Аляксандра Ладычына працаваць пачала яшчэ студэнткай, а праз чатыры гады атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю

- 9:03Главная, Образование

Што абумоўлівае паспяховую траекторыю развіцця маладога педагога — шукаем адказ разам з настаўніцай хіміі гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава Аляксандрай Ладычынай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прафесійнае партфоліа маёй суразмоўніцы чытаецца, нібы захапляльная кніга. Выпускніца педкласа аддала перавагу рэгіянальнаму ўніверсітэту, яшчэ студэнткай пачала працаваць у роднай гімназіі і ўжо на чацвёртым годзе работы была атэставана на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Настаўніца цікава вядзе заняткі з будучымі калегамі ў педагагічнай групе, ярка праяўляе сябе ў грамадскай дзейнасці і творчасці. Яе вучні — у ліку лепшых у горадзе знаўцаў хіміі, што пацвярджа­юць перамогі на раённым і абласным этапах рэс­публіканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і абласных дыстанцыйных алімпіядах па хіміі. У гэтым навучальным годзе педгрупа пад кіраўніцтвам Аляксандры Ула­дзіміраўны ўвайшла ў лік пераможцаў VII гарадскога фестывалю педагагічных класаў “Вектар поспеху”, стала лаўрэатам III раён­нага конкурсу сярод навучэнцаў класаў (груп) педагагічнай накіраванасці “Педагагічны клас — праект магчымасцей”.

У імкненні да высокіх вынікаў гімназісты бяруць прыклад з настаўніцы. Толькі за бягучы навучальны год Аляксандра Ладычына дабавіла ў прафесійную скарбонку перамогу на абласным конкурсе метадычных распрацовак маладых педагогаў “#маладыя_педагогі#new_generation”, выдатна выступіла ў складзе каманды Першамайскага раёна на абласным MeetApp для маладых педагогаў, дзе атрымала дып­лом І ступені ў конкурсе “Смарт-батл”. Аляксандра Уладзіміраўна вынікова прымае ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, нацэльвае моладзь на настаўніцкую справу ў ходзе дыялогавых пляцовак, удзельнічае ў раённым антынаркатычным праекце. Вопыт і аўтарскія метадычныя распрацоўкі яна паспяхова прэзентуе на навукова-практычных канферэнцыях, выставах і форумах, уключаючы рэспубліканскія і міжнародныя.

Нядаўна педагог удала дэбютавала ў ролі вядучай на ўрачыстай цырымоніі “Гімназіст года” (дарэчы, у ліку лепшых узнагароджаны і яе 10 “Б” клас), на свяце апошняга званка. Дарэчы, наша гераіня будзе весці і выпускныя вечары ў 9-х і 11-х класах. Акрамя таго, на пасадзе старшага выхавальніка яна рупліва рыхтуецца да адкрыцця летняга выхаваўча-аздараўленчага лагера для высокаматываваных дзяцей, які ў гімназіі традыцыйна арганізоўваецца ў чэрвені.

Матывацыя выбару

— Аляксандра Уладзіміраўна, напэўна, вы з педагагічнай сям’і?

— Не, у нашай сям’і я пакуль адзіны педагог. Сярод маіх родных многа моцных медыкаў, адпаведна, і мяне з дзяцінства пераважна арыентавалі на медыцыну як сферу дзейнасці. Аднак, калі мой выбар быў зроб­лены, сям’я яго прыняла і падтрымала. А маці тады ўпершыню прызналася: “Ведаеш, мне ў юнацтве не хапіла смеласці паступіць у педагагічны. Вельмі ганаруся табой і тваім рашэннем”.

— Што аказала вырашальны ўплыў на выбар прафесіі?

— Прыклад маіх настаўнікаў, іх вера ў мяне і, безумоўна, вучоба ў педагагічным класе. А яшчэ, думаю, педагогіка прыйшла ў маё жыццё праз творчасць. Многім у сваім станаўленні я абавязана Марыне Юр’евай. З ёй мы паглыблена зай­маліся прадметам, рыхтаваліся і перамагалі ў алімпіядах. Варта адзначыць, Марына Валянцінаўна двойчы ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”: у 2014-м стала лаўрэатам, а ў 2017-м перамагла ў намінацыі “Хімія. Біялогія”. З заміраннем сэрца я сачыла за яе конкурснымі выступленнямі, радавалася перамогам. Сёння разумею, што гэта таксама паўздзейнічала на мяне, паслужыла магутнай матывацыяй. Калі набіралі педклас, то, не раздумваючы, пайшла ў яго. Профільны факультатыў у нас вяла класны кіраўнік Марыя Пляшкова — моцная асоба, добры чалавек і прафесіянал найвышэйшай пробы. Значны ўплыў на мяне аказала педагог з музычнай школы Жанна Ільіна. Яна не толькі цудоўна выкладала, але і ўмела душэўна пагаварыць, тактоўна дапамагала разабрацца ў сабе. Па-мойму, гэта і вызначае сапраўднага настаўніка — шчырае імкненне і ўменне настроіць вучня, як музычны інструмент, каб атрымалася чыстае гучанне.

— Са скрыпкай назусім развіталіся?

— Скрыпка чакае дома. Хаця, прызнацца, цяпер рэдка атрымліваецца ўзяць яе ў рукі і пайграць, бо па часе звычайна цэйтнот. Гэта мой усвядомлены выбар. Затое ў канцы рабочага дня аналізую сваю дзей­насць і разумею, як сёння многа ўдалося здзейс­ніць і як многа яшчэ магу зрабіць. Усё наперадзе! Сваё прызванне я адчуваю менавіта ў настаўніцкай дзейнасці: як рыба ў вадзе, нідзе больш сябе не ўяўляю. Удзяч­на ўсім педагогам гімназіі, якія раней за мяне разглядзелі ўва мне будучага настаўніка і накіравалі на правільны шлях.

— Ці не перспектыўней было б з вашым стартавым партфоліа і рэкамендацыяй педсавета паступіць у сталічны ўніверсітэт?

— Можна было б так зрабіць. За перыяд вучобы ў педагагічным класе нас грунтоўна пазнаёмілі як з ВДУ імя П.М.Машэрава, так і з вядучымі ўніверсітэтамі Мінска, дзе ёсць профільныя спецыяльнасці. Той жа БДПУ мы неаднойчы наведвалі, удзельнічалі і перамагалі ў конкурсах, што праходзілі на яго базе — там насамрэч здорава. Але роднае бліжэй. Я гэта так адчуваю: на ра­дзіме ў чалавеку закладваецца тое, чаго ён ні­дзе больш не атрымае, куды б ні паехаў. Адзінае ў свеце месца, дзе твае карані, бу­дзе заўсёды цябе падсілкоўваць, тут свабодней дыхаецца. Нарэшце, з прагматычнага пункту погляду, магчымасці для развіцця ў студэнта ў ВДУ і настаўніка ў Віцебску не горшыя, чым у сталіцы.

Дваццаць з плюсам сонейкаў

— У студэнцкія гады вы плённа займаліся навуковай дзейнасцю. Не было намеру працягнуць кар’еру ва ўніверсітэце?

— Мяне запрашалі застацца. Я займалася даследаваннямі, надрукавала шэраг артыкулаў у розных выданнях, была адзначана прэміяй імя Якуба Коласа і дыпломам лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, універсітэт скончыла з чырвоным дыпломам. Навука — рэч магнетычна прыцягальная, яна цябе захапляе аднойчы і больш не адпускае. Аднак у маім выпадку пераважыла практыка. На трэцім курсе я прыйшла на практыку ў родную гімназію і адчула, што хачу застацца: завяршыць універсітэцкі этап і па­чаць новы, педагагічны — вучыць і выхоўваць дзяцей. А настаўніцкай працы ты або аддаешся поўнасцю, або не рэалізуешся. Зрэшты, мае студэнцкія навуковыя даследаванні мелі практычную накіраванасць. Напрыклад, мадэляванне хімічных паняццяў: як на ўроках можна паказаць складанае проста і зразумела, у тым ліку праз інфаграфіку. У гімназію я папрасілася пасля першай практыкі, аднак здзейснілася мая мара толькі ў наступным навучальным го­дзе. Неяк раптоўна, амаль будзённа: дырэктар Аляксандр Кісялёў запрасіў на субяседаванне і прыняў мяне на работу. Між іншым ён мяне на ўроках не бачыў, бо толькі нядаўна ўзначаліў калектыў. Абапіраўся на водзывы настаўнікаў і ўласнае ўражанне. Я гэта прыняла як максімальны давер маладому спецыялісту.

— З пэўнымі цяжкасцямі сутыкаецца кожны малады настаўнік. Якія з іх з уласнага вопыту вам адразу прыхо­дзяць на памяць?

— На першым уроку літаральна рукі трэ­сліся, крэйда падала пастаянна. На трэцім уроку прапаў голас. Тэорыю з методыкай я нядрэнна ведала, таму больш перажывала, як складуцца адносіны з вучнямі. Мне ў 20 гадоў даверылі 9 клас, розніца ва ўзросце невялікая… Што рабіць, калі не ўспрымуць мяне ўсур’ёз?! Хвалявалася дарэмна, на працягу тыдня асвоілася і грунтоўна ўзялася за работу. За мной замацавалі вопытных настаўнікаў, усе яны гатовы былі ў любы момант дапамагчы і нешта параіць. Вялікі стартавы бонус для маладога педагога — работа ў роднай установе адукацыі. Табе фактычна ўсё знаёма, ведаеш, да каго звярнуцца. У гімназію я прыйшла ў тым ліку з намерам давучыцца, бо бачыла, хто з настаўнікаў і што менавіта можа мне даць карыснага ў плане прафесійнага развіцця. Ранейшая практыка таксама дапамагла. Але практыка — гэта найперш вучоба, а работа — у першую чаргу вялікая адказнасць за дзяцей, іх лёс і будучыню.

— А калі размова пра класнае кіраў­ніцтва?

— Класным кіраўніком мяне прызначылі праз год пасля заканчэння ўніверсітэта, у 8 “В”. Тут была свая спецыфіка: сфарміраваны калектыў, пераходны ўзрост у дзяцей. За два гады яны сталі для мяне настолькі роднымі! Я іх называла “21 сонейка”, нас нібы звязалі нябачныя праменьчыкі, зваротная сувязь — з хуткасцю святла, часам нават без слоў. Многія з іх сёння ў маім 10 “Б”, дзе яшчэ больш сонечна: 27 навучэнцаў, з іх 15 — у педагагічнай групе. Разумею клас вельмі добра, бо нядаўна перажывала тое ж, што і вучні зараз. Вельмі хачу, каб яны не дапусцілі памылак у жыцці, каб іх самастойны шлях склаўся добра.

Стараюся часцей хваліць і не чытаць натацый, да кожнага шукаю падыход. Дзеці штодня дораць мне неверагодны пазітыў. Падтрымка, гарэзлівасць і адказнасць, якая фарміруецца на вачах, радасць сумеснага поспеху, нечаканы камплімент…

Не ліслівасць або фармальнае стаўленне, а давер. Хімія.

Кропкі росту

— Якія першыя крокі неабходны, каб атрымаць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю на чацвёртым годзе работы?

— Першыя крокі я зрабіла ўслед за сваімі настаўнікамі. Імпульс да развіцця заўсёды дае адметны вопыт, якому хочацца навучыцца. Затым ты адаптуеш яго ў сваёй практыцы, знаходзіш і дабаўляеш сваё. Ідзеш да выніку, і пры гэтым цябе захапляе сам працэс. Так успыхвае іскрынка, якая стане тваёй. У першы год атэставацца на другую кваліфікацыйную катэгорыю мне дазволілі чырвоны дыплом, любоў да работы і жаданне працаваць, першыя поспехі, падтрымка педагогаў і кіраўніцтва гімназіі. На другі год я ўжо эксперыментавала па поўнай, уключылася ў праекты, укараняла на ўроках метадычныя інавацыі.

— Прывядзіце прыклад.

— Выкарыстоўвала QR-коды, інтэрактыўныя лісты, папулярны ў моладзі TikTok. На яго калегі дастаткова часта наракаюць, але ж любы інструмент можна па-рознаму выкарыстоўваць. Я расказвала пра гісторыю хіміі, хімічныя элементы, прыво­дзіла цікавыя факты. Інакш кажучы, усімі сіламі імкнулася разбіць стэрэатып, нібыта школьны курс хіміі — складана і большасці вучняў наўрад ці спатрэбіцца ў жыцці. Гэта цалкам памылковы падыход! Няўжо нецікава і некарысна ведаць, скажам, якія хімічныя працэсы задзейнічаны ў гатаванні пернікавага доміка і як яны ўплываюць на арганізм чалавека? Або чаму водар хвоі выклікае навагодні настрой, чаму так смачна пахне апельсін? Проста не кожны чалавек разглядае інфармацыю, атрыманую на ўроках, з пункту погляду яе практычнага прымянення. Гледзячы на мяне, да даследаванняў далучыліся дзеці. Цяпер мы і штучны інтэлект уключылі ў актыў.

— Вяртаючыся да тэмы атэстацый: на трэцім годзе работы вы абараніліся на першую кваліфікацыйную катэгорыю. Хто прапанаваў вам паспрабаваць?

— Наш дырэктар. Мая рэакцыя была: чаму б не? У мяне ўжо быў назапашаны пэўны вопыт, калегі ўхвальна сустрэлі мае аўтарскія распрацоўкі. Адзінае, чаго засцерагалася, што, калі не атрымаецца, я страчу галоўнае — радасць працаваць, замкнуся ў сабе. Але падбадзёрвала вера ў мяне дырэктара і настаўнікаў: раз вераць, буду спрабаваць. Паспяхова прайшла атэстацыю, на чым збіралася часова спыніцца. Праўда, надоўга мяне не хапіла. Узялася збіраць напрацаванае ў адзіную сістэму. На сёння яна выбудавана і пастаянна дапаўняецца. Гэты навучальны год для нас з дзецьмі быў ураджайны на дасягненні, вясной я атэставалася на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Але развіццё павінна быць пастаянным. Меж дасканаласці няма: заўсёды паўстаюць новыя выклікі, новыя мэты.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара