Амаль 400 дыпломаў! Чаму настаўнік-метадыст па фізічнай культуры і здароўі не прыспешвае выхаванцаў «даваць вынік»

- 12:15Образование

На Хоцімшчыне з гордасцю гавораць пра мясцовых школьнікаў, якія не раз паспяхова выступалі ў фінале спаборніцтваў “Снежны снайпер” у Раўбічах. Рыхтуе ж юных спартсменаў да стартаў Аляксандр Сцепчанка — настаўнік-­метадыст па фізічнай культуры і здароўі Забялышынскай сярэдняй школы, ганаровы жыхар Хоцімскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Амаль 400 дыпломаў!

У Забялышын едзем з Хоцімска ў легкавушцы настаўніка, ён за рулём. У фармат падарожнай размовы паступова ўпісваюцца і мясцовыя краявіды-паселішчы. Мо сотні разоў ездзіў Аляксандр Мікалаевіч гэтым шляхам. У кастрычніку адсвяткаваў 60-годдзе, у Забялышыне працуе 37-ы год: з 15 жніўня ­1989-га. І менавіта “Снежны снайпер”, адзін з самых маштабных праектаў Прэзідэнцкага спартклуба, які падтрымлівае Беларуская федэрацыя біятлона, патрабуе ад настаўніка з глыбінкі такой актыўнасці: увесь час быць у руху і раз’ездах разам са школьнай камандай.

“Хутка будзем школу праяз­джаць, у якую я ха­дзіў, — звяртае ўвагу педагог, калі ­едзем па яго роднай вёсцы Трасціно. — Цяпер тут базавая школа: крыху больш за 20 вучняў. Пагаворваюць, будуць аптымізаваць і ў Забялышынскую дзяцей вазіць — а ў нас цяпер 52 вучні. А як прыйшоў працаваць, то больш за 180 школьнікаў было. Але ж цяпер мы заваёўваем спартыўных узнагарод значна больш, чым раней. Амаль усе дзеці ў асноўнай фізкультурнай групе, у тым ліку і дзякуючы спорту”.

Аляксандру Сцепчанку з дзяцінства палюбіліся заняткі фізкультурай. Футбол, шахматы, лыжы… Пасля Алімпіяды-80 быў, памятаем, усплёск цікавасці да спорту, і нават на насках лыж у Трасціне дзеці малявалі алімпійскага мішку. Дык Аляксандр і паступіў у Магілёўскі педінстытут імя А.А.Куляшова, стаў настаўнікам фізкультуры. Дарэчы, там жа вучыліся ў розныя гады і яго жонка, настаўніца пачатковых класаў Жанна Апанасаўна, і сын Ула­дзіслаў — калега бацькі з 1-й хоцімскай школы, і дачка — лагапед у адным з мінскіх дзіцячых садоў.

У юбілейную пару выхаванцы Аляксандра Сцепчанку не засмучаюць, паспяхова выступаюць у “Снайперы”. На трэцім, абласным этапе алімпіяды па фізкультуры і здароўі — 2025 Дзіма Таранаў заваяваў дыплом, што дапамагло яму стаць студэнтам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве. Годам раней меў дыплом Сцяпан Кучаравы, ужо другакурснік Белдзярж­універсітэта фізкультуры. Атрымліваецца, спорт — карысны сацыяльны ліфт, дзякуючы якому з вёскі можна добра стартануць “у людзі”?

“Вядома! — стрымана ўсміхаецца суразмоўнік. — Цяпер гэты “ліфт” і ў горадзе прынялі-зразумелі, таму нам цяжэй прабіцца. Тут менш магчымасцей, няма належнай базы і колькасці дзяцей, каб выбіраць таленты. У горадзе залы сучасныя, трэнеры, трэнажоры… А тут усё ты сам”. Ён мала спадзяецца на інтуіцыю — больш на веды, самаадукацыю, аналіз і ацэнку сітуацый. Шмат фактараў павінна гарманічна скласціся, каб, як кажуць, выстраліць у дзясятку. А ён тое здолеў зрабіць, дапамог адчуць радасць перамог дзясяткам хлопчыкаў і дзяўчынак з глыбінкі. Паводле падлікаў Аляксандра Сцепчанкі, 399 дыпломаў прывезлі яго выхаванцы ў Забялышын толькі з рэспубліканскіх стартаў.

І, вядома ж, карцела мне спытаць, ці плануе педагог у гэтым сезоне акругліць лічбу. Сцепчанка мудра так разважыў: “Да гэтага, па вялікім рахунку, я не імкнуся і анічога не магу тут гарантаваць. Спорт увогуле непрадказальны, а тым больш дзіцячы. Таму што будзе, тое будзе. Так мой досвед жыццёвы падказвае. Кажуць: вопыт добра ву­чыць, але задорага часам бярэ (усміхаецца). Ёсць у жыцці моманты, якія кожны павінен сам зразумець і прайсці: ніхто не скажа, не падкажа”.

Сын Уладзіслаў — першы чэмпіён

Як удалося Аляксандру Сцепчанку адчуць у грамадстве запыт на падрыхтоўку “снежных снайпераў”? Як ён змог наладзіць справу так, што яго выхаванцы прарываюцца ва ўсебеларускі фінал, змагаюцца за перамогі ў Раўбічах?

“Я ўжо быў не малады спецыяліст, але яшчэ са спадзяваннямі-планамі, калі пачыналіся ў 2006/2007 навучальным го­дзе старты “Снежнага снайпера”, — прыгадвае настаўнік. — І мы, як кажуць, ірванулі: дзеці трапілі ў склад абласной каманды, сярод іх і мой сын Уладзіслаў. Ён быў першым чэмпіёнам Беларусі ў “Снежным снайперы” ў старэйшай узроставай групе. І гэта быў добры стымул, каб рухацца далей. Потым былі спаборніцтвы дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу па праграме “Здароўе” — і там, ужо маючы загартоўку, мы паспяхова выступалі. Дзеці перамагалі ў зімовых спаборніц­твах “Абаронца Айчыны”. А за ўсім гэтым стаяла сістэмная, штодзённая праца”.

Дарэчы будзе сказаць: не проста праца фізічная, да салёнага поту, як у вёсцы кажуць. Гэта і праца душы, загартоўка духу, станаўленне характараў юных патрыётаў, якія пасля школы ідуць працаваць і ў сілавыя органы, і ў ратавальнікі, а некаторыя, у тым ліку і Ула­дзіслаў Сцепчанка, становяцца настаўнікамі фізкультуры. Пэўна, з улікам і такіх дасягненняў Аляксандр Сцепчанка ўшанаваны медалём Францыска Скарыны за значны ўклад у развіццё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу падрастаючага пакалення.

Мастацтва дыялогу

“Снежны снайпер” цікавы для школьнікаў: можна і асабіста сябе праявіць, і ў каман­дзе. Хоць, разважае настаўнік, па натуры мы ўсе крыху эгаісты, але ж праца ў камандзе дае дадатковы імпульс, каб выкладвацца на ўсе сто. “Усіх вучу ў меру іх здольнасцей і магчымасцей, — гаворыць Сцепчанка. — Але заўважаў: калі трэба цягнуць “за каманду”, то дзеці здольныя на подзвіг, праяўля­юць камандны дух. І ўжо не толькі за сябе — за каманду ёсць адказнасць”.

Метадычных рэкамендацый адносна нюансаў падрыхтоўкі юных забялышынскіх спартсменаў Аляксандр Сцепчанка не дае. Але прызнаецца, што таленты заўважае яшчэ з дзіцячага сада: “Сцежка да школы з нашага дома побач. Як вісіць хто на дрэве ці на плоце, бегае-носіцца шмат — о, гэта ўжо добрыя задаткі. Такія дзеткі трапляюць у поле маёй увагі”.

Вядома ж, для раскрыцця патэнцыялу дзіцяці патрэбны гады работы. Каб справа рухалася ў належным кірунку, важна ўлічваць розныя вектары сіл. Скажам, бацькоўскі. “Без паразумення з імі нічога сур’ёзнага ў дзіцячым спорце не атрымаеш, — разважае Аляксандр Сцепчанка. — Без іх разумення і згоды мы з дзіцем анічога не зможам ні выра­шыць, ні зрабіць. Чаму? Гэта хоць і дзіцячы, але сур’ёзны спорт, які патрабуе самааддачы і працы. Асабліва лыжаролерная пад­рыхтоўка: там хуткасці, дзеці падаюць, часам у кроў збіваюць калені, локці — не заўсёды ж удала спрацоўвае абарона. Бываюць мікратраўмы, і тое як дзецям, так і бацькам трэба прыняць і перацярпець. Так што ёсць і такі важны аспект у настаўніцкай працы, у падрыхтоўцы чэмпіёнаў, як мастацтва дыялогу з бацькамі”.

З улікам абставін, сіл і магчымасцей

Імкнучыся да перамог, вышынь, не варта забываць, што дзіцячы спорт — гэта найперш важны элемент развіцця юнага арганізма,  лічыць Аляксандр Сцепчанка. Школьнікі, далучаныя да спорту, умацоўваюць сілы, характар, атрымліваюць веды, напрацоўваюць вопыт. І прахо­дзяць загартоўку духу. “Я ніколі не патрабую: дай мне вынік! — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі настаўнік. — Часам, можа, занадта мякка да яго падводжу. Бо асноўны паказчык нашай работы — гэта не ўзнагароды, а здаровыя дзеці. Я ж, бывае, і з першага класа ўжо некага ў каманду бяру, а ў 4-м у мяне дзеці ўжо на рэспубліцы выступа­юць”.

Поспехі юных спартсменаў спрыяюць развіццю спорту ў школе. Аляксандр Сцепчанка паказаў пакоі з лыжамі, вінтоўкамі, лыжаролерамі, формай… Колькі ўсяго патрэбна для дасягнення выніку! Нават Забялышынскі Савет дэпутатаў, у складзе якога і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Жураўлёва, падключыўся, каб зрушыць справу з прышкольнай варкаўт-пляцоўкай. Новенькая, восенню ўзвялі. Мясцовая гаспадарка “Бабуліна падвор’е” дапамагае школе і яе камандзе.

У зладжанай калектыўнай працы і куюцца школьныя перамогі. А каму цікава, як гэтым разам пройдуць старты ў Раўбічах, — глядзіце тэлетрансляцыі са “Снежнага снайпера — 2026”. Увесь Хоцімскі раён звычайна ў такі час хварэе за сваіх: дзіцячы біятлон — гэта вельмі цікава!

 Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара