Мясцовыя энтузіясты адрадзілі амаль тры дзясяткі розных відаў традыцыйных тэхналогій, у тым ліку ажурнага ткацтва і спіральнага пляцення, элементы якіх уваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Пра гэта і не толькі даведаліся падчас прэс-туру “Настаўніцкай газеты” ў Гарадоцкі раён.
Кераміка, спеўныя акарыны, павукі-пяціграннікі
Члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Васіль Сіманковіч і Ірына Шалаева перадаюць сакрэты майстэрства навучэнцам Гарадоцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. У абаіх у прафесійным партфоліа — штогадовыя перамогі вучняў на абласным і рэспубліканскім этапах такіх вядомых конкурсаў, як “Прывітанне, свет!”, “Калядная зорка”, “На добрую памяць”, “Нашчадкі традыцый”.

— Асноўны напрамак работы гэтых педагогаў — гліняная кераміка, пляценне з лазы і саломы, — расказала метадыст ЦДіМ Тамара Сямёнава. — Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах, якія яны вядуць, карысныя для дзяцей не толькі ў выхаваўчым аспекце, але і для развіцця дробнай маторыкі, творчых здольнасцей і фантазіі, прасторавага мыслення. З прагматычнага пункту погляду — для дадатковага заробку ў перспектыве, бо той жа кошык можна сплесці і на продаж.
Безумоўна, галоўным застаецца выхаванне. Можна, канечне, пачытаць пра народныя традыцыі і промыслы ў кніжцы або ў інтэрнэце, даведацца ад настаўніка ў школе. Аднак будзе зусім іншы эфект, калі навучэнец літаральна возьме ў рукі народную спадчыну, адчуе сябе яе носьбітам, пераемнікам. Тады ў адзіны ўзор гарманічна сплятаюцца фарміраванне асобы патрыёта і грамадзяніна, працоўнае выхаванне, гордасць і адказнасць за давераную справу. Матывацыя да навучання ў дзяцей высокая. Вучні арыентуюцца на любімых педагогаў. Істотным момантам, які ўплывае на камандны вынік, з’яўляецца цеснае ўзаемадзеянне з установамі культуры. У прыватнасці, мы плённа супрацоўнічаем з нашым Домам рамёстваў і фальклору.
Практычныя заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах спалучаюцца з даследчай дзейнасцю. За параўнальна невялікі час у цэнтры рэалізаваны шэраг праектаў, прысвечаных мясцовым народным промыслам. Пад кіраўніцтвам Ірыны Мікалаеўны дзеці вывучалі асаблівасці характэрных для Гарадоччыны гліняных свістулек на ножцы, спеўных акарын, ганчарных вырабаў з адметнымі формамі, спосабамі апрацоўкі і дэкарыравання. Адзін з нядаўніх вучнёўскіх праектаў, выкананы пад кіраўніцтвам Васіля Паўлавіча, — даследаванне аўтэнтычных гарадоцкіх саламяных павукоў, дзе асноўны элемент — не чатырох-, а пяціграннік. Вынікі даследаванняў інтэгруюцца ў праграмы аб’яднанняў па інтарэсах. Сёлета Ірыне Шалаевай і Васілю Сіманковічу прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Дарэчы, яны актыўна дзеляцца вопытам не толькі з падрастаючым пакаленнем, але і з педагогамі і ўсімі жадаючымі праз майстар-класы і тэматычныя семінары.
На сцежках лясных
Вобразна кажучы, дашкольныя лясніцтвы нашай краіны выраслі ў дзіцячым садзе № 1 Гарадка на звычайным газоне. Аднойчы замест яго педагогам захацелася стварыць штосьці карыснае для дзетак і адзінае ў сваім родзе. Сярод выказаных прапаноў найбольшую цікавасць выклікала дашкольнае лясніцтва.
Быў складзены праект, дэталёва распісаны план работы на год. Калектыў заручыўся падтрымкай бацькоў і накіраваў сваіх прадстаўнікоў у Гарадоцкі лясгас. Там здзівіліся, але ацанілі ідэю і ўзялі шэфства над дашкольнай установай. У пачатку ліпеня 2021 года 11 выхаванцаў у новенькай форме перад усім дзіцячым садам, бацькамі і шматлікімі ганаровымі гасцямі далі ўрачыстую клятву юных сяброў лесу. Ім павязалі зялёныя гальштукі, выдалі пілоткі і спецыяльныя значкі. Дружныя “Пчолкі” (так называлася група) сталі ляснымі. Гарадоцкую ініцыятыву неўзабаве падтрымала ўся краіна.

— На месцы згаданага газона мы абсталявалі пляцоўку для назіранняў, падзеленую на некалькі зон: лясных ягадных кустоў, духмяных траў, лесаўтваральных парод, прыродазберажэння і эксперыментаў, — пракаменціравала загадчыца дзіцячага сада Наталля Міхайленка. — Пад кіраўніцтвам педагогаў дзеці знаёмяцца з карыснымі ўласцівасцямі духмяных траў, вучацца рабіць смачныя напоі. Ягаднік штогод радуе ўраджаем. Брусніцы спраўна пладаносяць, буякі падрастаюць, маліны проста шыкоўныя! У рамках дзейнасці папячыцельскага савета бацькі дапамаглі абсталяваць на нашай тэрыторыі экаальтанку, у цёплы сезон тут праходзяць практычныя заняткі па праектах. Тыя хваёвыя дрэўцы, што вы бачыце зараз, — з другой партыі зялёных насаджэнняў, закладзенай мінулай вясной. А першыя ўпрыгожваюць знакавыя мясціны горада, дзе мы іх высадзілі да 80-годдзя Перамогі. Нашы дрэвы растуць таксама ля сярэдняй школы № 1 імя І.Х.Баграмяна, сацыяльна-педагагічнага цэнтра і дамоў, дзе пражываюць мнагадзетныя сем’і нашых выхаванцаў.
Вяртаючыся да гісторыі дашкольнага лясніцтва: летняй пляцоўкі энтузіястам стала мала, і яны абсталявалі зімовую. Потым падобныя з’явіліся ў іншых рэгіёнах, але першапраходцам зноў жа быў Гарадок. У зімовай лабараторыі дзеці, напрыклад, разглядаюць, як з насення, жолуда ці каштана прабіваецца будучае дрэва, назіраюць за парасткамі пад мікраскопам, замалёўваюць усё гэта ў дзённіках. Расліны размяшчаюць у міні-цяплічках, затым іх перасаджваюць на вуліцу: так на летняй пляцоўцы з’явіліся блакітныя елкі, туі і горныя сосны. Да таго ж на тэрыторыі сада заклалі міні-дэндрарый. Яшчэ адно добрае пачынанне, якое ператварылася ў традыцыю, — выпускнікам перадаюць вырашчаныя імі ў дашкольным лясніцтве дрэвы, каб яны пасадзілі іх разам з бацькамі каля дома або ў любым іншым месцы і не забывалі даглядаць.
Варта дадаць, што ў дзіцячым садзе некалькі гадоў працуюць лабараторыя, дзе прывіваюць цікавасць да інжынерных прафесій з арыентацыяй на космас, унікальны музей, ад наведвання якога госці ў Дзень беларускага пісьменства — 2023 былі ў захапленні, і пляцоўка па рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Гуляем у футбол”. Калектыў паспяхова ўдзельнічае ў раённым праекце “Захаваем і прымножым лясныя насаджэнні”, комплексным адукацыйным праекце “Зялёныя школы”. У найбліжэйшых планах — сумесны выезд педагогаў, выхаванцаў і іх бацькоў на рэспубліканскую акцыю “Дай лесу новае жыццё!”. У бягучым навучальным годзе, акрамя працягу распачатай работы, запланавана рэалізаваць некалькі новых ідэй. Статус абавязвае трымаць высокую планку, бо на піянераў раўняюцца тыя, хто крочыць следам.
Тэрыторыя роўных магчымасцей
Побач з будынкам Гарадоцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі адразу прыцягвае ўвагу дзіцячая пляцоўка. Сучасны гульнявы комплекс з мяккім гумавым пакрыццём, арэлямі, каруселямі, разнастайнымі вучэбнымі стэндамі і ўтульным домікам-альтанкай для ролевых гульняў даступны для ўсіх і карыстаецца папулярнасцю ў гараджан. Часта тут можна ўбачыць малодшых школьнікаў, сем’і з дзецьмі: бацькі ацанілі абсталяванне, камфорт і бяспеку лакацыі.
— Разам з тым пляцоўка інклюзіўная, яна вельмі добра падыходзіць для нашых навучэнцаў, — паведаміла дырэктар ЦКРНіР Алена Тасмінская. — З’явіўся такі патрэбны нам аб’ект дзякуючы конкурсу праектаў грамадзянскіх ініцыятыў, які праводзіць Віцебская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Па ўмовах конкурсу, пераможца абавязаны забяспечыць суфінансаванне рэалізацыі ініцыятывы ў памеры не менш за 10%. Прапанове нашага аддзела па адукацыі далі зялёнае святло і забяспечылі фінансавую падтрымку. У выніку летась мы атрымалі цудоўны падарунак. Сапраўды, гэта месца знаёмстваў, сяброўства, актыўнага адпачынку і роўных магчымасцей.
Падрабязней пра работу Гарадоцкага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, раннюю інжынерна-касмічную прафарыентацыю і музейныя знаходкі дзіцячага сада № 1, а таксама незвычайны педагагічны лёс Васіля Сіманковіча — ад настаўніка матэматыкі, заснавальніка студыі бальнага танца да народнага майстра — мы раскажам у “Настаўніцкай газеце” і на партале. Сачыце за публікацыямі!

Наталля Уладзіміраўна Сушко ў размове падкрэсліла рост цікавасці педагогаў раёна да выданняў галіновага медыяхолдынга:
— На працягу доўгага часу выпісваю “Настаўніцкую газету” і часопіс “Народная асвета”. Упэўнена: яны павінны быць пад рукой у кожнага, хто мае дачыненне да педагагічнай дзейнасці. Штораз знаходжу там шмат важнага для сябе.
Актуальная інфармацыя і змястоўныя каментарыі, эфектыўныя методыкі і лепшы вопыт, мастацкае слова і аналітыка — на старонках названых выданняў адлюстроўваецца фактычна ўсё, чым жыве наша прафесійная супольнасць.
Намеснік дырэктара па развіцці Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Людміла Пастарнакевіч уручыла кіраўніку сістэмы адукацыі Гарадоччыны Наталлі Сушко дыплом і каштоўныя прызы за 2-е месца ў конкурсе на лепшую арганізацыю падпіскі на часопіс “Спорт time” ў першым паўгоддзі 2025 года.
Размова не проста пра якасную перыёдыку з цікавай падачай матэрыялаў, якія чытаеш для агульнага развіцця. Адзін з важных складнікаў — практычны, што дае магчымасць адаптаваць пэўную ідэю ці падыход да сваёй работы. Маё меркаванне падзяляюць калегі, і сказанае адносіцца ў тым ліку да часопіса “Спорт time” і інтэрнэт-выданняў медыяхолдынга.
Асобна адзначу газету “Домой”. У нашым раёне функцыянуюць 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, 10 прыёмных і 29 апякунскіх сем’яў. Калі праводзіўся б такі ж конкурс, як і па выніках падпіскі на “Настаўніцкую” і “Спорт time”, то па падпісцы на газету “Домой” мы, думаю, таксама былі б у лідарах.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





