Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Жлобіна Наталля Екіменка правяла сустрэчу “Кубак гарбаты з педагогам” з навучэнцамі педагагічнай групы. Асабісты прыклад — самая моцная матывацыя і лепшая рэклама прафесіі. Яе шчырасцю і натхненнем уразілася і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”, калі пазнаёмілася з гэтым выдатным чалавекам.

Наталля Валер’еўна аказалася вельмі абаяльнай, яркай і шчырай — сапраўдным маяком мудрасці і дабрыні. Яна крыху хвалявалася, як пройдзе наша сустрэча, але, калі гаворка зайшла пра сямейныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, педагагічную місію, атмасферу ў гімназіі, згуртаваны калектыў і несуцішную энергію навучэнцаў, усе трывогі імгненна зніклі, саступіўшы месца цікавым гісторыям.
Матывацыя з ноткамі рэпа
— Пачынала свой педагагічны шлях у сярэдняй школе № 13 Жлобіна пад кіраўніцтвам выдатных людзей і прафесіяналаў — Клаўдзіі Васільеўны і Віталія Васільевіча Гузавых. Атрымала там натхненне і падтрымку, якія сталі для мяне сапраўдным стымулам для развіцця, — адзначае Наталля Екіменка. — Сёння стаўлю перад сабой мэты і ўпэўнена да іх іду ў гімназіі № 1. Тут мяне таксама акружае каманда сапраўдных прафесіяналаў, якую ўзначальвае дырэктар Таццяна Міхайлаўна Калькова. Працаваць з калегамі — адно задавальненне. Згуртаванасць нашага педагагічнага калектыву — залог высокіх вынікаў вучняў: у мінулым годзе школу скончылі 50 чалавек, з якіх 7 — медалісты, па выніках ЦЭ, ЦТ 7 выпускнікоў атрымалі стабальныя сертыфікаты, у цэлым сярэдні бал па іспытах перавышае 81. Дзякуючы гэтаму, мы займаем 1-е месца ў рэйтынгу раёна і 8-е сярод гімназій вобласці. Палову жыцця я правяла ў школе разам з бацькамі, а другую прысвяціла выкладанню любімага прадмета — геаграфіі. Удзяляю ўвагу не толькі нагляднасці на занятках і творчаму кампаненту, але і важным урокам жыцця. Сёння я больш сканцэнтравана на адміністрацыйнай дзейнасці, але, выступаючы ў ролі намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, творчы падыход да навучання і глыбокую сувязь з вучнямі па-ранейшаму лічу прыярытэтам.
Наталля Валер’еўна сціпла называе сябе нятворчым чалавекам, хоць менавіта яна арганізоўвала незвычайныя інтэрактыўныя ўрокі, каб абудзіць цікавасць школьнікаў і матываваць іх да вучобы. З цеплынёй яна ўспамінае, як чытала рэп на выпускным вечары, каб унесці нотку творчасці ў момант развітання дзяцей са школай.
580 гадоў служэння адукацыі
У педагагічнай сям’і Наталлі Валер’еўны ёсць некалькі пакаленняў настаўнікаў і выхавальнікаў, чыя спадчына натхняе на служэнне адукацыі. Заснавальнікам гэтай выдатнай дынастыі быў яе дзед Васіль Якаўлевіч Лупячэнка, чыя працоўная дзейнасць пачалася яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Падчас вайны ён мужна абараняў Ленінград, а ў мірны час прысвяціў сябе не менш высакароднай справе — працаваў настаўнікам, завучам і дырэктарам дзіцячых дамоў у Гомельскай вобласці, а затым узначаліў Свяцілавіцкую сярэднюю школу Веткаўскага раёна. Ён быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі і ганаровым знакам “Выдатнік адукацыі школ БССР”. Бабуля Наталлі Валер’еўны Зінаіда Мацвееўна Лупячэнка пачала сваю працоўную дзейнасць у час вайны, працуючы выхавальніцай, а пазней загадчыцай Свяцілавіцкага дзіцячага сада. Варта адзначыць, што блізкія сваякі дзеда і бабулі таксама аддалі свае сэрцы гэтай высакароднай прафесіі. Настаўніцкую дынастыю працягнулі бацька Наталлі Валер’еўны Валерый Васільевіч Лупячэнка, дзве яго сястры, іх дзеці, перадаючы эстафету любові да выкладання з пакалення ў пакаленне.
Дарэчы, педагогі дашкольнай адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў, працоўнага навучання, фізікі, інфарматыкі, геаграфіі, рускай і замежнай моў, музыкі працягваюць сённяшнія традыцыі. У многіх установах адукацыі прадстаўнікі дынастыі займалі і займаюць пасады намеснікаў і дырэктараў, горда носяць званне “Выдатнік адукацыі”. Наталля Валер’еўна змагла сабраць па фрагментах гісторыю дынастыі, агульны стаж якой 580 гадоў, усяго ў педагогіцы 15 членаў сям’і.
— Тата, настаўнік фізікі, выкладаў у школе ў Акцябрскім раёне, потым у Стаўбунскай сярэдняй школе Веткаўскага раёна.Затым працаваў у Мангольскай Народнай Рэспубліцы ў школе горада Улан-Батар, за сваю работу там атрымаў ганаровае званне, — працягвае Наталля Екіменка. — Вярнуўшыся ў родны край, доўгія гады шчыраваў у Чачкаўскай сярэдняй школе Мінскага раёна, гімназіі № 4 Мінска, вёў актыўную даследчую дзейнасць, раскрываючы патэнцыял кожнага дзіцяці. Ён вельмі творчы, матываваны і ўлюбёны ў сваю работу, сапраўдны прафесіянал. А яшчэ ён таленавіты паэт і кампазітар: піша вершы і музыку, іграе на гітары і баяне. Дома пачэснае месца займаюць шматлікія граматы Міністэрства адукацыі Беларусі і падзякі, якія нагадваюць пра яго ўклад у сферу адукацыі.
Розныя пакаленні, розныя падыходы, але нязменнай застаецца любоў да дзяцей і прафесіі.
Мая мама Валянціна Мікалаеўна — філолаг, шмат гадоў выкладала рускую мову і літаратуру ў Чачкаўскай сярэдняй школе Мінскага раёна, адкрываючы вучням прыгажосць слова і глыбінны сэнс літаратуры. З асаблівым хваляваннем яна чакае дня сустрэчы выпускнікоў, калі былыя вучні выказваюць ёй сваю ўдзячнасць за ўрокі жыцця. Я вельмі ганаруся сваімі бацькамі і ўсёй дынастыяй!
Любоў да справы
— Для мяне школа заўсёды была сапраўдным домам. Я выразна памятаю, як мы з мамай назіралі, калі нарэшце выключыцца святло на трэцім паверсе ў кабінеце таты — ён працаваў дапазна, ствараючы музей гісторыі фізікі ў школе Веткаўскага раёна, — дзеліцца педагог яскравымі дзіцячымі ўспамінамі. — Адным з самых кранальных момантаў стала тое, як я пяцікласніцай праводзіла экскурсіі для дзяцей у гэтым музеі. Бацька — неверагодна вынаходлівы чалавек: у яго кабінеце заўсёды было шмат зацікаўленых фізікай дзяцей, нават без камп’ютараў ён уводзіў усялякія інавацыі. Напрыклад, устанавіў над дошкай панэль з адзнакамі, якія загараліся пасля кожнага адказу вучня.
На тое, што Наталля Валер’еўна стане выкладаць не фізіку і не рускую мову, а менавіта геаграфію, у большай ступені паўплывала настаўніца ва Улан-Батары. А праз некаторы час яна і сама, стаўшы трэнерам абласной каманды, рыхтавала навучэнцаў пакараць алімп ведаў. Сярод яе выпускнікоў ёсць тыя, для каго Наталля Валер’еўна стала прыкладам, і хто, як і яна, аддаў перавагу настаўніцтву. З вялікай цеплынёй яна расказвае пра гэтых маладых педагогаў, а таксама пра аднаго са сваіх навучэнцаў Віталія Дупанава, які стаў урачом агульнай практыкі, але адзначае, што геаграфія для яго была любімым школьным прадметам.
А сёння як намеснік дырэктара асаблівую ўвагу яна ўдзяляе прафарыентацыйнай рабоце. Ужо трэці год курыруе класы прафесійнай накіраванасці, сярод якіх ёсць педагагічная, а таксама інжынерная і ваенна-патрыятычная групы. У гімназіі № 1 традыцыйна праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя прыёму дзяцей у профільныя класы, што дапамагае фарміраваць камандны дух і свядомае стаўленне да будучай прафесіі. Наладжана ўзаемадзеянне з рэгіянальнымі УВА, ведамствамі і прадпрыемствамі. Штомесяц праводзяцца сумесныя разнапланавыя мерапрыемствы, якія натхняюць вучняў на выбар жыццёвага шляху. Выпускнікі гэтых груп паспяхова паступаюць у вядучыя ўніверсітэты краіны і будуюць кар’еру ў розных галінах.
— Я з задавальненнем іду на работу і вяртаюся дадому з такім жа цудоўным пачуццём. І гэта самае галоўнае! — з натхненнем гаворыць суразмоўніца. — Толькі любоў да справы, творчы падыход і пастаяннае імкненне да развіцця дазваляюць натхняць дзяцей і мяняць свет адукацыі да лепшага.
Калі я задала пытанне аб падарожжах і разлічвала ў адказ пачуць аб марах наведаць далёкія і цёплыя краіны, высветлілася, што педагог не заўсёды імкнецца менавіта туды — ёй значна важней і прыемней адправіцца ў бацькоўскую хату, да вытокаў, і адчуць цеплыню сям’і.
Пагутарыўшы з гэтай цудоўнай жанчынай, чый прафесійны стаж перавышае 30 гадоў, якая знаходзіцца на сувязі з калегамі і вучнямі 24/7, выпраменьвае пазітыў і шчырую любоў да справы жыцця, я зразумела, як шмат зроблена ёй і кожным прадстаўніком гэтай дынастыі. Развітваючыся, яна выказала надзею, што любоў да адукацыі перадасца і яе маленькаму ўнуку, які толькі робіць першыя крокі ў свет ведаў.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





