Атамклас — адзін у нас!

- 12:31Гродзеншчына

“Атамклас: разам у будучыню”— такі надпіс сустракае наведвальнікаў незвычайнага класа, што размясціўся ў сярэдняй школе № 3 Астраўца. У кабінеце стаіць рабочы гул, з аднаго яго боку на сталах робаты, сабраныя навучэнцамі з канструктара Lego, якіх школьнікі імкнуцца запраграмаваць, з другога боку задзейнічаны планшэты, датчыкі лічбавай лабараторыі. Дзеці вывучаюць новую тэму, робяць здагадкі, выводзяць заканамернасці. Педагогі вучаць іх інжынернай думцы, навуковаму падыходу. А ў вачах школьнікаў — непадробная цікавасць і радасць ад новых адкрыццяў. Відаць, што падобныя заняткі ім па душы.

Дырэктар школы Людміла Сасноўская.

Сярэдняя школа № 3 Астраўца — самая маладая ў раёне, адкрылася некалькі гадоў назад і разлічана на 765 навучэнцаў. Сучасныя вучэбныя памяшканні, вялікая сталовая, утульная актавая зала, аснашчаныя па апошнім слове спартыўная зала і цэлы комплекс спартыўных пляцовак на тэрыторыі ўстановы, бясспрэчна, робяць вучобу прыцягальнай.

— Галоўнай мэтай нашай установы адукацыі з’яўляецца фарміраванне здаровай і паспяховай асобы з устойлівай грамадзянскай пазіцыяй — грамадзяніна, які прыносіць рэальную карысць грамадству, які здольны знайсці і заняць сваё месца ў жыцці, з высокімі навыкамі зносін, — адзначае дырэктар школы Людміла Сасноўская. — У школе працуюць як вопытныя педагогі, так і маладыя спецыялісты, таму нам удаецца сумяшчаць новыя ідэі са шматгадовым вопытам, крэатыў з мудрасцю. Такое супрацоўніцтва прыносіць плён. Сфарміравалася моцная кафедра англійскай мовы (Таццяна Слівенка, Ганна Зубава, Вольга Сенькавец, Валерый Кулеш, Вольга Глушкоўская): навучэнцы 7—9 класаў сталі ўладальнікамі дыпломаў раённых алімпіяд. Тэатральная трупа класаў Soul — пераможцы раённага этапу конкурсу тэатраў на замежнай мове. На базе ўстановы працуюць курсы англійскай мовы для дарослых і дзяцей L-ingva пад кіраўніцтвам Вольгі Сенькавец.

Ва ўстанове арганізавана навучанне старшакласнікаў па прафесіі “Афарміцель мастацкіх работ”. Навучэнцы сумесна з педагогам рэгулярна арганізоўваюць тэматычныя мастацкія выставы, удзельнічаюц­ь у творчых конкурсах (сёлета адзінаццацікласнікі сталі пераможцамі штогадовага раённага конкурсу арыгінальных касцюмаў “Сілуэт”).

Адметнасцю школы з’яўляецца рэсурсны цэнтр “Мірны атам”, які дазваляе навучэнцам бліжэй азнаёміцца з ядзернай энергетыкай, прынцыпамі работы атамных электрастанцый, а тым, хто хоча звязаць з ёй сваю працоўную дзейнасць, лепш падрыхтавацца да паступлення.

Летась у лістападзе пры падтрымцы АТ “Канцэрн Расэнерга­атам” у школе быў адкрыты першы ў нашай краіне атамклас. Школа з Астраўца ўступіла ў сетку атамкласаў і школьных тэхнапраектаў у межах праекта “Школа Расатама”. Работа па стварэнні такога класа пачалася ў снежні пазамінулага года: менавіта тады ў Астравец прыехалі куратары з канцэрна “Расэнергаатам”. Пазней настаўнікі азнаёміліся з работай падобных цэнтраў у расійскіх школах. Практычна ўсе сродкі на закупку абсталявання (а гэта сучасныя лабараторныя і дэманстрацыйныя прыборы, лічбавае лабараторнае абсталяванне з планшэтамі) былі выдзелены са спецыяльнага фонду па праекце “Школа Расатама”.

—   Атамклас прызначаны не толькі для канкрэтных вучняў, якія ў будучыні захочуць працаваць на атамнай станцыі. Гэта глабальны праект для ўсёй школы, прычым не толькі нашай. Кіраўніком праекта ва ўстанове з’яўляецца настаўніца матэматыкі Вольга Алейнікава, — тлумачыць Людміла Сасноўская.

Атамклас размясціўся ў асобным кабінеце, дзе раней вучні займаліся інфарматыкай. Яго абсталявалі лічбавай лабараторыяй для пачатковай школы. Тут вучні асвойваюць асновы фізікі, хіміі і біялогіі, набываюць навыкі даследавання і выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для пазнавальных мэт. Малодшыя школьнікі вывучаюць прыкладныя камп’ютарныя тэхналогіі, базавыя праграмы Microsoft Office, мультымедыйныя дадаткі, вучацца ствараць прэзентацыі, рэфераты. Сярод абсталявання класа звяртае на сябе ўвагу планшэтны стол, на якім пачаткоўцы займаюцца з вялікім задавальненнем. У прыладз­е ўстаноўлены дзясяткі вучэбных праграм, якія ахопліваюць розную тэматыку, пачынаючы з вывучэння літар і заканчваючы займальным знаёмствам з правіламі дарожнага руху. Заняткі з вучнямі пачатковай школы ў атамкласе дапамагаюць педагогам выяўляць тых, хто схільны да тэхнічных навук, спрыяць іх развіццю.

У аб’яднанні па інтарэсах сямікласнікі працуюць па праграме “Месячная адысея”, распрацаванай маскоўскімі педагогамі ў садружнасці з карпарацыямі Раскосмас і АРКК, а таксама Lego Education. Заняткі праходзяць раз на тыдзень і доўжацца 2 гадзіны. Закуплены спецыяльныя канструктары, прызначаныя для канструявання і праграмавання робатаў, і з іх дапамогай навучэнцы спасцігаюць асновы робататэхнікі і паралельна знаёмяцца з блізкім космасам.

Васьмікласнікі асвойваюць фізіку на паглыбленым узроўні, таму праводзяць лабараторныя работы з дапамогай спецыяльнага дэманстрацыйнага абсталявання. Напрыклад, заданні дзеці выконваюць у лічбавай лабараторыі профільнага ўзроўню. А для даследчых і праектных работ па фізіцы, біялогіі, хіміі выкарыстоўваюць пераносную лабараторыю SenseDisc. З дапамогай яе школьнікі могуць ставіць эксперыменты і ў кабінеце, і на вуліцы.

Старшакласнікі вучацца 3D-мадэляванню. 3D-прынта­р выкарыстоўваецца для вывучэння трохмернай графікі і трохмерных тэхналогій, развіцця прасторавага мыслення, інжынерных і дызайнерскіх здольнасцей школьнікаў. Ужо цяпер адзінаццацікласнікі дасягаюць прыкметных поспехаў. З дапамогай прынтара дзеці ўжо надрукавалі падсвечнікі, вазы, мадэль атама са святлоадбівальнага пластыку.

Педагогі і навучэнцы цесна супрацоўнічаюць з расійскімі гарадамі па абмене вопытам работы і ўдзеле ў праектах, вучацца ў анлайн-інтэрнатурах. Так, навучэнцы рабілі відэа для творчага праекта “Майстэрня SounDrama”, у якім удзельнічаюць дзеці з Расіі, Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Маскоўскія рэжысёры адабралі тых, з кім гатовы на працягу двух тыдняў працаваць і зняць маштабную дакументальную кінастужку.

— Удзел школы ў праграме “Атамкласы” дазволіў стварыць інавацыйнае адукацыйнае асяроддзе, трансфармаваныя прасторы, інтэрактыўныя зоны для прэзентацыі адукацыйных вынікаў, сучасныя дэманстрацыйныя комплексы. У дзяцей з’явіліся магчымасці паглыбленага вывучэння прадметаў прыродазнаўчанавуковага цыкла. Яны таксама могуць займацца праектна-даследчай дзейнасцю па-за базавым курсам фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, — падкрэслівае Людміла Сасноўская. — Магчымасцей сапраўды шмат, галоўнае, каб у дзяцей было жаданне. Вядома, і роля педагогаў вялікая — зацікавіць, улюбіць дзяцей у свой прадмет, праводзіць заняткі нестандартна, адысці ад традыцыйных урокаў. А ў атамкласе па-іншаму і немагчыма працаваць. На падрыхтоўку да заняткаў патрабуецца шмат часу, але мэта апраўдвае сродкі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.