выраблялі таксама адзенне, абутак, прадметы побыту, упрыгажэнні, цацкі. Дзевяць гадоў назад разам з калегамі Інай Шамрына і Людмілай Усціненка вырашылі паспрабаваць адрадзіць рамяство. Аднаўлялі тэхналогію па архіўных дакументах, і ў нас атрымалася.

Аўтарскі праект па стварэнні гуртка “Жывая бяроста” стаў лепшым у рэгіянальным конкурсе мясцовых ініцыятыў. Педагогам выдзелілі фінансавы грант на рэалізацыю ідэі. Быў закуплены неабходны інвентар, распрацавана вучэбная праграма.

— Навучанне разлічана на тры гады. Першапачаткова вывучаем з дзецьмі гісторыю промыслу. Пасля яны паступова асвойваюць прыёмы нарыхтоўкі бяросты, вучацца апрацоўваць матэрыял у розных тэхніках, — паведамляе Наталля Кавалёва.

Зараз аб’яднанне па інтарэсах наведваюць 12 хлопчыкаў і дзяўчынак. Многія прыйшлі сюды па парадах сяброў або аднакласнікаў. А ў Ангеліны Цімашэнка апрацоўка бярос­ты нао­гул у літаральным сэнсе стала сямейнай справай.

— Тут навучаліся мае старэйшыя браты Ілья і Данііл. Па іх прыкла­дзе ў гурток прыйшла я, а крыху пазней і малодшы брат Багдан. Займацца неверагодна цікава. Разам з іншымі вучнямі мы майструем шмат прыгожых рэчаў, — дзе­ліцца дзяўчынка.

Са звычайнай кары навучэнцы ствараюць карціны, аплікацыі, калажы, аб’ёмныя фігуры. Апрацоўка бяросты — працэс карпатлівы, але захапляльны.

— Адразу сумесна з дзецьмі нарыхтоўваем матэрыял. Дапамагаюць бацькі і сваякі вучняў, якія жывуць у прыватных дамах і выкарыстоўваюць бярозавыя дровы для ацяплення. Сабраную бяросту па неабходнасці вымочваем у вадзе, потым трымаем пад прэсам і разбіраем на пласты, — тлумачыць Наталля Аляксандраўна.

У бяросце знаходзіцца цэлая палітра разнастайных колераў. Фарбы ў рабоце юныя рамеснікі практычна не выка­рыстоўваюць.

— У адным кавалачку кары могуць быць пласты з белага, карычневага, ружовага, сіняга, блакітнага, фіялетавага. Усё зале­жыць ад месца, дзе расла бяроза. Каляровая гама бярос­ты дазваляе амаль цалкам адмовіцца ад фарбаў. Гуашшу або акварэллю зрэдку падфарбоўваем фон, — рас­казваюць дзевяцікласніцы Арына Клепча і Аляксандра Кісялёва.

Кожны берасцяны выраб навучэнцаў цэнт­ра “Крэчут” унікальны. У работах дзеці адлюстроўваюць краявіды малой радзімы, прыродныя нацыянальныя сімвалы, сюжэты з казак. Арыгінальныя творы неаднаразова адзначаліся пераможнымі дыпломамі на творчых конкурсах абласнога і рэспуб­ліканскага ўзроўню. Іх прыгажосць і непаўторнасць уражвала наведвальнікаў вядомых фестываляў “Дажынкі”, “Славянскі базар у Віцебску”, “Александрыя збірае сяброў”.

— На выставах, фестывалях, прэзентацыях, дзе мы бываем, заўсёды стараемся арганізаваць майстар-класы па рабоце з бяростай для ўсіх жадаючых, — падкрэслівае Наталля Кавалёва. — Вельмі хочацца, каб берасцяное рамяство не было страчана, каб гэты спрадвечны беларускі промысел працягваў існаваць.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара