Станаўленне настаўніка — дастаткова складаны працэс, які пачынаецца са школьнай парты. У старшакласнікаў неабходна сфарміраваць уяўленні аб плюсах і мінусах педагагічнай прафесіі, даць ім магчымасць задумацца над тым, якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік. Стварэнне ў 2020 годзе профільнай групы педагагічнай накіраванасці ў сельскай школе стала адным са складнікаў сістэмы работы ў гэтым кірунку.

З чаго пачаць? Як заваяваць давер дзяцей? Як даць ім трывалыя веды? Як павярнуць да сябе бацькоў? Шукаць адказы на гэтыя няпростыя пытанні давялося адзінаццацікласнікам групы педагагічнай накіраванасці Дубненскай сярэдняй школы падчас круглага стала “Прафесія педагога ўчора, сёння, заўтра”. Педагогі-ветэраны — настаўніца пачатковых класаў Вера Мікалаеўна Дзядолка і настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Святлана Васільеўна Бортнік — зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне наведаць родную школу, каб падзяліцца сваімі ведамі і вопытам з моладдзю.
Вера Мікалаеўна ўпэўнена, што адной з галоўных якасцей педагога павінна быць любоў да дзяцей, а ўрок неабходна будаваць на прынцыпах супрацоўніцтва і ўзаемаразумення. З гордасцю і хваляваннем яна ўспомніла свае “зорныя выпускі”, тых вучняў, якія з лёгкасцю спраўляліся з усімі мудрагелістымі заданнямі, падрыхтаванымі настаўніцай.
Заўсёды адданая сваёй справе, вучням і Святлана Васільеўна. У сваёй педагагічнай дзейнасці яна давала вучням магчымасць лагічна разважаць, творча падыходзіць да любога задання. А сваім зорным часам лічыць тыя моманты, калі гучала радаснае прызнанне вучня: “Я зразумеў! Я рашыў!”
Дырэктар школы Л.К.Пусь падчас дыялогу падкрэсліла, што прафесія педагога няпростая, а для сучаснага вучня важна адчуваць справядлівасць настаўніка. Педагогі прыгадалі цікавыя выпадкі са школьнага жыцця і адказалі на пытанні навучэнцаў.
Свой погляд на прафесію выказаў і Уладзімір Каральчук, выпускнік 2022 года, які таксама вучыўся ў групе педагагічнай накіраванасці. Уладзімір, студэнт 1 курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, з захапленнем расказаў аб насычаным жыцці факультэта біялогіі і экалогіі. Ён на канкрэтных прыкладах растлумачыў навучэнцам, чым вучоба ва УВА адрозніваецца ад вучобы ў школе і як неабходна рыхтавацца да паступлення цяперашнім абітурыентам.
Падводзячы вынікі сустрэчы, класны кіраўнік 11 класа і выкладчык факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” І.М.Кандратовіч адзначыла, што дастойным чалавекам і паспяховым педагогам не нараджаюцца, а становяцца. Ствараць будучыню маладым, але мудрасць і вопыт, якія ёсць у старэйшага пакалення, моладзі таксама неабходна прымяняць.
Падобныя сустрэчы — адна з форм работы ўстановы адукацыі па падрыхтоўцы будучых педагогаў. Навучэнцы групы педагагічнай накіраванасці з цікавасцю наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. З мэтай развіцця творчага патэнцыялу старшакласнікам прапануюцца заданні для самастойнай работы. Напрыклад, напісаць педагагічнае эсэ на тэму “Мой ідэал настаўніка” або “Высакародная прафесія — настаўнік”, прааналізаваць выказванні вялікіх педагогаў, скласці ўласны кодэкс настаўніка.
Абавязковай часткай прафесійнай падрыхтоўкі з’яўляюцца педагагічныя пробы. Навучэнцы групы ганарацца сваімі першымі ўрокамі, прымаюць актыўны ўдзел у днях самакіравання, праводзяць класныя і інфармацыйныя гадзіны, арганізоўваюць рухавыя гульні на перапынках. Набыццё вопыту педагагічнай дзейнасці адбываецца праз уключэнне навучэнцаў у сацыяльна значную дзейнасць, заахвочванне іх дасягненняў. Будучыя педагогі актыўна займаюцца валанцёрскай дзейнасцю ў складзе школьнага атрада “Праменьчыкі дабрыні”.
Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў І.М.Кандратовіч, А.У.Мінько навучэнцы прынялі выніковы ўдзел у рэспубліканскіх і абласных мерапрыемствах — фестывалі педагагічных класаў, алімпіядзе “Адкрываю свет педагагічных прафесій”, абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Адукацыя і моладзь. Навуковы пошук”. Дыпломам І ступені Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе ўзнагароджана навучэнка 11 класа Кацярына Якімчык за лепшы прафарыентацыйны праект “Школа кіравання. Лесвіца поспеху”.
“Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” — гэтым прынцыпам кіруюцца нашы былыя вучні, якія працуюць у сістэме адукацыі Мастоўскага раёна. Прыемна, што выпускнікі невялікай сельскай школы сёння набываюць прафесіі педагагічнага профілю, у тым ліку па мэтавым накіраванні.
Дзіна ЛАЗОВІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна





