З тым, што ў алімпіядах галоўнае не перамога, а ўдзел, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Слуцка Марына Цвірко катэгарычна не згодна. Педагог упэўнена: веды і старанні вучняў павінны ўзнагароджвацца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Урокі-разважанні
У Сейлавіцкай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна, дзе калісьці вучылася Марына Францаўна, геаграфію выкладаў Канстанцін Канстанцінавіч Троська. Менавіта яго захапленне гэтым прадметам вызначыла прафесійны шлях М.Ф.Цвірко.
— Акрамя таго, што цікава выкладаў прадмет, Канстанцін Канстанцінавіч звяртаўся на ўроках да нестандартных падыходаў, — успамінае педагог. — Ён мог расказаць нешта цікавае, незвычайнае па тэме ўрока, разам з тым пастаянна заклікаў да разважанняў.
Калі скончыла школу, М.Ф.Цвірко паступіла ў Калінінградскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт геаграфіі.
— Я была адной дзяўчынай, якая прыехала вучыцца з вёскі, ды яшчэ з Беларусі, — працягвае Марына Францаўна. — Далёка ад дому было вельмі цяжка, я сумавала па сваёй краіне, бацьках, таму пасля другога курса перавялася ў БДУ на геаграфічны факультэт. Калі скончыла яго, па размеркаванні паехала ў Слуцк.
Як калісьці яе школьны настаўнік, сёння Марына Францаўна гэтак жа спрабуе захапіць школьнікаў геаграфіяй. У педагога гэта цудоўна атрымліваецца, што пацвярджаюць перамогі навучэнцаў гімназіі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах.
М.Ф.Цвірко часта нагадвае вучням, што геаграфія — гэта не той прадмет, які ўсе здаюць на цэнтралізаваным тэсціраванні, але гэта менавіта тая дысцыпліна, якая цудоўна развівае і дэманструе інтэлект.
— Не важна, кім стане вучань, якой прафесіі аддасць перавагу, — адзначае настаўніца геаграфіі. — Ёсць веды, якія нам проста неабходны. Напрыклад, мы павінны разумець, якое надвор’е будзе заўтра, якія рэчы ўзяць з сабой у падарожжа, дзе і якія сельскагаспадарчыя культуры высадзіць на агародзе і інш. Да таго ж ёсць веды, па “якіх сустракаюць”. Напрыклад, дзе знаходзіцца Тайланд, Шры-Ланка, які акіян самы цёплы, а які самы вялікі, дзе жывуць ламы, які слон самы вялікі… А яшчэ цікава ведаць, чаму мяняецца кошт нерухомасці, чаму людзі не хочуць перасяляцца з трушчоб у дарагое жыллё. Усё гэта падпарадкоўваецца эканамічным законам, з якімі знаёміць геаграфія. Нездарма на многіх эканамічных спецыяльнасцях патрабуюцца веды па гэтым прадмеце.
Але як настаўніку арганізаваць работу, каб вучні знайшлі для сябе матывацыю вывучаць геаграфію? У сваёй педагагічнай дзейнасці Марына Францаўна вылучае некалькі важных этапаў. Яна ўпэўнена: першапачаткова неабходна зацікавіць школьніка прадметам, зрабіць так, каб ён паверыў педагогу, хацеў працаваць з ім. У гэтым настаўніцы дапамагаюць гульні, віктарыны, пытанні па тэме, пошук адказаў у дадатковых крыніцах.
— Выкарыстанне нетрадыцыйных метадаў навучання спрыяе актывізацыі пазнавальнай дзейнасці на ўроках, узбагачае, сістэматызуе і замацоўвае веды, спрыяе іх усвядомленаму прымяненню, — дадае М.Ф.Цвірко. — Навучэнец становіцца актыўным, зацікаўленым, раўнапраўным удзельнікам вучэбнага працэсу, у яго мяняюцца мысленне, паводзіны, што дазваляе прывіць яму цікавасць да ведаў, стварыць матывацыю да навучання. Такая работа на ўроку і ў пазаўрочны час мае вялікае адукацыйнае, выхаваўчае, а таксама развіццёвае значэнне. Заўважыла, што нетрадыцыйныя метады і прыёмы развіваюць у дзяцей вобразнае, сістэматычнае і лагічнае мысленне. Таму ў сваёй практыцы выкарыстоўваю разнастайныя прыёмы, якія дазваляюць ад цікаўнасці прывесці дзіця да пазнавальнай цікавасці. Асаблівую ўвагу ўдзяляю тым метадам, сродкам і формам навучання, якія стымулююць актыўную пазнавальную дзейнасць, спрыяюць павышэнню якасці адукацыі.
Урокі-падарожжы
Што такое шэпт зорак і дзе яго можна пачуць? Чаму спяваюць пяскі і чаму людзі баяцца гэтага гуку? Не кожны дарослы знойдзе адказ на гэтыя пытанні, але толькі не вучні М.Ф.Цвірко.
— Мы шмат працуем з фізічнай картай свету, — расказвае настаўніца. — Карта — другая мова геаграфіі. Практычна няма такіх пытанняў, адказы на якія не патрабавалі б выкарыстання карты, тым больш у курсе школьнай геаграфіі. Навучэнцы з задавальненнем шукаюць на ёй самыя высокія ці доўгія горы, самыя вялікія, глыбокія, салёныя, цёплыя моры, самыя паўнаводныя і доўгія рэкі, самыя вялікія па плошчы і глыбіні азёры і інш. На этапе работы з картай часта гучыць пытанне “Дзе?”. І гэта самы спрыяльны момант, каб зачапіцца за тыя рычажкі, якія стануць стымулам для вывучэння геаграфіі.
Карта — гэта асноўны сродак, які дапамагае настаўніцы праводзіць геаграфічныя дыктанты і ўрокі-падарожжы. Дыктоўкі з геаграфічнымі памылкамі дапамагаюць праверыць вывучаны матэрыял, выявіць прабелы ў ведах вучняў і ліквідаваць іх.
Наступны этап — назапашванне ведаў. На ім галоўным з’яўляецца пытанне “Чаму так?”. Напрыклад, чаму Афрыка — самы гарачы мацярык, а Аўстралія — самы сухі? Чаму Антарктыда самая халодная і як бы змянілася прырода Еўропы і нашай краіны, калі б цячэнне Гальфстрым стала больш павольным альбо зусім знікла?
— На гэтым этапе трэба шмат запомніць, засвоіць, навучыцца вылучаць галоўнае, запісваць тэзісна: інфармацыя павінна размяшчацца ў сшытках сістэмна, — дзеліцца вопытам М.Ф.Цвірко. — Дзякуючы гэтаму ў дзіцяці будуць развівацца такія якасці, як адказнасць, працавітасць, жаданне быць лепшым. Роля настаўніка — спрыяць росту вучня, дапамагаць у праяўленні яго асобасных якасцей, павышаць матывацыю.
Трэці этап навучання, якому Марына Францаўна ўдзяляе многа ўвагі, — гэта самастойная работа. Падчас урока настаўніца вызначае тэму, пытанні, на якія трэба звярнуць увагу, а таксама падказвае электронныя рэсурсы, дзе можна знайсці падрабязную і цікавую дадатковую інфармацыю па тым раздзеле, які вывучаецца.
— Часта ў ходзе работы выкарыстоўваю сайты факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, геаграфічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава, — дадае настаўніца. — У далейшым ідзе абмеркаванне на роўных: настаўнік — вучань.
Вынік такога падыходу да выкладання — перамогі вучняў Марыны Францаўны на абласным і рэспубліканскім этапах алімпіяды.
— Я не прымаю пасылу, што галоўнае не перамога, а ўдзел, — прызнаецца настаўніца. — Мы многа працуем і заўсёды настройваемся на поспех. Калі ты не гатовы ісці да канца, тады навошта было пачынаць? Усе захапляюцца паспяховымі людзьмі, але не ўсе гатовы працаваць так, як яны. Вядома, бываюць і няўдачы. Настаўнік павінен падабраць такія словы, каб дзіцяці хацелася працаваць яшчэ больш, нягледзячы на тыя цяжкасці, якія ўзнікаюць.
Урокі-перамогі
Ужо не першы год сярод вучняў М.Ф.Цвірко знаходзяцца тыя, хто не баіцца няўдач і ўпэўнена ідзе да перамог. Сёлета прадстаўляць Міншчыну на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі будзе навучэнец 11 “Б” класа Аляксей Кавалёў. У вучня Марыны Францаўны ёсць мэта — паступіць у БДУ на факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі на спецыяльнасць “Геаінфармацыйныя сістэмы”.
— Зараз у нас напружаны і адказны перыяд, мы актыўна рыхтуемся да заключнага этапу алімпіяды, — падкрэслівае Марына Францаўна. — Я веру ў свайго вучня і зраблю ўсё магчымае, каб дапамагчы яму дасягнуць тых вяршынь, да якіх ён імкнецца.
Дзякуючы таму, што ў алімпіядным руху не першы год, М.Ф.Цвірко мае багатую метадычную базу для падрыхтоўкі гімназістаў да алімпіяды. А ў асабістай бібліятэцы настаўніцы — шэраг кніг і даведнікаў па геаграфіі, якіх, напэўна, у краіне больш не знойдзеш. Сярод іх — падручнік з Оксфарда, які педагогу прывёз яе былы вучань.
— Падчас падрыхтоўкі да алімпіяд мы карыстаемся мноствам вучэбных крыніц, — звяртае ўвагу М.Ф.Цвірко. — Што тычыцца сённяшняй падрыхтоўкі Аляксея, то ён вельмі многа часу ўдзяляе заняткам. Вядома, да заключнага этапу алімпіяды даходзяць не ўсе вучні, але Лёша ўжо ў фінале, і я веру ў яго.
Такім жа ўседлівым і мэтанакіраваным быў былы вучань М.Ф.Цвірко выпускнік гімназіі № 1 Слуцка Раман Пенязь, які многа разоў станавіўся пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, быў уладальнікам бронзавых медалёў на Еўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе, Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе, а таксама залатым і бронзавым прызёрам Міжнароднай алімпіяды па навуках аб Зямлі.
— Маімі яркімі вучнямі былі таксама Яўген Яцына, які тройчы паспяхова ўдзельнічаў у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, Ягор Сучок, які, калі вучыўся ў 7 класе, выступіў на трэцім этапе алімпіяды за 9 клас і быў узнагароджаны дыпломам III ступені, — пералічвае дасягненні сваіх вучняў педагог. — Валерыя Савановіч была адзначана пахвальным водзывам на рэспубліканскім этапе. Вядома, перамагчы на рэспубліцы вельмі складана, бо спаборнічаюць лепшыя навучэнцы па прадмеце. Але і абласны этап мае высокі ўзровень канкурэнцыі. Таму, акрамя ведаў і ўменняў, вучню важна сабрацца, сканцэнтравацца, настроіцца на барацьбу. Вера ў сябе і поўная самааддача пры падрыхтоўцы — вось сакрэт поспеху ў любым пачынанні.
На пытанне, ці адчувае настаўніца гордасць за тое, што ўлюбіла вучняў у свой прадмет, Марына Францаўна сціпла прызнаецца, што ёй прыемна бачыць у гімназістах сваіх аднадумцаў.
— Я рада, што змагла зацікавіць вучняў геаграфіяй, — падсумоўвае М.Ф.Цвірко. — Неяк задумалася і спытала ў сваіх пераможцаў алімпіяд, ці задаволены яны тым, што выбралі геаграфію, або, магчыма, хацелі звязаць свой лёс з іншымі навукамі. Калі пачула, што яны ўдзячны мне за тое, што знайші сябе, я зразумела, што працую па прызванні.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





