Аксана Цярэшка: «Класнае кіраўніцтва — бязмежная прастора для пазнання самой сябе і выхавання школьнікаў»

- 13:16Классный классный

Аксана Цярэшка — настаўніца англійскай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і класны кіраўнік 5 “Б” і 9 “В” класаў у мінскай гімназіі № 15. Амаль 20 гадоў свайго жыцця яна прысвяціла педагагічнай дзейнасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Праверка самой сябе

— Вы выкладаеце англійскую мову ў гімназіі. Можа, марылі стаць перакладчыкам?

— Так, настройвалася менавіта на гэта, пра настаўніцтва спачатку і не думала. Бачыце, не ўсім даецца педагагічнае прызванне пры нараджэнні, яно бывае і набытым. Мне падабалася вучыцца ў школе, я захаплялася і ганарылася сваімі настаўнікамі. І ўсвядоміла з часам, што настаўніц­тва — прафесія на ўсе часы. Гэта і вызначыла мой далейшы шлях. Пра цяжкасці прафесіі, яе адказнасць я тады не думала.Толькі бацькі папярэджвалі, што настаўніцкая прафесія патрабуе аддаваць сябе цалкам, ёй трэба жыць. А я люблю выпрабаванні. Мне падабаецца ставіць мэту і дасягаць яе, тым самым правяраючы, на што я здольная, наколькі сфарміраваны мой характар і ці ёсць у ім моц. Таму пасля школы паступіла ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

Праверкай правільнасці майго выбару стала практыка ў роднай сярэдняй школе № 2 імя Героя Савецкага Саюза Р.С.Кудрына, якая знаходзіцца ў г.п. Шаркаўшчына, адкуль я родам.

Там выдатны калектыў педагогаў, мяне прынялі прыязна, цёпла, як сваю калегу, стараліся ва ўсім мне дапамагаць. Я тады ўмацавалася ў сваім выбары прафесіі і пасля заканчэння ўніверсітэта вярнулася ў сваю ж школу, дзе адпрацавала 14 гадоў.

— А як здарылася, што сёння вы працуеце ў Мінску? Ці гэта зноў пошук выпрабаванняў, праверка сябе?

— Воляй лёсу і па асабістым жаданні разам са сваёй сям’ёй, двума тады яшчэ малымі сынамі, я пераехала ў Мінск і ўладкавалася на работу ў мінскую гімназію № 15… Мне быў патрэбен рух, каб было куды дзяваць энергію, запал, каб рэалізоўваць новыя ідэі, атрымліваць эмоцыі, імкнуцца да далейшага развіцця, змяненняў у жыцці, ставіць задачы і іх вырашаць. Працую ў гімназіі пяты год. З першага дня работы ўзяла і класнае кіраўніцтва.

 Блізка да складу характару

— І вам адразу даверылі быць класным кіраўніком? Звычайна, адміністрацыя школы спачатку прыглядваецца, вызначае, наколькі педагог здольны да гэтага.

— Так было і ў мяне. Кіраўніцтва гімназіі рэкамендавала не спяшацца браць класнае кіраўніцтва, маўляў, пакуль адаптуйцеся да ўстановы і новага калектыву. Але я была ўжо вопытным класным, доўгі час працавала ім у сваёй школе на малой ра­дзіме. І ўвогуле быць класным — гэта блізка да майго складу характару. А яшчэ мяркую, што работа настаўніка без класнага кіраўніц­тва не зусім зместава насычаная. Выкладаючы толькі адзін прадмет, ты знаходзішся ў рамках “настаўнік — вучань”, і гэта не дазваляе ў поўнай меры зблізіцца з дзецьмі, нала­дзіць зносіны з імі. Галоўнае для прадметніка — паспець выкласці неабходны аб’ём ведаў згодна з вучэбным планам, а вырашыць выхаваўчую задачу не заўсёды атрымліваецца. Але я стараюся.

Пры выкладанні прадмета імкнуся, каб дзеці вучылі мову і праз яе атрымлівалі новую інфармацыю. З сённяшнімі падручнікамі гэта мне ўдаецца. Яны не толькі выдатна ілюстраваныя, але і змяшчаюць шматлікія звесткі пра Беларусь.

У тэмах урока адлюстраваны культура, гісторыя, мастацтва, прырода, нацыянальныя святы, нават надвор’е нашай краіны. Такая інфармацыя развівае кругагляд дзяцей, павышае іх імкненне расказваць пра сваю краіну на замежнай мове, нібы прадстаўляючы Беларусь на міжнароднай арэне. І хто ведае, можа ім удасца гэта зра­біць у рэальнасці.

— Што для вас класнае кіраўніцтва? Як вы сябе ў ім рэалізоўваеце?

— Класнае кіраўніцтва — гэта бязмежная прастора для пазнання самой сябе і выхавання школьнікаў. Гэта магчымасць вывесці адукацыйны працэс за яго межы, задаволіць інтарэсы дзяцей за кошт разнастайнай пазакласнай работы і тым самым зблізіцца з кожным школьнікам. Класнае кіраўніцтва — вельмі напружаная работа. Я цэлы дзень з дзецьмі і працую амаль кругласутачна. Перапынку для класнага кіраўніка не існуе. Мяркуйце самі. Я правяла ўрок і пачынаю займацца класным кіраўніц­твам. Напрыклад, трэба арганізаваць харчаванне для дзяцей, правесці іх у сталовую, прасачыць, хто як сябе адчувае, арганіза­ваць тое ці іншае мерапрыемства, якое я запланавала. Спяшаюся ўкласці ў кожнае дзіця самае лепшае, што ёсць у мяне, чым жыве наша грамадства, наву­чыць асновам жыцця: любіць Радзіму, ца­ніць сям’ю і паважаць настаўніка. Бывае, не хапае трывалых прафесійных ведаў, каб быць класным, тады працую на энтузіязме і выкарыстоўваю асабісты вопыт. Канечне, было б добра вучыць класнаму кіраўніцтву яшчэ ва ўніверсітэце або каледжы педагагічнага профілю. Мае выпускнікі ўжо выкладаюць у школах, вядуць класнае кіраўніц­тва, ужываючы мае прыёмы, веды, якія я ім дала. Сама я наведваю курсы павышэння кваліфікацыі ў МГІРА, МДЛУ, Акадэміі адукацыі. Але трэба пастаянна вучыцца гэтаму. Даверыць клас можна не кожнаму, гэта вялікая адказ­насць, класны кіраўнік — ключавая фігура ў сістэме адукацыі.

Давер і павага

— Як супрацоўнічаеце з баць­камі? У чым яны вам дапамагаюць?

— Не ўяўляю сябе без дапамогі баць­коў. Я з імі заўсёды на сувязі, яны мае першыя і самыя надзейныя памочнікі, з якімі наладжана цеснае, плённае супрацоўніцтва. Я блізка знаёма з сем’ямі ўсіх сваіх выхаванцаў, ведаю, як яны жывуць, дзе робяць урокі, якія традыцыі падтрымліваюцца ў сям’і, якія адносіны складваюцца з бацькамі. Ад гэтага залежыць псіхалагічны стан дзіцяці: чаму яно не вывучыла ўрок або дрэнна падрыхтавалася да яго, чаму ў яго сумны позірк. І я павінна высветліць прычыны і падтрымаць вучня. У нас вельмі адказныя бацькі, якія клапоцяцца пра сваіх дзяцей і жывуць адным жыццём з гімназіяй.

Бацькі вельмі паважліва ставяцца да педагагічнай працы, разумеюць яе цяжкасць, напружанасць і адчуваюць вялікую адказнасць, бо давяраюць нам сваіх дзяцей. Гэты давер і павага да настаўніцтва растуць у нашым грамадстве.

Нядаўна наша гімназія ўдзель­нічала ў гарадскім конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагога — рэсурс адукацыі сталіцы” з праектам “Школа актыўных бацькоў” (ШАБ), які ўпершыню быў прадстаўлены па такой тэме і заваяваў грант Мінгарвыканкама.

— Ваша “Школа актыўных бацькоў” першая ў горадзе?

— Так, мы пакуль адзіныя ў гэтым напрамку, і спадзяюся, што калегі падхо­пяць нашу ініцыятыву. У гэтым праекце мы адлюстроўваем механізмы супрацоўніцтва з баць­камі, далучаем іх да сумеснай работы ў выхаванні дзяцей, многія ўдзельнічаюць у школьных мерапрыемствах, у тым ліку праводзяць сустрэчы з дзецьмі па праф­арыентацыі, прадстаўляюць свае прафесіі, арганізоўваюць дыялогавыя пляцоўкі, майстар-класы, творчыя майстэрні, удзельніча­юць у гімназічных праектах, ствараюць інтэрактыўныя карты. Сумесна мы рыхтуем прэзентацыі на тэмы дрэнных звычак, курэння, ужывання наркотыкаў, спосабаў не стаць ахвярамі махляроў і г.д. Бацькі актыўна задзейнічаны ў мерапрыемствах па бяспецы на дарогах разам з прадстаўнікамі адпаведных ведамстваў. Разам мы выхоўваем у дзяцей экалагічную, эканамічную, прававую, інфармацыйную культуру. Дзеці бес­турботныя з прычыны ўзросту, таму сумесна з сем’ямі ўзброй­ваем іх ведамі, каб абараніць ад негатыўных з’яў.

Праз слёзы да радасці

— Цяпер часта можна па­чуць, што дзеці растуць абыякавымі, не чуллівымі, адарванымі ад рэчаіснасці.

— Не магу з гэтым пагадзіцца. І вось чаму. У час, калі наша краіна жыве знакавай падзеяй — перамогай у Вялікай Айчыннай вайне, я з яшчэ большым жаданнем стараюся, каб мае выхаванцы пранікліся гэтай тэмай, шукаю новыя формы выхавання патрыятызму з самага ранняга дзяцінства.

Лічу, што мне гэта ўдаецца. Калі бываем у Хатыні, Чырвоным беразе, іншых мемарыяльных комплексах, ля помнікаў героям вайны і я расказваю пра ваенную трагедыю, дзеці плачуць. Яны так рэагуюць на падзеі тых часоў, таму што глыбока пранікліся імі, адчулі сэрцам. Яны збіраюць звесткі пра вайну і сваіх прадзедаў, якія прайшлі ваеннае ліхалецце. З гэтага і складваецца іх светапогляд, фарміруюцца патрыятычныя пачуцці і гордасць за Радзіму. Дзеці самастойна рыхтуюць па тэме вайны і гераізму нашага народа фотаальбомы, прэзентацыі, нават навуковыя работы. Мы падарожні­чаем у знакамітыя мясціны краіны, наведваем вядучыя прадпрыемствы, каб замаца­ваць у свядомасці дзяцей стваральны шлях яе развіцця.

— Вы класны кіраўнік у 5 і 9 класах. Чым адрозніваецца ваша работа з рознаўзроставымі дзецьмі і як спалучаеце іх інтарэсы?

— Многія мерапрыемствы, якія планую, раздзяляю згодна з узростам. Напрыклад, у 5 класе праводжу тыя, што скіраваны на згуртаванасць калектыву. Дзеці прыйшлі пасля пачатковай школы, у іх пачынаецца новае жыццё: новы клас, настаўнікі-прадметнікі і ўвогуле новая абстаноўка, да якой трэба прывыкнуць, адаптавацца. Але паступова далучаю дзяцей да актыўнага ўдзе­лу ў мерапрыемствах. Яны вучацца рабіць прэзентацыі, удзельніча­юць у адкрытым мікрафоне, інтэрактыўнай гульні і інш. Імкнуся, каб пяцікласнікі пасябравалі са старшакласнікамі. Лепшыя спосабы — праект “Роўны вучыць роўнага”, сумесныя падарожжы, іншыя мерапрыемствы, праекты і акцыі.

Я. Мы. Роднае

— Апошнія тры гады ў гімназіі дзейнічае рэсурсны цэнтр духоўна-маральнага выхавання. Як вы ўдзельнічаеце ў яго рабоце?

— Я яго кіраўнік. Наш рэсурсны цэнтр з’яўляецца філіялам рэс­публіканскага рэсурснага цэнтра гэтай жа накіраванасці, створанага ў Акадэміі адукацыі. У нашым цэнтры сабраны напрацоўкі па выхаванні педагогаў, навучэнцаў і іх баць­коў. Свае здабыткі мы прадстаўляем не толькі сталічным навучальным установам, але і гасцям з розных рэгіёнаў краіны і замежжа. У цэнтры праходзяць прэзентацыі, інтэрактыўныя экскурсіі, якія арганізоўваюць самі навучэнцы, а таксама сустрэчы, лекторыі, факультатыўныя заняткі, семінары, майстар-класы. Акрамя таго, тут праводзяцца дабрачынныя акцыі, мерапрыемствы з запрашэннем свяшчэннаслужыцеляў, гасцявыя ўрокі, навукова-асветніцкія экспедыцыі, мерапрыемствы па праваслаўным краязнаўстве. Дзей­насць цэнтра не абмежавана сценамі адной аўдыторыі, а мае шмат напрамкаў. Напрыклад, возьмем інтэрактыўную карту-праект “Свята-Мікалаеўскія цэрквы Беларусі: гісторыя, сучаснасць і традыцыі”. Кожны класны кіраўнік атрымаў заданне даследаваць разам са сваімі выхаванцамі і іх бацькамі населеныя пункты Беларусі, дзе існуюць Свята-Мікалаеўскія цэрквы. Мы даведаліся, што ўсяго ў Беларусі 172 такія храмы, а мы сабралі інфармацыю пра 84. Усе яны нанесены на карту з QR-кодамі. Таксама ствараецца “Інтэрактыўная карта #Гордасць за Беларусь”, маршруты якой рэалізуюцца ў час канікул, а таксама гімназічны фестываль “Я.Мы.Роднае”. У нас арганізоўваецца і калектыўная творчая справа “Дарогамі памяці”. У ёй задзейнічаны кожны клас. Дзеці наведваюць помнікі, збіраюць пра іх інфармацыю, а потым праводзяць прэзентацыі, ствараюць фотаальбомы.

У спісе мерапрыемстваў на тэму духоўнасці — і нядаўняя мінская харавая асамблея “Спяваюць дзеці — спявае горад”, якая была арганізавана нашай гімназіяй. Падзея была прыязна ўспрынята і выклікала рэзананс у грамадстве. Гэта для нас высокая ацэнка. І далей будзем шчыра выконваць сваю галоўную місію — выхоўваць грамадзян і патрыётаў, фарміраваць у дзяцей духоўна-маральныя каштоўнасці і гістарычную памяць. Якімі формамі і метадамі — залежыць ад педагогаў і класных кіраўнікоў. Галоўнае, каб быў станоўчы вынік.

Ала КЛЮЙКО
Фота з асабістага архіва гераіні