Рэктар БДУ: штучны інтэлект — памочнік, паскаральнік і ў той жа час траянскі конь

- 9:00Главная, Образование

Як можна прымяняць сэрвісы штучнага інтэлекту ў эўрыстычным навучанні, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў рэктар БДУ Андрэй Кароль.

З апорай на свой патэнцыял

— Андрэй Дзмітрыевіч, на ваш погляд, штучны інтэлект сёння больш дапамагае ці перашкаджае адукацыйнаму працэсу?

— Штучны інтэлект — гэта, бясспрэчна, своеасаблівы памочнік, які аблягчае шматлікія працэсы. Але для мяне як педагога і вучонага, які займаецца пытаннямі раскрыцця асобы, распаўсюджванне штучнага інтэлекту выклікае небяспеку. Я бачу, пішу і гавару, што гэта глабальныя рызыкі для ўсяго чалавецтва. Гэтая праб­лема значна глыбейшая, чым масавае выкарыстанне гаджэтаў і жыццё ў сацыяльных сетках.

Зараз штучны інтэлект — праблема больш высокага ўзроўню, якая закранае нейрасеткавыя сістэмы. Навукай ужо даказана, што ў чалавека ад яго выкарыстання змяншаюцца кагнітыўныя здольнасці, пачынаецца атрафіраванне асноўных мускулаў — інтэлектуальных і фізічных. Эканомячы на цяжкасцях, чалавек эканоміць на сваім развіцці.

Сёння ШІ ўспрымаюць як пасрэдніка паміж чалавекам і навакольным светам. Гэта прыво­дзіць да таго, што, хочам мы таго ці не, але пачынаем думаць, як ён, і набываць пэўныя рысы яго мыслення. А яно дыскрэтнае, не стваральнае і прыводзіць да аднолькавых меркаванняў. Чалавек жа — бясконца шматгранная істота. Але я не гавару, што варта вярнуцца назад у пячору і здабываць ежу з дапамогай крэменю, не выкарыстоўваючы дасягненні цывілізацыі. Безумоўна, важна працаваць з рукатворным інтэлектам, гэта добры памочнік, але і вельмі небяспечны траянскі конь.

Да таго ж штучны інтэлект выконвае ролю паскаральніка. За адзінку часу ён паскарае працэс пошуку і апрацоўкі інфармацыі. У той жа час ШІ ліквідуе іншасць. Будучы пасрэднікам паміж чалавекам і навакольным светам, ён набывае ўсё большае значэнне ў камунікацыях. Але хочам мы таго ці не, у гэтых камунікацыях мы пачынаем думаць як штучны інтэ­лект. Школьнік або студэнт, які выконвае заданне з яго выкарыстаннем, можа атрымаць дзясятку, а той, хто робіць сам, грунтуючыся на сваіх ведах і здольнасцях, — “сем” ці “восем”. Такім чынам ШІ вядзе да матывацыі і аднолькавасці. Толькі там, дзе ёсць роз­насць меркаванняў, існуюць сэнсы і патэнцыял для развіцця. А вось адсутнасць разнастайнасці і немагчымасць стварэння новых сэнсаў робяць падобнымі механізмы штучнага інтэлекту і механізмы масавай адукацыі.

На жаль, сёння мы можам назіраць, што ў вучняў няма намагання ствараць “сваё”, яны накіраваны на рэтрансляцыю “чужога”, бо ў час навучання не ўлічваецца суб’ектнасць вучня, ён пазбаўлены магчымасці ставіць мэты ў вучэбным пазнанні і выступае слухачом, а не стваральнікам сваёй індывідуальнай адукацыйнай траекторыі.

Штучны інтэлект, як і флэшка з вялізнымі аб’ёмамі гатовых і правільных ведаў, замяняе гадзіны разваг, спроб чалавека знайсці патрэбнае рашэнне. Атрымаць — не значыць стаць адукаваным. Атрымаць звонку лягчэй, чым вырасціць знутры. У абмежаванні сябе на шляху нараджаецца самасць, якая дае ключ да разумення сваёй місіі і прызначэння. А таму ў аснове функцыянавання штучнага інтэ­лекту, як і ў маналагічнай адукацыі, няма стварэння, а ёсць толькі арыфметычны алгарытм падліку і апрацоўкі даступнай інфармацыі. Змяненне характару адукацыі з маналагічнага, “адбівальнага” на дыялагічны грунтуецца на прадастаўленні вучню магчымасці спазнаваць навакольны свет, зыходзячы з яго асобасных асаблівасцей.

Эўрыстыка і ШІ

— Вы прыхільнік эўрыстычнага навучання. Ці можна ў ім выкарыстоўваць сэрвісы штучнага інтэлекту?

Эўрыстычнае навучанне дазваляе ўсіх навучаць аднолькава, але па-рознаму, яно грунтуецца не на атрыманні гатовай і правільнай інфармацыі, а на стварэнні вучнем свайго ўласнага адукацыйнага прадукту, адрознага ад вынікаў іншых вучняў. Для яго стварэння вучань вывучае рэчаіснасць, супастаўляе свае вынікі з культурна-гістарычным аналагам і дасягненнямі чалавецтва. У гэтым дыялогу “свайго” і “чужога” навучэнец вучыцца ставіць мэты, задаваць пытанні, рэфлекса­ваць. Дзякуючы гэтаму вучань адначасова атрымлівае і матэрыяльны вынік у форме эсэ, графікаў, сачыненняў, і ўнутраны — у выглядзе прырашчэння навыкаў крэатыўнасці, пазнавальнасці, здольнасці правільна ставіць пытанні.

Немагчыма самарэалізавац­ца, калі ты бярэш гатовую і правільную інфармацыю. Гэтак жа немагчыма самарэалізоўвацца праз перайманне і капіраванне. Дапамагаючы педагогу і вучню вырашаць адукацыйныя задачы, штучны інтэлект тым самым пазбаўляе іх магчымасці да самазмянення і пераадолення сваіх меж. 

Адначасова ва ўмовах эўрыстычнага навучання можна даволі эфектыўна выкарыстоў­ваць сэрвісы ШІ. Важна праца­ваць з новымі лічбавымі рэсурсамі, але абавязкова ўлічваць усе рызыкі і небяспекі ў дачыненні да фарміравання крэатыўнай асобы і запатрабаваных сёння прафесійных якасцей. Прывя­дзём прыклад эўрыстычнай гульні. Вы даследуеце адно загадкавае злачынства. Злачынцы выкралі рэдкія хімічныя ўзоры і збіраюцца зрабіць з іх страшную зброю. Задайце пытанні Perplexity, каб зразумець: матывы злачынства, састаў хімікатаў, імёны магчымых злачынцаў. Асцярожна: адказы патрабуюць вашага аналізу і погляду пад рознымі вугламі! Сістэма можа ўводзіць вас у зман, будзьце пільнымі і дакладнымі ў вашых пытаннях.

Назіранні за вучнямі падчас эксперымента прывялі нас да наступнай высновы: складанне пытанняў мабільнаму дадатку не выклікала псіхалагічнага дыскамфорту, навучэнцы паводзілі сябе на занятках актыўна, пагружаючыся ў працэс зносін з ШІ і спрабуючы знайсці разгадку гульні.

— Як штучны інтэлект спрыяе развіццю патэнцыя­лу вучня?

— Той факт, што штучны інтэлект можа выступаць памочнікам вучня ў яго дыялогу з іншым вучнем і настаўнікам, цалкам апраўданы і нясе ў сабе вялікія магчымасці. Але каб ву­чыць школьнікаў, студэнтаў крытычна мысліць, неабходны педагогі з новым бачаннем адукацыйнага працэсу. Такія кампетэнцыі і фарміруе эўрыстычнае навучанне на аснове дыялогу. Гэты падыход дазваляе выкладчыку быць распрацоўшчыкам інавацыйных адукацыйных праграм, інтэрактыўнага кантэнту з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.

Аднак выкладчык пры эўрыстычным падыходзе да навучання не з’яўляецца ісцінай у апошняй інстанцыі, а толькі выступае арганізатарам прадукцыйнага вучэбнага працэсу, стварае ўмовы для самарэалізацыі кожнага вучня. І вось тут ШІ становіцца памочнікам вучня на шляху выбудоўвання ім індывідуальнай адукацыйнай траекторыі. Гаворка ідзе пра магчымасць параўноўваць сваё з чужым, выступаць апанентам і суразмоўцам пры абароне свайго сцвярджэння. Бо штучны інтэлект здольны не толькі даваць, але і дапама­гаць вучню вырасці, спрыяць вызначэнню яго місіі, пастаноўцы мэт і пытанняў. Такім чынам, лічбавая інавацыя можа накіра­ваць на пабудову індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, пасля чаго акцэнт у зносінах перамяшчаецца з сістэмы “вучань — вучань”, “вучань — настаўнік” на “вучань — штучны інтэлект”.

Толькі там, дзе ёсць рознасць меркаванняў, існуюць сэнсы і патэнцыял для развіцця.

Выкладчык пры эўрыстычным падыходзе да навучання не з’яўляецца ісцінай у апошняй інстанцыі, а толькі выступае арганізатарам прадукцыйнага вучэбнага працэсу, стварае ўмовы для самарэалізацыі кожнага вучня.

Выкладчык новай фармацыі

— Андрэй Дзмітрыевіч, а якім павінен быць эўрыстычны выкладчык?

— Каб вучыць студэнтаў думаць крэатыўна і крытычна, неабходна змена пазіцыі выкладчыка, які павінен рэалізавацца ў якасці:

  • распрацоўшчыка вучэбных праграм і інтэрактыўнага адукацыйнага кантэнту, які ўключае ў сябе задачы выкарыстання ШІ;
  • індывідуальнай адукацыйнай траекторыі навучэнца, які садзейнічае персаналізацыі адукацыйнага працэсу і вызначае вучэбныя задачы, адаптаваныя да патрэб кожнага вучня, яго ўзроўню ведаў і здольнасцей;
  • віртуальнага трэнера, які прадастаўляе зваротную сувязь, і арганізатара дыялогу студэнта са штучным інтэлектам.

Вызваліўшы час ад пастаноўкі і праверкі рашэння руцінных задач, выкладчык можа засяро­дзіць намаганні на праектаванні заданняў крэатыўнага характару, а таксама выступіць арганізатарам мэтавызначэння і рэфлексіі студэнта, накіраваных на развіццё яго ўменняў планаваць, аналізаваць, фіксаваць і ацэньваць уласнае адукацыйнае прырашчэнне.

Сёння ў БДУ распрацавана і рэалізуецца інавацыйная праграма павышэння кваліфікацыі. Аргдзейнасная форма семінараў заснавана не на традыцыйным слуханні, а на дзейнасці: кожны ўдзельнік праз пастаноўку ўласных мэт, выкананне адкрытых заданняў, рэфлексію распрацоўвае свой адукацыйны прадукт (напрыклад, камплекты эўрыстычных заданняў, сцэнарыі заняткаў, крытэрыі ацэньвання і інш.), асвойвае тэхналогію стварэння адкрытых заданняў, тэхналогію эўрыстычнага навучання ў рамках вучэбных праграм па розных дысцыплінах, у тым ліку ў дыстанцыйным навучанні.

Прайшоўшы семінарскае навучанне, выкладчык становіцца іншым: пачынае ствараць новы змест навучання, мяняецца сам, гатовы дзейнічаць нестандартна, развівае свае пазнавальныя, крэатыўныя, арганізацыйныя якасці. З такім багажом ён здольны дапамагчы праявіцца, раскрыцца і рэалізавацца студэнту.

Дарэчы, у БДУ паспяхова працуе і сістэма крэатыўнай адукацыі. Яна накіравана на ўкараненне інавацыйных адукацыйных тэхналогій, якія забяспечваюць індывідуалізацыю адукацыйнай траекторыі навучэнцаў і дыялагічнасць вучэбнай камунікацыі. Дзеля гэтага з 2018 года ў БДУ актуалізаваны змест адукацыйных стандартаў спецыяльнасцей, вучэбных планаў і праграм. Рэалізацыя сістэмы крэатыўнай адукацыі прадугледжвае і спецыяльную падрыхтоўку выкладчыцкага складу. Каля тысячы выкладчыкаў прынялі ўдзел у інавацыйнай праграме павышэння кваліфікацыі “Методыка навучання праз адкрыццё: як вучыць усіх па-рознаму, але аднолькава”. Вынікамі гэтага навучання сталі аўтарскія метадычныя распрацоўкі. Сёння ў актыве выкладчыкаў нашага ўніверсітэта больш за 4,2 тысячы вучэбных праграм, якія змяшчаюць апісанне крэатыўных падыходаў да выкладання.

— Вялікі дзякуй за цікавую размову!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва БДУ